А 4:45 на Вэстэрплятэ загучалі сырэны трывогі. Гэта напамін пра падзеі 1 верасьня 1939-га года, калі тут пачалася першая бітва ІІ сусьветнай вайны. Польскі гарнізон 7 дзён адбіваў атакі гітлераўцаў.
У 77 гадавіну выбуху ІІ сусьветнай вайны прадстаўнікі вышэйшых органаў улады Польшчы, мясцовага самакіраваньня, вайсковае камандаваньне ды сьвятары ўшанавалі памяць герояў абароны Вэстэрпляте ды ўсіх ахвяр вайны.
Прысутны на ўрачыстасьцях прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў, што Гданьск стаў сымбалем мужнасьці ды гераізму польскага народу. Тут пачалася вайна, тут нарадзіўся вызвольны рух “Салідарнасьць”.
Анджэй Дуда: Менавіта тут гісторыя зрабіла кола. У 1939-м годзе вайна, якая пачалася тут на Вэстэрплятэ, пазбавіла нас свабоды. Потым мы здабылі свабоду, дзякуючы высілкам вялікага польскага руху “Салідарнасьці”, які нарадзіўся ў Гданьску дзень перад гадавінай пачатку ІІ сусьветнай вайны ў выніку жнівеньскіх пагадненьняў.
Міністар абароны Польшчы Антоні Мацярэвіч заявіў, што палякі мужна змагаліся з ворагам. Цяперашняе грамадзтва павінна памятаць ды ведаць сапраўдную гісторыю той вайны.
Антоні Мацярэвіч: Той вайны не было б, калі б не расейска-нямецкі хаўрус, калі б не пакт Молатава-Рыбэнтропа, дамоўленасьці паміж Гітлерам ды Сталіным. Гэтую праўду Польшча, Эўропа ды сьвет мусяць заўсёды памятаць. Палякі адрынулі любыя прапановы калябарацыі, залежнасьці ды дамоўленасьці. За гэта палякі заплацілі вялізарнай катастрофай. Цану за мужнасьць ды гераізм мы бачым па сёньняшні дзень на прыкладзе Варшавы.
Удзел ва ўрачыстасьцях узялі прадстаўнікі гданськай ўлады. Мэр горада Павал Адамовіч казаў, што сучаснае грамадзтва павінна памятаць пра тую вайну. Дзеля гэтага ў горадзе ствараецца музэй ІІ сусьветнай вайны.
Павал Адамовіч: Жывая памяць сьведкаў занікае, становіцца часткай нашай спадчыны. Сёньня мы нясем адказнасьць за тое, як тое мінулае: гады вайны ды акупацыі, - застанецца ў памяці. Шанец на захаваньне ды месца ў гісторыі мае толькі тое, што жыве ў памяці людзей ды нацыі.
Для Польшчы тая вайна мела катастрафічныя наступствы. Гітлераўскія ды савецкія акупанты масава зьнішчалі палякаў. Афіцыйны паведамляецца пра 6 мільёнаў забітых. Насамрэч колькасьць ахвяр можа быць у два разы большая, заяўляюць у Інстытуце нацыянальнай памяці. Гаворыць намесьнік кіраўніка ІПН Матэвуш Шпытма.
Матэвуш Шпытма: Маштаб тэрору падчас ІІ Сусьветнай вайны, маштаб вынішчэньня быў настолькі вялізарны, што ані польскае падпольле, ані паваенныя ўлады не былі ў стане ідэнтыфікаваць усіх забітых. Не было сыстэмных дасьледаваньняў па гэтым пытаньні. Так нарадзілася ідэя, каб сабраць прозьвішчы ўсіх, хто загінуў.
Вось ужо дзесяць год інстытут вядзе спэцыяльную праграму, якая зьбірае зьвесткі пра ўсіх забітых ды рэпрэсіраваных палякаў падчас ІІ сусьветнай вайны.
Юры Ліхтаровіч