23 жніўня мінае 77 гадоў з дня падпісаньня пакту Молатава-Рыбэнтропа. Гэта была дамова паміж нацысцкай Нямеччынай і Савецкім Саюзам, падпісаная ў 1939 годзе ў Маскве. Фармальна гэта быў пакт аб ненападзеньні паміж дзяржавамі. А насамрэч ён меў на мэце абмежаваньне сувэрэнітэту або пазбаўленьне свабоды Польшчы, Летувы, Латвіі ды Эстоніі, а таксама Фінляндыі і Румыніі.
Нямеччына і СССР падзялілі Цэнтральную і Ўсходнюю Эўропу на свае зоны ўплываў, а Польшчу цалкам разьдзялілі паміж сабой.
Старшыня Цэнтра Хартыя Збігнеў Глюза адзначае, што Польшча зьяўляецца той краінай, якая панесла вельмі вялікія страты з-за нямецкага і савецкага таталітарызму. Паводле меркаваньня Глюзы, немагчыма ахапіць словамі ўсе страты й пакуты, перанесеныя палякамі, а сьвет пра іх ня ведае.
З.Глюза: Гэты дзень – 23 жніўня – вызначыў маштаб рэпрэсій. Да гэтай пары самі палякі ня ведаюць, наколькі гэтыя рэпрэсіі былі жудаснымі, а яны былі сапраўды неймаверна жудаснымі. За гады пасьля падпісаньня Пакту Молатава-Рыбэнтропа кожны 3-ці грамадзян Польшчы быў рэпрэсаваны. Гэта значыць, што цэлае грамадзтва было зьменена мэнтальна, альбо зьнішчана яго вялікая частка. Мы павінны аддаць гонар гэтым людзям.
Цэнтар Хартыя разам з Інстытутам нацыянальнай памяці ў верасьні выдадуць новы альбом, які паказвае акалічнасьці і памер наступстваў пакту Молатава-Рыбэнтропа. Збігнеў Глюза зазначае, што гэтую тэму неабходна дакладна расьсьледаваць і пашыраць веды пра яе ў грамадзтве.
З.Глюза: Гэта, бясспрэчна, ключавая падзея ў гісторыі Польшчы, якая вырашыла пра ход здарэньняў і распачала Другую сусьветную вайну. Акрамя гэтага, пакт Молатава-Рыбэнтропа вырашыў пра кшталт пасьляваеннай Эўропы і пра нашую залежнасьць ад саветаў. У нашай гісторыі гэта трагічны момант, непасрэдным наступствам якога быў, хіба што, найгоршы дзень нашай гісторыі – 17 верасьня – напад СССР на Польшчу. Я лічу, што гісторыя пакту Молатава-Рыбэнтропа дагэтуль поўнасьцю не раскрытая.
З году ў год зьмяншаецца колькасьць людзей, якія могуць расказаць пра зьдзекі акупантаў. «Дом сустрэч з гісторыяй у Варшаве» запісвае і распаўсюджвае расказы сьведкаў тых гістарычных падзей. Сярод іншага аповед былога вязьня гітлераўскага канцлягера Леона Цэгляжа.
Л.Цэгляж: У маю кватэру ўварваліся двое жандараў з вінтоўкамі і забралі мяне ў зборны пункт. Забіралі ўсіх: настаўнікаў, зямных уласьнікаў, аптэкара, ксяндза. Я пацалаваў пальчыкі майго сына, якому было чатыры месяцы, разьвітаўся з жонкай, бо не хацеў, каб яна мяне праводзіла ў гэты зборны пункт, дзе была жандармэрыя.
У гадавіну Пакту Молатава–Рыбэнтропа ў 2008 годзе Эўрапейскі парлямэнт вызначыў 23 жніўня Эўрапейскім днём памяці ахвяр таталітарных рэжымаў. Задачай гэтага дня зьяўляецца нагадваць злачынствы дваццатага стагодзьдзя.
Сёлета сьвяткаваньне Эўрапейскага дня памяці ахвяр таталітарных рэжымаў арганізуе Славаччына, якая цяпер старшынствуе ў Эўразьвязе. А днём раней заяву апублікавала Эўрапейская камісія.
Б.Пламэцка, карэспандэнтка Польскага радыё ў Брусэлі: Камісары прыгадалі Пакт Молатава-Рыбэнтропа. Напісалі, што гэта быў адзін з найбольш трагічных пэрыядаў найноўшай гісторыі нашага кантынэнту, які прынёс дэпартацыі, катаваньні і сьмерць мільёнаў людзей, якія жылі пад таталітарнымі рэжымамі. «Канец Другой сусьветнай вайны прынёс паразу нацысцкага рэжыму, аднак многія эўрапейцы дзяржаў Цэнтральна-ўсходняй Эўропы ў далейшым працягвалі пакутаваць ад іншых таталітарных рэжымаў», – напісана ў заяве. Камісары зазначылі таксама, што свабода і незалежнасьць не зьяўляюцца непарушнымі, і таму абарона гістарычнай памяці і заангажаванасьць на карысьць дэмакратыі, асноўных правоў і прававой дзяржавы вельмі важныя ў цяперашні час. Заяву падпісалі намесьнік старшыні Эўракамісіі Франс Цымэрманс з Нідэрляндаў, чэская камісар, адказная за справядлівасьць і вугорскі камісар па справах адукацыі ды культуры.
У сувязі з тым, што Славаччына арганізуе галоўныя ўрачыстасьці Эўрапейскага дня памяці ахвяр таталітарных рэжымаў, у панядзелак у Братыславе былі ўскладзеныя кветкі ля сымбалічных Варот свабоды ў Палацы ў Дэвіне. Блізу гэтага месца праходзіла мяжа паміж Чэхаславаччынай і Аўстрыяй. А сёньня ў сталіцы Вугоршчыны ў Будапэшце адбыўся ўрачысты марш ад Помніка Галакосту да «Дома тэрору», у якім знаходзілася турма сталінскай палітычнай паліцыі.
Ва ўрачыстасьцях, зьвязаных з Эўрапейскім днём памяці ахвяр таталітарных рэжымаў штогод удзельнічаюць міністры юстыцыі краін ЭЗ.
яс