Logo Polskiego Radia
Print

Эрдаган адчыняе новы разьдзел у адносінах з Крамлём

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 09.08.2016 15:50
  • Эрдаган адчыняе.mp3
Санкт-Пецярбург стаў месцам сустрэчы ды перамоваў паміж расейскім ды турэцкім прэзыдэнтамі.
Foto:ANATOLY MALTSEV/EPA/PAP

Экспэрты разважаюць, як доўга ўтрымаецца нованароджаны хаўрус.

Уладзімір Пуцін ды Рэджэп Эрдаган сустракаюцца ўпершыню пасьля леташняга прыпыненьня двухбаковых адносін. Разрыў на лініі Масква-Анкара выклікала расейскай апэрацыя ў Сырыі ды турэцкая рэакцыя на яе – туркі зьбілі расейскі вайсковы самалёт.

Масква доўгі час дамагалася прабачэньня ад Анкары. На пачатку году Турэччына выслала ліст, які залагодзіў пазыцыю Крамля. Цяпер бакі рыхтуюцца аднавіць размовы пра газаправод “Турэцкая плынь”, пра інтэнсыфікацыю эканамічнага супрацоўніцтва ды сытуацыю ў Сырыі. Частка расейскіх экспэртаў прагназуе, што дадзеная сустрэча прывядзе да зьмены рыторыкі ды пераходу ад варожасьці да супрацы. Пра гэта на хвалях "Kommersant.FM" заявіў палітоляг Аляксандар Гусеў.

Аляксандар Гусеў: Мы бачым пазытыўны рух з боку Эрдагана ў напрамку Расеі.

Гэтую зьмену расейскія адмыслоўцы тлумачаць пагаршэньнем адносінаў Эрдагана з Захадам. У зьвязку з гэтым цяперашняе пацяпленьне лічаць толькі тактычным крокам. Гаворыць палітоляг Сямён Багдасараў.

Сямён Багдасараў: Турэччына ніколі не адмовіцца ад сяброўства ў НАТО. Таму гэта толькі справа часу, калі Эрдаган будзе змушаны зноў ісьці на збліжэньне з Захадам.

Перад вылетам у Пецярбург турэцкі прэзыдэнт заявіў, што ў двухбаковых адносінах пачынаецца новы разьдзел, які закране вайсковае супрацоўніцтва, эканоміку ды культуру. У адказ Пуцін назваў Эрдагана “сваім сябрам”. Нягледзячы на гэтыя гучныя словы, экспэрты лічаць, што цяперашняе збліжэньне мае выключна тактычны характар. Гаворыць Аляксандра Ярасевіч з Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў у Варшаве.

Аляксандра Ярасевіч: Трэба памятаць, што гэты хаўрус мае тактычны характар, а не стратэгічны. Тут няма ані партнэрства, ані доўгатэрміновага супрацоўніцтва. Гэтыя дзяржавы больш часу варагавалі чым сябравалі. Проста цяпер сабралася пэўная колькасьць спраў, якая іх збліжае. У першую чаргу гэта сырыйскі крызыс, канфлікт у Карабаху ды эканамічна-энэргетычныя пытаньні.

Доктар навук Віктар Рос з Цэнтру усходніх дасьледаваньняў Варшаўскага Ўнівэрсытэту дадае, што моцна на збліжэньне паўплывала эканоміка.

Віктар Рос: Лабісты ды групы інтарэсаў у Расеі зацікаўлены ўтрыманьнем турыстычнага руху на высокім ўзроўні. Большасьць турыстаў у Турэччыне з Расеі, Анкара мае з гэтага вялізарныя даходы. Апроч таго ёсьць інтарэс да супрацоўніцтва ў галіне энэргетыкі. Яшчэ да гэтага трэба дадаць аўтарытарызм абодвух лідараў. Гэта іх збліжае. Раз яны сварацца, а потым зноў мірацца.

Апошняе пагаршэньне адносін паміж Расеяй ды Турэччынай мела месца ў лістападзе 2015-га году. Цяпер гэтыя стасункі паволі наладжваюцца. Аднак пакуль няма гарантый, што цяперашняе пацяпленьне будзе доўгатэрміновым. Бакі проста сутыкнуліся з ўнутранай ды вонкавай сытуацыяй, калі варожасьць больш праблемная, чым супраца, кажа беларускі палітоляг усходазнаўца Сяргей Богдан.

Сяргей Богдан: Вялікага развароту няма, затое ёсьць настолькі жыцьцёвыя патрэбы й для Расеі й для Турэччыны, каб адыйсьці ад канфрантацыі. У першую чаргу ў эканамічным пляне. Яшчэ сытуацыя ў рэгіёне. На мяжы Турэччыны курды змаглі пасьпяхова пры падтрымцы амэрыканцаў пачаў утварэньне Курдыстану. Гэта начны кашмар для Эрдагана.

У Пецярбурзе адбылася сустрэча прэзыдэнтаў Расеі ды Турэччыны. Бакі кажуць пра новы разьдзел ў стасунках, пра адыход ад канфрантацыі на карысьць супрацы.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт