Logo Polskiego Radia
Print

Палякі хочуць ведаць прозьвішчы супрацоўнікаў савецкай бясьпекі

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 04.08.2016 16:00
Польскія гісторыкі працягваюць пошукі месца пахаваньня ахвяраў Аўгустоўскай аблавы.
Крыж у вёсцы Гібы (Giby), прысьвечаны памяці забітых палякаў.Крыж у вёсцы Гібы (Giby), прысьвечаны памяці забітых палякаў.Photo:Radosław Drożdżewski (Zwiadowca21) /pl.wikipedia.org/CC BY-SA 3.0

У верасьні пракурор Збігнеў Кулікоўскі зь Беластоцкага аддзела Інстытута нацыянальнай памяці, які праводзіць сьледзтва па справе Аўгустоўскай аблавы, накіруе запыт аб прававой дапамозе ў пракуратуру Расейскай Фэдэрацыі. Польскія сьледчыя шукаюць інфармацыі аб савецкіх функцыянэрах, якія ўдзельнічалі ў Аўгустоўскай аблаве, паведамляе выданьне „Rzeczpospolita”.

Як кажа кіраўнік Сьледчага ўпраўленьня беластоцкага інстытута Януш Раманчук, польскі бок хоча даведацца, ці гэтыя асобы яшчэ жывыя, а калі так, то дзе яны жывуць. Польскія сьледчыя маюць надзею знайсьці людзей, якія ўнясуць нешта новае ў сьледзтва па справе забойства прадстаўнікоў польскага незалежніцкага падпольля на Сувальшчыне ў ліпені 1945 году, якое называюць Аўгустоўскай аблавай.

Інстытут нацыянальнай памяці зь Беластоку ўжо неаднойчы зьвяртаўся ў расейскую пракуратуру з просьбай аб дапамозе ў гэтай справе. Адказ заўсёды быў адмоўны. Расейскі бок заяўляе, што інфармацыя, якой патрабуюць палякі, можа паставіць пад пагрозу бясьпеку Расейскай Фэдэрацыі.

Чаму ў такім выпадку польскія сьледчыя зноў будуць зьвяртацца ў Расею па гэтай справе? Гаворка ідзе пра тое, што нядаўна зьявіліся доказы ўдзелу ў Аўгустоўскай аблаве жаўнераў 50-й Арміі ІІІ Беларускага фронту. Польскія гісторыкі знайшлі на сайце Міністэрства абароны Расеі тысячы дакумэнтаў, якія апісваюць ход аблавы, а таксама дадзеныя канкрэтных камандзіраў і жаўнераў, якія прымалі ўдзел у злачынстве.

Ужо некалькі гадоў пракурор Збігнеў Кулікоўскі шукае месца пахаваньня ахвяраў Аўгустоўскай аблавы. Цяпер ён стаў падазраваць, што гэтае месца можа знаходзіцца на польска-беларускім памежжы. Польскія геолягі й картографы, якія аналізавалі аэраздымкі, знойдзеныя ў Цэнтральным ваенным архіве ў Рэмбэртове ля Варшавы, вызначылі на мапе каля 20 гэткіх месцаў на польскім баку мяжы, і яшчэ 60 у Беларусі.

Аднак беларуская пракуратура, у якую зьвярталіся польскія пракуроры, адмовіла ім у дапамозе, нагадае выданьне „Rzeczpospolita”.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт