Logo Polskiego Radia
Print

Паломнікі з усяго сьвету зьязджаюцца ў Кракаў

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 25.07.2016 15:21
  • Паломнікі Кракаў.mp3
У колішняй польскай сталіцы адбудуцца галоўныя ўрачыстасьці Сусьветных дзён моладзі.
Foto: PAP/Darek Delmanowicz

Перад прыездам у Кракаў паломнікі з усяго сьвету знаёміліся з Польшчай ды палякамі. Іх прымалі каталіцкія парафіі ўсёй краіны.

Сёньня найбольш людзей у Польшчы едзе ў Кракаў. Гэта паломнікі, якія прыехалі на Сусьветныя дні моладзі. Арганізатары кажуць, што ў панядзелак у сталіцу Малапольшчы прыедзе траціна ўсіх зарэгістраваных на сустрэчу з Папам Рымскім.

Паломнікі з замежжа ўжо некалькі дзён у Польшчы. Перад ад’ездам у Кракаў яны гасьцявалі ў парафіях з усёй Польшчы. Напрыклад, амэрыканцы з парафіі Сан Бэрнардзіна ў Каліфорніі былі ў гасьцях у варшаўскай парафіі Касьцёла Хрытса Збаўцы. Перад выездам у Кракаў на сустрэчу з Пантыфікам, яны зладзілі ўрачыстае разьвітаньне з гаспадарамі.

Адна з амэрыканак Джызабэль Канціна падкрэсьліла, што з жалем зьяжджае з Варшавы.

Джызабэль Канціна: Усё было надзвычайна. Людзі ў Варшаве прыгожыя ды мілыя. Мне ня хочацца зьяжджаць, але мяне чакае Кракаў ды сустрэча з Папам Рымскім. Мне шкада расставацца зь людзьмі з тутэйшай парафіі. Яны прынялі нас як блізкіх. Аднак мы мусім рыхтавацца да ад’езду. Я шчасьлівая, што еду ў Кракаў, ды смуткую, што мушу зьяжджаць адсюль. Мне тут вельмі спадабалася.

Валанцёры, якія працавалі з замежнымі гасьцямі, кажуць, што сапраўды тут панавала сямейная атмасфэра.

Антаніна: Для мяне тыя мясьціны Сан Бэрнандзіна – гэта як дом. Толькі тыдзень мы правялі разам, але моцна зжыліся, бо вера нас усіх спалучыла.

Ксёндз Пётр Рымуза з парафіі Хрыста Збаўцы зазначыў, што палякі ды замежныя госьці шмат чаму навучыліся.

Пётр Рымуза: Кожная парафія мае свой досьвед ды эмоцыі ў залежнасьці ад таго, адкуль была група. Наша група прыехала з памежжа ЗША й Мэксыкі. Многія казалі, што хацелі б, каб Сусьветныя дні моладзі абудзілі ў іх грамадзтве новыя сьвятарскія пакліканьні. Яны казалі, што гэтага ім не хапае. Будучы ў Польшчы, яны ўбачылі, што ў нас шмат сьвятароў. У нашай парафіі, напрыклад, 9. У іхніх умовах гэта некалькі парафій разам.

Сёньня ў Кракаў паехалі госьці Сусьветных дзён моладзі, якія гасьцявалі ў варшаўскім мікрараёне Влохы. Гэта група шасьцідзесяці кітайцаў. Яна заявілі, што хацелі прыехаць у Польшчу, бо тут нарадзіўся былы пантыфік св. Ян Павал ІІ. Гаворыць Тэрэза з Кітая.

Тэрэза: Папа Рымскі Ян Павал ІІ шмат падарожнічаў па Азіі, а цяпер мы змаглі прыехаць у Польшчу. Я спадзяюся, што мы й нашы будучыя пакаленьні будзем адной вялікай сям’ёй.

На Сусьветныя дні моладзі ў Кракаў едуць людзі з усяго сьвету. Найбольшыя групы з Польшчы, Італіі, Гішпаніі, Бразыліі ды Партугаліі. Аднак ёсьць і паломнікі зь вельмі экзатычных краін. Напрыклад, з Зімбабве на СДМ прыехала ажно 200 чалавек. У Польшчу іх прывяло жаданьне паглыбіць сваю веру, кажа адзін з зімбабвійцаў.

Мы ехалі два дні, з перасадкай у Рыме. Мы прыехалі, каб навучыцца больш пра нашу рэлігію ды паглыбіць нашу веру.

Сусьветныя дні моладзі пройдуць у Кракаве 25-31 ліпеня. Урачыстае адкрыцьцё сёньня а 17-й гадзіне.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт