Путч у Турэччыне: прыніжанае войска выйшла на вуліцы
PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz
16.07.2016 14:40
У пятніцу турэцкія ўлады заявілі, што ў краіне адбылася спроба дзяржаўнага перавароту.
Foto: PAP/EPA/TOLGA BOZOGLU
Тэму асьвятляе штодзёнка "Gazeta Wyborcza".
А 22 гадзіне ў пятніцу з Анкары прыйшла інфармацыя, што над горадам зьявіліся вайсковыя самалёты, на вуліцы Стамбула выехалі танкі, армія зачыніла аэрапорт імя Ататюрка. Зьявілася паведамленьне, што ўладу ў краіне пераймае войска, каб ратаваць дэмакратыю ды правы чалавека. Аднак журналісты не былі ў стане пацьвердзіць дадзеную інфармацыю. Не было вядома, хто кіруе путчам, і якімі сіламі валодаюць паўстанцы.
У сваю чаргу турэцкі ўрад заявіў, што ў краіне пачаўся вайсковы пераварот ды заклікаў людзей выйсьці на вуліцы ў падтрымку ўладаў. Людзі выйшлі на вуліцы, а войска не страляла. Улады змаглі ўзяць сытуацыю пад кантроль. Прэзыдэнт Эрдаган вярнуўся ў краіну, паліцыя пачала арышты вайскоўцаў.
Выданьне зазначае, што ў Турэччыне мела месца спроба трэцяга вайсковага перавароту. Дагэтуль армія пераймала ўладу ў 1960 і 1980-ч гг., заяўляючы, што палітыкі вядуць краіну на пагібель, зьнішчаючы сьвецкі падмурак дзяржавы, закладзены Атацюркам. Эрдаган быў сьвядомы гэтай сілы войска, калі прыйшоў да ўлады. Ён імкнуўся зьменшыць моц турэцкага войска ды адыходзіць ад сьвецкасьці ў дзяржаве. Пад лёзунгам барацьбы з вайсковай змовай, ён зладзіў вялізарную чыстку, ахвярай якой сталі сотні вайскоўцаў, палітыкаў, журналістаў ды навукоўцаў.
Аднак войска паволі адбудоўвала свае ўплывы, тым больш, што Эрдаган усё мацней закручвай гайкі ўнутры Турэччыны ды ўцягнуў краіну ў сырыйскі канфлікт, Анкара пайшла на пагаршэньне кантактаў з заходнімі саюзьнікамі. Войска нэгатыўна ставілася да гэтых крокаў. Уцягваньне ў вайну ў Сырыі вайскоўцы ўспрымалі як катастрофу. Гэта прывяло да спробы захопу ўлады, піша выданьне.
юл