Пачынаецца адзначэньне гадавіны Грунвальдзкай бітвы
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Natalia  Szymkowiak
                        
                        13.07.2016 16:13
                    
                                 
                
                    
                
                
                    Бальшыню харугваў Вітаўта Вялікага, які разам з польскім войскам перамог крыжакоў, складалі беларусы.
                
                
                    
                        
www.pixabay.com
                     
                
                
                
               
                
                         На Грунвальдзкіх палях пачынаецца цыкл мерапрыемстваў перад суботняй  інсцэнізацыяй вялікай бітвы польскіх і літоўскіх войскаў з арміяй  Тэўтонскага ордэну, якая адбылася ў 1410 годзе. Пад Грунвальд  зьяжджаюцца ўжо рыцары са сваёй зброяй зь некалькіх эўрапейскіх краін.
Імпрэзы  пачаліся спаборніцтвам па стральбе з лукаў у рухомую цэль. Гэта пачатак  Трэціх спаборніцтваў Польшчы «За сярэбраны меч Грунвальда». У чацьвер  рыцары правераць сілу сваіх рук у спаборніцтвах сілачоў, пазьней будзе  чэмпіянат Польшчы ў рыцарскіх баях. У ім возьмуць удзел каманды па 16  чалавек.
У сваю чаргу ў пятніцу – генэральная рэпэтыцыя перад суботняй перамогай польска-літоўскіх харугваў над крыжакамі. Тыя гледачы, якія надта эмацыйна  падыходзяць да гэтай падзеі, змогуць супакоіць нэрвы, разыгрываючы  партыю сярэдневяковых шахмат. Рыцары змогуць таксама пабратацца з  наведвальнікамі, граючы разам з імі ў гульню, якая называецца «пэтанк». Цыкл гістарычных імпрэз завершыцца рыцарскім турнірам.
Акрамя  рыцараў зь Беларусі, на інсцэнізацыю бітвы зьбіраліся прыехаць  беларускія гледачы, аматары супольнай польска-беларускай гісторыі. На  жаль, не ўдалося сабраць своечасова дастатковую колькасьць жадаючых,  акрамя таго, узьніклі праблемы зь візамі, - распавяла нам арганізатар рэйду Валерыя Чарнаморцава.
Шкада, што ў Беларусі так мала жадаючых акунуцца  ў гісторыю, наведаць інсцэнізацыю гістарычнай падзеі, якая вызначыла  лёс не аднаго эўрапейскага народа. Нагадаем, што бальшыню войска Вітаўта  Вялікага складалі беларусы. У гістарычную традыцыю славянскіх і  прыбалтыйскіх народаў бітва пад Грунвальдам увайшла як сымбаль мужнасьці  і гераізму ў барацьбе.
нг