У апошнія гады ў Польшчы заўважаецца пэўная тэндэнцыя: улады хочуць раскрыць як мага больш сакрэтаў вайны. У першую чаргу гэта тычыцца ваенных злачынстваў. Сёньня ў Польшчы згадваюць пра адну з такіх трагедый – гэтак званую “аўгустоўскую аблаву”. У Беларусі ж імкнуцца не варушыць ваенныя раны.
“Аўгустоўская аблава” лічыцца ў Польшчы нераскрытым злачынствам. Гэта падзеі ліпеня 1945 года, калі атрады НКУС ды Смерш СССР пачалі на тэрыторыі Сувальшчыны шырокую апэрацыі зачысткі гэтага раёну. У выніку апэрацыі былі затрыманыя 8 тыс. чалавек. Зь іх 600 ніколі не вярнуліся дадому, а іх лёс дагэтуль невядомы. Інфармацыя пра гэтыя падзеі доўгі час замоўчвалася. Нядаўна Інстытут нацыянальнай памяці (ІНП) Польшчы знайшоў новыя дакумэнты па гэтай справе. Гаворыць намесьнік старшыні Інстытута нацыянальнай памяці Польшчы Павал Укельскі.
Павал Укельскі: Дакумэнты пацьвярджаюць факт удзелу ў аблаве рэгулярных часьцей у вялікай колькасьці - гэта каля 40 тысяч жаўнераў. Вядомыя сталі характарыстыкі ахвяр, напрыклад, каго трэба было затрымліваць у першую чаргу. Вельмі дакладна апісаная хада апэрацыі, гэта была вельмі дакладна заплянаваная шматэтапная акцыя.
Польскія дасьледчыкі мяркуюць, што савецкія ўлады імкнуліся да зьнішчэньня жаўнераў польскіх незалежніцкіх фармаваньняў, у тым ліку Арміі Краёвай. Мяркуецца, што затрыманых расстралялі. На доўгі час страх запанаваў у рэгіёне, гаворыць гісторык Вальдэмар Вільчэўскі зь беластоцкага аддзяленьня ІНП.
Вальдэмар Вільчэўскі: Апэрацыя праводзілася на тэрыторыі 4 раёнаў сучаснай Польшчы, яе цэнтрам быў Аўгустаў. Гэта была вялізарная апэрацыя. У савецкіх дакумэнтах яна апісваецца як вайскова-чэкісцкая. Мэта – вынішчыць людзей, зьвязаных з Арміяй Краёвай. Ім гэта ўдалося. Страх, які перажылі тады жыхары згаданых тэрыторый, трымаўся доўгія гады.
Пры расьсьледаваньні дадзенай справы польскі бок зьвяртаўся з просьбай аб дапамозе да Беларусі. Ішлося пра арганізацыю археалягічных раскопак у месцах магчымых расстрэлаў. Польскія дасьледчыкі назвалі 60 патэнцыйных месцаў пахаваньня ў ваколіцах Калеты. Беларускія ўлады адхілілі дадзеную просьбу, матывуючы “пагрозай сувэрэнітэту ды бясьпекі Беларусі”. Мы запыталіся пра тое, як успрымаюць у Беларусі “аўгустоўскую аблаву” гісторыка, кандыдата гістарычных навук, аўтара парталу “Гістарычная праўда” Ігара Мельнікава.
Ігар Мельнікаў: Гэта вельмі актуальная справа, яна мае да Беларусі поўнае дачыненьне. Па-першае, таму што яна закранула ня толькі палякаў, але й беларусаў, ураджэнцаў Беларусі. Гэта бачна і ў дакумэнтах. Зь беларускай гісторыі тэма аўгустоўскай аблавы выкінутая ды забытая. У падручніках яна не згадваецца, а калі й ёсьць дзе згадка, то толькі як польская праблема. Насамрэч гэта была стратэгічна важная тэрыторыя для савецкага боку, які яе зачысьціў, і толькі потым перадаў палякам. Беларускі бок таксама павінен заняцца вывучэньнем гэтай гісторыі.
Аднак у Беларусі кансэрватыўна ставяцца да падзеі, якія паказваюць у нэгатыўным сьвятле савецкія ўлады. Афіцыйны Менск імкнецца замоўчваць тэмы злачынстваў Вялікай Айчыннай вайны, кладучы націск на перамогу над гітлераўцамі. Пры гэтым улады ды грамадзтва забываюць пра сапраўдныя трагедыі людзей, дадае экспэрт.
Ігар Мельнікаў: Увогуле ўсё, што зьвязана з кантэкстам пачатку й канца Другой сусьветнай вайны, 1939-м годам, вайной, лічыцца небясьпечным. Афіцыйныя ідэолягі падыходзіць кансэрватыўна да ўсяго, што не зьяўляецца савецкай гісторыяй. Кантралюецца тое, каб аніякіх антысавецкіх акцэнтаў не праходзіла. Гэта глупства, бо сталінскія злачынствы зьдзяйсьняла не цяперашняя беларуская ўлада, і ў гэтым не вінаватае беларускае грамадзтва, а беларусы таксама былі там ахвярамі. На жаль, яшчэ няма такога ўсьведамленьня.
12 ліпеня ў Польшчы адзначаецца гадавіна трагічных падзей - “аўгустоўскай аблавы”. Гэта лічыцца нераскрытым злачынствам вайны. Тэма нераскрытых злачынстваў вайны актуальная й для Беларусі, аднак яна ўладамі адкладваецца.
Юры Ліхтаровіч