Logo Polskiego Radia
Print

Памежная і берагавая варта будуць створаны ў ЭЗ

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 07.07.2016 14:08
Рашаючым імпульсам дзеля гэтага стаў іміграцыйны крызыс.
pixabay.com

Дэпутаты Эўрапарлямэнту зацьвердзілі плян стварэньня Эўрапейскай памежнай і берагавой варты – піша «Gazeta Wyborcza». Яна павінна ахоўваць вонкавыя межы ЭЗ, галоўным чынам перад наплывам імігрантаў.

Пра сумесную варту ў Эўропе пачалі казаць яшчэ ў часы Гельмута Коля і Франсуа Мітэрана, але сябры ЭЗ чвэрць стагодзьдзя не маглі дамовіцца, паколькі межы – гэта сымбаль іх сувэрэнітэту. Рашаючым імпульсам стаў іміграцыйны крызыс.

У склад памежнай варты, якая будзе створана на базе агенцтва Фронтэкс, увойдзе 1500 чалавек, у тым ліку 100 палякаў. Калі нейкая краіна, якая зьяўляецца вонкавай у зьвязе, ня зможа сама справіцца з хваляй імігрантаў, варта пашле ёй на дапамогу сваіх людзей. Акрамя таго, варта акажа падтрымку ў дэпартацыі нелегальных мігрантаў. Дапамога на вонкавых межах можа аказацца патрэбнай таксама ў выпадку арганізаванай злачыннасьці.

Эўрапейскі парлямэнт галасаваў учора над тэкстам, які быў раней абмеркаваны з дзяржавамі Эўразьвязу, таму адабрэньне яго ў Радзе ЭЗ стане толькі фармальнасьцю. Варта павінна быць гатовая да дзейнасьці ўжо восеньню гэтага году. У дэбатах пасьля выхаду Вялікабрытаніі з ЭЗ, часта паяўляецца пытаньне, як абараніць Эўропу ад вонкавых пагроз і ахоўваць межы. Нягледзячы на тое, што варта ЭЗ – гэта большая цэнтралізацыя ўлады, то і так краіны Вышаградзкай групы, у тым ліку Польшча, падтрымалі гэтае рашэньне.

Gazeta Wyborcza/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт