Logo Polskiego Radia
Print

Зьезд шматдзетных сем'яў "3+"

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 21.06.2016 10:10
Дзяржава сур’ёзна зацікавілася лёсам вялікіх сем’яў, аднак хацелася б большага.
Zdjęcie ilustracyjneZdjęcie ilustracyjnewww.pixabay.com

Каля тысячы дарослых разам зь дзецьмі прыехала ў мінулыя выходныя ў мясцовасьць Гнезна на Ўсепольскі зьезд вялікіх сем’яў. Удзельнікі цешыліся, што дзяржава ўрэшце рэшт сур’ёзна зацікавілася лёсам вялікіх сем’яў і прымае канкрэтныя захады з мэтаю аблегчыць жыцьцё бацькоў зь дзецьмі. Аднак хацелася б большага.

Польскі ўрад прыняў праграму 500+, у рамках якой сем’і атрымліваюць па 500 злотых на кожнае другое і наступнае дзіця (а таксама на першае пры нізкім узроўні даходаў). Цяпер шматдзетныя прапануюць, каб кіруючыя эліты падумалі таксама пра маці, якія адмаўляюцца ад прафэсійнай дзейнасьці дзеля гадаваньня патомства. Такія жанчыны застаюцца практычна бяз пэнсіі на старасьць. Сёньня нараджэньне дзіцяці проста не аплачаваюцца ў эканамічным сэнсе. Улады хацелі б гэта зьмяніць, каб у большасьці польскіх сем’яў было не адно дзіця, а як мінімум двое, - адзначае віцэ-мністар сям’і, сацыяльнай палітыкі і працы Барташ Марчук.

Б. Марчук: Неабходна разьвіваць розныя паслугі, якія дазволяць спалучаць ролю працаўніка і бацькоўскія абавязкі. Наймальнікі павінны атрымліваць прывілеі, калі прымаюць на працу бацькоў, у якіх вялікая колькасьць дзяцей. Важнае таксама эфэктыўнае абслугоўваньне ў сыстэме аховы здароўя, эфэктыўная пэнсійная сыстэма, разьвітая сетка дашкольна-апякунчых устаноў для дзяцей.

На працягу доўгіх гадоў у Польшчы складваўся адмоўны стэрэатып шматдзетнай сям’і. У грамадзтве пераважала меркаваньне, што такія сем’і ў вялікай ступені гадуюць дзяцей не таму, што ў іх адпаведны сьветапогляд, а таму, што не ўмеюць або ня хочуць пацікавіцца пытаньнем магчымасьці рэгуляваць нараджальнасьць. Шматдзетныя разглядаліся ў рамках паталёгіі. Гэты стэрэатып мяняецца, - гаворыць старшыня Зьвязу вялікіх сем’яў Яанна Крупска.

Я. Крупска: Нас усё часьцей бачаць ня толькі ў якасьці паталёгіі, але таксама ў якасьці добрага спосабу пражыць жыцьцё. У такім жыцьці неабходна вырашаць шматлікія праблемы, але яно прыносіць канкрэтныя плады, якія даюць нам радасьць.

Шматдзетныя сем’і павінны спраўляцца ня толькі са штодзённымі справамі, звязанымі з выхаваньнем дзяцей. Многія з іх маюць матэрыяльныя праблемы, калі трэба купляць прадукты харчаваньня ў гуртовых колькасьцях. Але самая сур’ёзная праблема – кватэрнае пытаньне, - падкрэсьлівае старшыя Зьвязу вялікіх сем’яў у Вялікапольшчы Шыман Вытыкоўскі.

Ш. Вытыкоўскі: Калі хтосьці засноўвае сям’ю, то ён ня ведае, ці ў яго будзе шмат дзяцей. І таму як правіла купляе малую танную кватэру. А пазьней нараджаецца ўсё больш дзяцей, памяшканьне неабходна мяняць на большае. А пазьней, калі дзеці вырастаюць, зьяжджаюць з дому, то зноў кватэра не адказвае нашым патрэбнасьцям, яна надта вялікая, зноў трэба яе мяняць. У нашай сыстэме жыльлёвага будаўніцтва вельмі цяжка шматдзетнай сям’і знайсьці адпаведную кватэру для сябе на розных этапах жыцьця. Я спадзяюся, што гарадзкія ўлады, у прыватнасьці, Познані, падумаюць пра нас. Аднак у малых мясцовасьцях цяжэй вырашыць гэтую праблему.

Праграма 500+ зьяўляецца рэальнай падтрымкай вялікіх сем’яў, хаця пакуль што цяжка ацаніць, ці гэтая дапамога будзе дастатковай, паколькі праграма пачала дзейнічаць у красавіку, а далёка ня ўсе бацькі атрымалі ўжо грошы. Справаздача, якая ацэньвае сытуацыю шматдзетных сем’яў, сьведчыць аб тым, што самая вялікая праблема вялікіх сем’яў – матэрыяльныя нястачы. Добра, што вялікія сем’і трапілі ў фокус зацікаўленьня дзяржавы, і што мяняецца стэрэатып успрыманьня шматдзетнасьці, - гаворыць віцэ-міністар Барташ Марчук.

Б. Марчук: Да гэтае пары палітыка дзяржавы слаба факусіравалася на шматдзетных сем’ях Праўда, у асноўным законе ёсьць палажэньне пра тое, што вялікія сем’і павінны быць ахоплены асаблівай увагай, але на практыцы гэта не пацьвярджалася. Напрыклад, падчас запісу ў садок прывілеі атрымлівалі розныя групы, скажам, дзеці настаўнікаў, а дзяцей са шматдзетных сем’яў не было. Аднак самае важнае – што мяняецца падыход да шматдзетнасьці. На такія сем’і перастаюць глядзець як на групу, якая можа быць крыніцай праблем, што гэта пасыўныя людзі, цемрашалы. A насамрэч гэта актыўныя і працавітыя людзі.

У шматдзетных сем’ях жыве амаль 3,5 мільёна палякаў, кожнае чацьвёртае дзіця гадуецца ў такой сям’і. Каля 36% апытаных бацькоў шматдзеных сем’яў кажа, што яны могуць прыняць рашэньне пра чарговае дзіця, калі палепшыцца іх матэрыяльны статус. Гэта азначае, што дзякуючы праграме 500+ можа нарадзіцца каля 200 тыс. дзяцей.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт