Увечары ў нядзелю Сі Цьзіньпін (Xi Jinping) прыбыў у Варшаву. Гэта першы за апошнія 12 гадоў афіцыйны візыт прэзыдэнта Кітая ў Польшчу. Сі Цьзіньпін сустракаецца ў Варшаве з прэзыдэнтам Анджэем Дудам, прэм'ер-міністрам Бэатай Шыдла, сьпікерамі Сэйму й Сэнату: Марэкам Кухціньскім (Marek Kuchciński) і Станіславам Карчэўскім (Stanisław Karczewski).
У другой палове заплянаваны ўдзел кіраўнікоў дзяржаваў у Міжнародным форуме Шаўковага шляху й Польска-кітайскім форуме рэгіёнаў. Лідары таксама сымбалічна адкрыюць чыгуначны маршрут Кітай-Эўропа з новым лягатыпам „Railway Express”.
Сёньня ў Варшаве прэзыдэнты Польшчы й Кітая падпісалі пагадненьне аб усебаковым стратэгічным партнэрстве паміж дзьвюма краінамі. Гэта чарговы крок у напрамку пашырэньня адносін паміж Польшчай і Кітаем.
Адной з асноўных мэтаў польскага боку зьяўляецца скарачэньне розьніцаў у гандлі паміж дзьвюма краінамі, нагадвае віцэ-прэм’ер і міністар разьвіцьця Матэвуш Маравецкі (Mateusz Morawiecki).
Матэвуш Маравецкі: Супрацоўніцтва з Кітаем можа закрануць розныя галіны, пачынаючы ад павелічэньня экспарту сельскагаспадарчых і аграхарчовых прадуктаў. Нагадаю, Кітай – гэта найбуйнейшы рынак сьвету. Мы бярэм пад увагу таксама экспарт электратэхнікі, тэхнікі й мэблі.
Міністар з Канцылярыі прэзыдэнта Польшчы Кшыштаф Шчэрскі (Krzysztof Szczerski) падкрэсьліў, што візыт старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі пацьвярджае новае адкрыцьцё, якое адбылося ў польска-кітайскіх адносінах падчас візыту прэзыдэнта Анджэя Дуды ў Кітай восеньню мінулага году. Міністар Шчэрскі зьвярнуў увагу на факт, што адказ кітайскага лідара на той візыт прыйшоў вельмі хутка.
Кшыштаф Шчэрскі: Гэты жэст сьведчыць пра тое, што Польшча зьяўляецца для Кітая адной з самых важных краін Эўропы й адным з найважнейшых партнэраў на шляху Кітай-Эўропа. Нагадаю – гэта стратэгічны эканамічны праект Кітая. Зводзіцца ён да стварэньня новага сухапутнага шляху, які дзякуючы чыгуначным зносінам, а таксама інвэстыцыйным і інфраструктурным праектам спалучыць Кітай і кантынэнтальную Эўропу.
У мінулым годзе гандаль паміж Польшчай і Кітаем дасягнуў 25 млрд. даляраў. Тым ня менш, экспарт польскіх тавараў у Кітай надалей у дзесяць разоў меншы, чым імпарт з гэтай краіны. Таму польскі бок спадзяецца, што цяперашні візыт старшыні КНР стане імпульсам для павелічэньня эканамічнага супрацоўніцтва.
Патэнцыял такога супрацоўніцтва вялікі, але да гэтага часу ён ня ў поўнай меры выкарыстаны, - кажа начальнік эканамічнага аддзела пасольства Польшчы ў Пэкіне Ялянта Іваніцка (Jolanta Iwanicka).
Ялянта Іваніцка: Адкрыцьцё кітайскага рынку на нашыя прадукты – гэта абсалютны прыярытэт нашай супрацы. Другі прыярытэт – гэта павелічэньне ўзроўню кітайскіх інвэстыцыяў у Польшчы. На жаль, абедзьве гэтыя галіны патрабуюць значнай падтрымкі.
Польшча – гэта адзіная краіна з Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы, якая зьяўляецца членам Азіяцкага банка інфраструктурных інвэстыцыяў. Гэта таксама шанец, які могуць выкарыстаць польскія кампаніі, дадае Іваніцка.
Ялянта Іваніцка: Заангажаваць нашыя кампаніі ў праекты, якія знаданы банк будзе рэалізаваць у краінах Цэнтральнай і Паўднёва-Ўсходняй Азіі – гэта была мэта сяброўства ў гэтым банку.
У 2015 годзе кошт экспарту аграхарчовай прадукцыі з Польшчы ў Кітай склаў усяго крыху больш за 127 млн эўра. У Кітай палякі экспартуюць у асноўным малочную сыроватку, мяса птушкі, шакалад, сыропы й малако.
Падчас візыту старшыні КНР у Польшчу плянуецца падпісаць 40 гандлёвых пагадненьняў і двухбаковых дамоваў. Віцэ-міністар разьвіцьця Радаслаў Дамагальскі (Radosław Domagalski) зьвяртае ўвагу на самае важнае пагадненьне з кітайскім Міністэрствам эканомікі.
Радаслаў Дамагальскі: Гэта будзе вельмі амбітнае пагадненьне, якое ў будучыні дазволіць нам падрыхтаваць біцнэс-мадэлі для рэалізацыі розных праектаў, напрыклад, у галіне інфраструктуры й энэргетыкі.
Між іншым, у ходзе візыту будзе падпісаны пратакол аб фітасанітарных патрабаваньнях адносна экспарту польскіх яблыкаў у Кітай. Іншы важны дакумэнт – гэта ліст аб намерах, датычны гэтак званай рэгіяналізацыі, які падпішуць польскае Міністэрства сельскай гаспадаркі й кітайскае Ўпраўленьне па справах якасьці, інспэкцыі й каранціну. Менавіта гэты дакумэнт павінен адкрыць шлях для вяртаньня польскай сьвініны на кітайскі рынак.
Аднак пры нагодзе візыту кітайскага лідара ў Польшчу падымаюцца таксама пытаньні, датычныя правоў чалавека. „Польшча павінна разьвіваць эканамічныя адносіны з Кітаем, але й не забываць пра парушэньні правоў чалавека, якія адбываюцца ў гэтай краіне”, - лічаць падпісанты адкрытага ліста да польскіх уладаў, у тым ліку прадстаўнікі антыкамуністычнай апазыцыі ў Польшчы.
Ганна Шэн (Hanna Shen), журналістка выданьня „Gazeta Polska Codziennie” нагадае, што многія замежнікі ў гады камунізму ангажаваліся ў дапамогу прадстаўніком апазыцыі ў Польшчы.
Ганна Шэн: Я думаю, што гэта наш абавязак дапамагаць тым, якія падвяргаюцца перасьледу. Гэты ліст зьяўляецца вынікам салідарнасьці з тымі, каго цяпер перасьледуюць у Кітаі.
Дыскусіі на тэму сытуацыі з правамі чалавека ў Кітаі Пэкін лічыць умяшальніцтвам ва ўнутраныя справы гэтай краіны. Тым ня менш, кітайскія ўлады працягваюць з многімі краінамі дыялёг, у тым ліку па пытаньнях правоў чалавека. На думку шматлікіх міжнародных грамадзкіх арганізацый, рэпрэсіі ў Кітаі закранаюць многіх актывістаў, дзеячаў і адвакатаў.
Нагадаем, доля Кітая ў сусьветным ВУП складае 12%. Паднябесная адказвае за 30% глябальных інвэстыцый. Эканоміка Кітая вырасла ў мінулым годзе амаль на 7%, то бок яна павялічылася на эквівалент, напрыклад, усёй эканомікі Турэччыны.
ФОТА:PAP/Jacek Turczyk
аз