Logo Polskiego Radia
Print

Польшча шукае падтрымку ў скандынаваў

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 10.06.2016 15:31
  • Польшча шукае падтрымку.mp3
Завяршыўся афіцыйны візыт прэзыдэнта Польшчы ў Данію.
Fota: PAP/Jacek Turczyk

Бакі размаўлялі пра супрацу ў энэргетыцы ды салідарнасьць у рамках NATO.

Кіраўнік польскай дзяржавы Анджэй Дуда завяршае афіцыйнае падарожжа па Скандынавіі. Пасьля афіцыйнага візыту ў Нарвэгію прэзыдэнт Польшчы наведаў Данію. Польская дэлегацыя ўзяла ўдзел у двухбаковым бізнэс-форуме ды сустрэлася з прадстаўнікамі польскай меншасьці. Таксама ў рамках візыту адбыліся перамовы польскага прэзыдэнта з дацкім прэм’ер-міністрам.

Адно з пытаньняў, якое абмяркоўвалася, датычыла супрацы ў галіне энэргіі. Варшава прапаноўвае датчанам супрацоўніцтва пры рэалізацыі праекту газаправоду Baltic Pipe з Нарвэгіі праз Данію ў Польшчу. У Капэнгагене Анджэй Дуда заявіў, што ў Польшчы хацелі б, каб пастаўкі газу пачаліся цягам бліжэйшых пяці гадоў. Такую пэрспэктыву ў Варшаве лічаць аптымальнай, сказаў прэзыдэнт Польшчы.

Анджэй Дуда: Магчымасьць арганізацыі паставак газу з нарвэскага шэльфу праз Данію ў Польшчу найпазьней у 2022-м году мы лічым найбольш аптымальнай.

Дацкі бок быў больш стрыманы. Датчане не сказалі “не”, але пакуль не гатовыя сказаць “так”. Афіцыйны Капэнгаген заявіў, што чакае разьлікаў экспэртаў. Гаворыць прэм’ер-міністар Даніі Лярс Локе Расмусэн.

Лярс Локе Расмусэн: Я бачу патэнцыял. Мы мусім цяпер зірнуць на дэталі ды вярнуцца да канчатковага рашэньня. Я думаю, што трэба пачакаць экспэртызаў, каб вызначыцца, ці ёсьць тэхнічны ды бізнэс-фундамэнты ў дадзеным праекце. Пасьля атрыманьня ацэнкі мы абмяркуем рашэньне.

Больш канкрэтна дацкія ўлады камэнтавалі надыходзячы саміт NATO ў Варшаве. Прэм’ер Даніі заявіў, што адзінства NATO ў адносінах з Расеяй – гэта будзе адзін з самых моцных сыгналаў будучага саміту.

Лярс Локе Расмусэн: Гэта важна, што мы высылаем сыгнал салідарнасьці, паказваючы расейцам, што мы трымаемся нашых абавязкаў ды падтрымліваем наш хаўрус. Данія будзе працягваць аказваць падтрымку абарончым здольнасьцям Альянса. Сёлета больш за 5 тысяч дацкіх жаўнераў возьме ўдзел ў гарантыйных місіях ды акцыях NATO ў рэгіёне Балтыйскага мора.

У сваю чаргу польскі прэзыдэнт да пытаньня саміту НАТО ў Варшаве вярнуўся яшчэ й падчас адкрытага выступу ў Капэнгагенскім ўнівэрсытэце.

Анджэй Дуда: Патрэбная ня толькі наша прысутнасьць у НАТО, але NATO ў нас, тым больш, што назіраем за пагаршэньнем бясьпекі ня толькі ў выпадку Польшчы, але таксама й балтыйскіх краін. І для іх у першую чаргу. Гэта нібыта ноччу на цёмнай вуліцы, калі чалавек вяртаецца позна да дому й бачыць групу людзей, якія патэнцыйна могуць быць небясьпечнымі, можа яны захочуць абрабаваць, забраць гаманец альбо гадзіньнік... У такой сытуацыі ёсьць два выхады: альбо ўцякаць, альбо ісьці вельмі цьвёрдым крокам, адважна, і быць гатовым да рэакцыі на напад.

Паводле словаў міністра з Канцылырыі прэзыдэнта Польшчы Кшыштафа Шчэрскага, дадзеная прамова была ўжо чацьвёртай пасьля Вашынгтону, Рыму ды Осла, якая прысьвячалася ўзмацненьню ўсходнага флянга NATO.

Кшыштыф Шчэрскі: Гэты цыкл адкрытых выступаў спадара прэзыдэнта апісвае лёгіку падзей ад саміту ва Ўэльсе да саміту ў Варшаве. У чым заключаецца гэтая фундамэнтальная зьмена, якая адбудзецца ў Варшаве? Ідзецца пра пераход ад лёгікі ўмацаваньня да лёгікі прысутнасьці ў якасьці асновы бясьпекі NATO. Альянс будзе хаўрусам, дзе абаронныя здольнасьці будуць раўнамерна разьмеркаваныя на ўсёй тэрыторыі пакта.

Візыт прэзыдэнта Польшчы ў Даніі завяршыўся сустрэчай прэзыдэнцкай пары з палякамі, якія жывуць у Даніі. Анджэй Дуда ўручыў суайчыньнікам дзяржаўныя ўзнагароды.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт