Logo Polskiego Radia
Print

Падрыхтоўка да саміту NATO ў Варшаве

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 06.06.2016 14:31
Альянс вяртаецца да клясычных рамак зьвязу, які перш за ўсё абараняе тэрыторыю сваіх дзяржаў.
Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain

Заўтра будзе прадстаўлены даклад Рады нацыянальнай бясьпекі пра падрыхтоўку да саміту NATO ў Варшаве – чытаем у выданьні «Rzeczpospolita». Яно зьмяшчае інтэрвію зь кіраўніком рады Паўлам Соляхам (Paweł Soloch).

Альянс плянуе значныя інвэстыцыі ва ўзмацненьне гэтак званага ўсходняга флянгу NATO. На тэрыторыі Польшчы ён намераны разьмясьціць склады са зброяй, амэрыканцы заявілі пра пляны выслаць на Ўсход Эўропы танкавую брыгаду, частка гэтых войскаў будзе знаходзіцца ў Польшчы.

Самым вялікім дасягненьнем апошніх месяцаў зьяўляецца тое, што альянс вяртаецца да клясычных рамак зьвязу, які перш за ўсё абараняе тэрыторыю сваіх дзяржаў. Акрамя таго, важнае супрацоўніцтва з краінамі, якія не зьяўляюцца сябрамі NATO – Фінляндыяй і Швэцыяй, а таксама Эўрапейскім Зьвязам.

Нядаўна міністар абароны Антоні Мацярэвіч прадставіў даволі крытычны стан польскага войска. На думку Соляха, гэта вынікае з таго, што ранейшыя ўлады Польшчы, і ня толькі Польшчы, меркавалі, што эпоха сур’ёзных мілітарных пагрозаў закончылася. Як аказалася, такі падыход быў няправільным. Была праведзеная вельмі хуткая рэформа па стварэньні прафэсійнай арміі. Цяпер войска надта малое, каб адказаць на патэнцыйныя пагрозы. У сваю чаргу Расея цягам апошніх 7-8 гадоў праводзіла інтэнсіўную мадэрнізацыю войска ў напрамку арміі, якая здольная заваёўваць чужыя тэрыторыі.

Палітыка Расеі – гэта загадка, – кажа Солях. Цяпер дзяржавы NATO і Эўрапейскі Зьвяз павінны быць падрыхтаваныя да найгоршага варыянту, які мог бы паявіцца. Важна, каб альянс паказваў сваё адзінства. Калі б Расея захацела змагацца з NATO, у яе не было б вялікіх шанцаў на посьпех, – гаворыць старшыня Бюро нацыянальнай бясьпекі.

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт