Logo Polskiego Radia
Print

Міжнародны дзень дзяцей

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 01.06.2016 13:29
  • дзеці.mp3
Дарослыя моцна сумуюць па тых часах, калі ў іх не было сур’ёзных клопатаў і праблем.
www.pixabay.com

Кажуць, што дзяцінства – гэта самы шчасьлівы пэрыяд у нашым жыцьці. Ня ўсе псыхолягі з гэтым згодныя. На думку некаторых з іх, час росту і дасьпяваньня – гэта даволі складаны пэрыяд для кожнага з нас. Аднак як правіла ў дарослым жыцьці мы слаба памятаем дрэнныя бакі дзяцінства, а радасныя моманты застаюцца ў памяці вельмі выразна.

Магчыма, дзякуючы гэтай уласьцівасьці нашай памяці – памятаць добрае, а забываць або рацыяналізаваць дрэннае, дарослыя так моцна сумуюць па гэтых часах, калі ў іх не было сур’ёзных клопатаў і праблем. Зразумела, дробныя для нас праблемы дзяцей, ім самім здаюцца вельмі сур’ёзнымі, тым ня менш, пэрспэктыва мяняецца разам з дасьпяваньнем. І дарослыя прыдумалі Дзень дзіцяці, каб хаця б раз у год, 1 чэрвеня, пастарацца паглядзець на сьвет вачыма сваіх дзяцей. Для беларусаў гэта Міжнародны дзень абароны дзяцей, палякі ж называюць яго проста Днём дзіцяці.

У Міжнародны дзень дзіцяці дарослыя павінны ня толькі памятаць пра падарункі для сваіх малых, але таксама слухаць тое, што думаюць пра жыцьцё і сьвет дзеці. А яны могуць зьдзіўляць нас сваімі разумнымі і сьпелымі меркаваньнямі. На думку дзесяці- і адзінаццацігадовых дзяўчынак, ёсьць шмат пазытыўных бакоў дзяцінства:

Дзеці: Нам ня трэба хадзіць на працу, ня трэба хвалявацца за розныя справы дарослых. У нас менш хатніх абавязкаў і больш свабоднага часу. Дарослыя з-за ўсяго хвалююцца, ім трэба намі займацца. Яны павінны прыбіраць кватэру, працаваць, клапаціцца самі прa сябе, самі купляць сабе ежу. У іх шмат абавязкаў, а мы можам гуляцца, у нас толькі адзін абавязак – вучоба.

З нагоды Міжнароднага дня дзяцей сёньня ў Польшчы наладжана паседжаньне Сэйму дзяцей і моладзі. Падзея праходзіць сёлета пад лёзунгам «Месцы памяці – матэрыяльнае сьведчаньне асабліва важных падзей для мясцовай і нацыянальнай тоеснасьці».

Маладыя людзі, якія хацелі атрымаць мандат дэпутата, павінны былі правесьці захады з мэтаю павысіць значэньне гістарычнай памяці ў лякальным асяродзьдзі. Зь віншаваньнямі да маладых парлямэнтараў зьвярнуўся старшыня ніжэйшай палаты польскага парлямэнту Марэк Кухціньскі, які разам са сваім маладым калегам кіраваў сэсіяй.

М. Кухціньскі: Я хацеў бы вас павіншаваць, што вам удалося прайсьці нялёгкі шлях. Вы заняліся незвычайнай тэмай: месцы памяці. Такіх месцаў шмат у розных частках нашай Радзімы, пра якія варта нагадаць людзям, як старэйшым пакаленьням, так і тым пакаленьням, якія прыйдуць пасьля нас.

Старшыня Марэк Кухціньскі адзначыў, што для яго магчымасьць весьці паседжаньне Сэйму дзяцей і моладзі мае вялізнае, сымбалічнае значэньне.

М. Кухціньскі: Некалькі дзесяткаў гадоў таму, калі мае равесьнікі хадзілі ў школу, такіх ідэй не было. І гэта таксама прыкмета зьмен у нашай краіне. Гэта выключная сытуацыя, калі ў Сэйме Польшчы, у месцы, дзе прымаюцца самыя важныя дзяржаўныя рашэньні, засядаюць прадстаўнікі маладога пакаленьня палякаў, маладыя дэпутаты.

З нагоды Дня дзіцяці прэм’ер-міністар Бэата Шыдла зьвярнулася адмыслова да малодшых жыхароў Польшчы. Відэазапіс быў зьмешчаны на інтэрнэт-сайце Канцылярыі прэм’ер-міністра. Кіраўнік Рады міністраў дзякавала дзецям за іх выключныя рысы. І пажадала адных толькі радасных падзей.

Б. Шыдла: Я хачу вам падзякаваць за вашу радасьць, за ваш энтузіязм. З нагоды вашага сьвята я хачу вам пажадаць усяго самага добрага, шмат радасьці, цудоўных момантаў у жыцьці. І перш за ўсё я хачу падзякаваць вам за тое, што вы – увесь наш сьвет.

Польскае радыё таксама актыўна адзначае Міжнародны дзень дзяцей. З гэтае нагоды ў студыю былі запрошаныя падлеткі, якія чыталі між іншым прагноз надвор’я, гучала шмат перадач для дзяцей. А Другая праграма Польскага радыё ладзіць аўкцыён розных рэчаў, ахвяраваных людзьмі культуры. Даход з аўкцыёну будзе прызначаны на будаўніцтва Дому сацыяльнай дапамогі для дзяцей і моладзі ў мясцовасьці Бранішэвіцэ. Павал Сівэк з Другой праграмы адзначае, што аўкцыён, названы «Культура дапамагае» – гэта нагода аказаць рэальную дапамогу хлопчыкам з інваліднасьцю.

П. Сівэк: Культура памагае. Мы ведаем, што яна памагае ў жыцьці быць лепшымі людзьмі. Музыка, літаратура, кінамастацтва – гэта ўсё нас многаму вучыць. А гэтай акцыяй мы хочам паказаць, што культура памагае ў такіх звычайных справах – патрэбны новы дом для дзяцей-інвалідаў.

Дарослыя, як толькі могуць, стараюцца зрабіць сьвет лепшым для яго малодшых жыхароў. І асабліва моцныя захады ў гэтым напрамку прымаюцца 1 чэрвеня, у Міжнародны дзень дзяцей.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт