Генэральны сакратар Паўночнаатлянтычнага пакту Енс Столтэнберг (па-нарвэску: Jens Stoltenberg) працягвае двухдзённы візыт у Варшаву. У панядзелак ён сустрэўся з прэзыдэнтам Польшчы Анджэем Дудам (па-польску: Andrzej Duda), у аўторак - з прэм'ер-міністрам Беатай Шыдла, міністрамі нацыянальнай абароны й замежных спраў.
Размова „сам - насам” з кіраўніком польскай дзяржавы - гэта чарговы этап падрыхтоўкі да заплянаванага на ліпень саміту Паўночнаатлянтычнага пакту ў Варшаве. Падчас гэтай сустрэчы павінны быць прынятыя рашэньні наконт накіраваньня ў краіны Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы дадатковага кантынгенту войск.
Гаворка ідзе пра Польшчу, Летуву, Латвію й Эстонію. Пакуль вядома толькі, што альянс задумоўваецца над стварэньнем шматнацыянальнай групы, якая будзе налічваць каля 500 вайскоўцаў. Падрабязнасьці пакуль невядомыя.
Енс Столтэнберг: Канчатковыя рашэньні адносна колькасьці й месцаў разьмяшчэньня яшчэ не былі прынятыя. Пра гэта будзе вырашана празь некалькі тыдняў падчас саміту ў Варшаве. Цяпер мы абмяркоўваем прапановы, якія нам перадалі вайсковыя камандзіры. Менавіта яны запрапанавалі стварэньне некалькіх батальёнаў у розных краінах, то бок у балтыйскіх краінах і ў Польшчы.
Прэзыдэнт Анджэй Дуда пасьля сустрэчы з генэральным сакратаром NATO (па-ангельску: North Atlantic Treaty Organisation, NATO) пераконваў, што прысутнасьць жаўнераў альянсу вельмі важная, перш за ўсё з пункту гледжаньня бясьпекі краіны.
Анджэй Дуда: Для мяне важнае тое, што ня толькі Польшча прысутнічае ў NATO, але цяпер таксама NATO будзе прысутнічаць у Польшчы ў аспэкце саюзьніцкіх абавязацельстваў, узбраеньня й жаўнераў. Калі падсумаваць, то аказваецца, што жаўнераў альянсу ў Польшчы будзе сапраўды шмат.
Анджэй Дуда падкрэсьліў, што спадзяецца на салідарнасьць краін–сябраў альянсу па ўмацаваньні ўсходняга флянгу NATO.
Прэзыдэнт таксама паведаміў, што Польшча далучыцца да місіі Паўночнаатлянтычнага пакту ў Эгейскім моры. Польскія ўлады адправяць на місію фрэгат „Касьцюшка”. Гэта, паводле Анджэя Дуды, доказ салідарнасьці польскага боку з краінамі альянсу.
Анджэй Дуда: Фрэгат „Касьцюшка” накіруецца ў Эгейскае мора, каб там падтрымліваць місію Паўночнаатлянтычнага пакту. Місія мае таксама выратавальны характар і яна зьвязаная з хваляй нелегальнай міграцыі. Менавіта ў рамках гэтай місіі наш фрэгат будзе выконваць розныя заданьні.
Пасьля сустрэчы з Енсам Столтэмбергам прэзыдэнт Польшчы запэўніў таксама, што найбуйнейшыя ў гісторыі манэўры пад назвай „Anaconda” будуць мець абарончы характар. Нагадаем, у сёлетніх вучэньнях NATO, якія пачнуцца 7 чэрвеня, прыме ўдзел 31 тысяча жаўнераў з 24 саюзных і партнэрскіх краінаў. Манэўры таксама павінны павысіць бясьпеку рэгіёну, пераконвае прэзыдэнт Польшчы.
Анджэй Дуда: Сапраўды, манэўры маштабныя. У іх будуць удзельнічаць тысячы жаўнераў і вялікая колькасьць тэхнікі, якая зь імі да нас прыбудзе. Аднак вучэньні маюць адну толькі мэту - павышэньне бясьпекі, каб у выпадку пагрозы мы былі ў стане разам абараняць нашу незалежнасьць, свабоду й мір.
Тым часам, калі гаворка ідзе пра ўсходні флянг Паўночнаатлянтычнага пакту, пакуль вядома, што сваіх жаўнераў у Цэнтральна-Ўсходнюю Эўропу абяцалі накіраваць Злучаныя Штаты Амэрыкі, Вялікабрытанія й Нямеччына. Агулам гаворка ідзе нават пра 4,5 тысячы жаўнераў, але гэтая колькасьць можа яшчэ памяняцца.
Узмацненьне гэтак званага ўсходняга флянгу - гэта ня толькі жаўнеры, але таксама ваенная тэхніка, снарады й лягістыка.
„Генэральны сакратар NATO пацьвердзіў ратацыйную прысутнасьць войскаў у Польшчы й краінах Балтыі”, - сказаў пасьля сустрэчы з кіраўніком альянсу міністар абароны Польшчы Антоні Мацярэвіч (польск. Antoni Macierewicz).
Антоні Мацярэвіч: Наша сёньняшняя размова пацьвердзіла, што ў Польшчы й балтыйскіх краінах будуць дыслякавацца чатыры ратацыйныя баявыя групы, якiя будуць ключавым элемэнтам важнай прысутнасьці NATO на Ўсходзе. Мы гаварылі таксама пра пастаянныя склады зброі, якія могуць разьмяшчацца ў Польшчы.
Міністар Антоні Мацярэвіч дадаў, што баталён, які будзе разьмяшчацца ў Польшчы, складзе як мінімум тысячу жаўнераў.
Енс Столтэнберг падкрэсьліў, што саміт NATO ў Варшаве будзе праходзіць у цяжкім пэрыядзе, калі Расея спрабуе запалохаць суседзяў і з дапамогай сілы пераставіць межы.
Нагадаем, саміт Паўночнаатлянтычнага пакту ў Варшаве адбудзецца 8-9 ліпеня. У сталіцу Польшчы прыедуць кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў, а таксама міністры замежных спраў і міністры абароны 28 краін-сябраў альянсу й 26 краінаў-партнэраў.
Гэта азначае, што ў агульнай складанасьці 8-9 ліпеня ў Варшаве будзе знаходзіцца каля 2,5 тысячы дэлегатаў, а разам зь імі каля 1,5 тысячы журналістаў.
ФОТА: PAP/Marcin Obara, PAP/Jacek Turczyk, PAP/Paweł Supernak
аз