Logo Polskiego Radia
Print

Юнкер едзе ў Расею. Размаўляць пра газ?

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 31.05.2016 11:13
Гаворка перш за ўсё аб будаўніцтве двух газаправодаў з Расеі ў Заходнюю Эўропу.
photo: pixabay.com/Creative Commons Public Domain CC0.

У чэрвені зь нечаканым візытам адправіцца ў Расею старшыня Эўрапейскай камісіі Жан-Клод Юнкер. Ён прыме ўдзел у Эканамічным форуме – піша «Gazeta Wyborcza». У Санкт-Пецярбургу Юнкер сустрэнецца таксама з прэзыдэнтам Пуціным. Гэта будзе першы візыт кіраўніка Эўракамісіі ў Расею з таго часу, калі дзяржава пачала вайну з Украінаю, а заходнія краіны ўвялі супраць яе санкцыі.

Прэс-сакратар Юнкера заявіла, што яго візыт не пярэчыць палітыцы санкцый, паколькі іх адмена залежыць ад перамір’я на Данбасе. Гэта не супакоіла міністра замежных спраў Летувы, які адзначыў, што візыт палітыка такога рангу заўсёды мае сымбалічнае значэньне, такім чынам Эўропа паказвае, што шукае з Расеяй кантакту.

Гаворка ідзе перш за ўсё аб будаўніцтве двух газаправодаў з Расеі ў Заходнюю Эўропу. Летась у верасьні Газпром падпісаў дамову аб будаўніцтве газаправоду Nord Stream 2. Гэты праект выклікаў пратэсты дзяржаў Цэнтральнай Эўропы, таксама Эўрапейскі парлямэнт крытыкаваў яго, заяўляючы, што ён супярэчыць прынцыпам энэргетычнага зьвязу і стратэгіі энэргетычнай бясьпекі, якія павінны былі зьменшыць залежнасьць Эўропы ад расейскай энэргіі.

Посьпех другой ніткі Паўночнага газаправоду схіліў Расею вярнуцца да праекту Паўднёвага газаправоду, па якім павінен паступаць газ у Паўднёвую і Цэнтральную Эўропу. Такім чынам Газпром мог бы заблякаваць пастаўкі ў Эўропу канкурэнтнай сыравіны з касьпійскіх газавых радовішчаў, галоўным чынам з Азэрбайджану.

Gazeta Wyborcza/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт