Logo Polskiego Radia
Print

Польшча крытыкуе дырэктыву ЭК аб камандзіроўках

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 27.05.2016 14:34
  • Польшча крытыкуе дырэктыву ЭК аб камандзіроўках.mp3
Польшча выступіла супраць прынцыпаў аплаты за працу і заклікала адмяніць праект дырэктывы.
Mateusz MorawieckiMateusz MorawieckiFoto: PAP/Radosław Pietruszka

Пацьвердзіў гэта віцэ-прэм’ер і міністар па разьвіцьці Матэвуш Маравецкі, які закончыў двухдзённы візыт у Брусэль. Польшча выступіла супраць прапановы Эўракамісіі адносна працаўнікоў у камандзіроўках, а дакладна кажучы супраць прынцыпаў аплаты за працу і заклікала адмяніць праект дырэктывы. Гэтае пытаньне разглядалася на сустрэчы зьвязаўскіх міністраў па справах канкурэнтаздольнасьці.

Эўрапейская камісія патрабуе, каб працаўнікі, якіх накіроўваюць на працу ў іншыя краіны ЭЗ, атрымлівалі такую ж зарплату як і мясцовыя работнікі, пры чым ня толькі мінімальную, але з усімі дадатковымі складнікамі заробку.

У выніку фірмы з Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы, паслугі якіх каштуюць цяпер таньней, перастануць быць канкурэнтаздольнымі. Матэвуш Маравецкі лічыць, што найбольш страцяць менавіта польскія фірмы, бо Польшча сярод усіх дзяржаваў ЭЗ адпраўляе найбольш працаўнікоў за мяжу.

М.Маравецкі: Для мяне гэтага аргумэнту дастаткова, каб адстойваць нашы правы. Мне не падабаецца, калі страчваюць польскія фірмы, і я лічу, што мы павінны вельмі востра супрацьдзейнічаць. Гэтая дырэктыва пярэчыць прынцыпам адзінароднага эўрапейскага рынку і таму на Радзе па справах канкурэнтаздольнасьці мы прадпрымаем дзеяньні супраць падобных прапановаў.

Польшча стварыла кааліцыю краін незадаволеных прапановай Камісіі, між іншым, пратэст падтрымалі Румынія, Балгарыя, Летува, Вугоршчына, Латвія і Чэхія.

Агулам парлямэнты 11 краін паказалі Брусэлю жоўтую картку й выказалі свае засьцярогі. Цяпер Камісія павінна перагледзець праект прапанаванай дырэктывы й можа прыняць адно з трох магчымых рашэньняў: можа перапісаць дырэктыву, адмяніць яе поўнасьцю, або пакінуць бяз зьменаў.

Эўракамісія прааналізуе ўсе заўвагі, – паабяцаў прэс-сакратар Эўракамісіі Хрыстыян Віганд.

X.Віганд: Мы лічым, што нашая прапанова збалянсаваная, але мы несумненна ўважліва прааналізуем пазыцыі нацыянальных парлямэнтаў. З самага пачатку было зразумела, што ў дзяржавах-чальцах існуюць розныя меркаваньні. Некаторыя хацелі больш зьмяненьняў у дырэктыве аб працаўніках у камандзіроўцы, іншыя менш. У інтарэсах усіх краін тое, каб правілы былі зразумелыя і каб іх прытрымліваліся.

Але пакуль Камісія адстойвае свае ідэі і сьцьвярджае, што яна змагаецца супраць сацыяльнага дэмпінгу. У сваю чаргу Польшча лічыць, што адрозьненьні ў заработнай плаце ў краінах Цэнтральна- Ўсходняй і Заходняй Эўропы зьяўляюцца вынікам розьніцаў ва ўзроўні эканамічнага разьвіцьця, а не праявай нядобрасумленнай канкурэнцыі.

Польшча лічыць, што дадзеная дырэктыва пашкодзіць канкурэнтаздольнасьці і краін, якія накіроўваюць у замежную камандзіроўку, так і краін, якія прымаюць гэтых працаўнікоў. Міністар разьвіцьця тлумачыў у Брусэлі, што праект дырэктывы «падрывае свабоду прадастаўленьня паслуг у ЭЗ». Паводле яго слоў, гэта адзіная з чатырох свабодаў ЭЗ, якая не рэалізуецца. Астатнія тры свабоды: перамяшчэньне рабочых, капіталу і тавараў функцыянуюць добра, але, як правіла, прыносяць больш карысьці багатым краінам.

"Для менш заможных краін Цэнтральнай Эўропы вельмі важная свабода прадастаўленьня паслуг, але яна не працуе", – адзначыў Маравецкі.

Прапанову Эўракамісіі падтрымалі Францыя і Бэльгія. Паводле гэтых краін, дырэктыва аб заробках працаўнікоў у камандзіроўцы забясьпечвае справядлівыя ўмовы канкурэнтаздольнасьці фірмаў на рынку ЭЗ і адначасова абараняе правы працаўнікоў.

Камісар па справах занятасьці Мар’яннэ Цісэн (Marianne Thyssen) запэўніла, што яна таксама ўважліва прааналізуе заўвагі праціўнікаў дырэктывы. Усё ж, паводле яе, разыходжаньні ў заробках мясцовых работніках і замежных працаўнікоў у камандзіроўцы несправядлівыя.

Польскія фірмы адпраўляюць найбольш працаўнікоў на рынкі краін Эўразьвязу. У 2014 годзе было іх 430 тысяч сярод усіх 1.9 мільёнаў (22%). Найбольш работнікаў з Польшчы працуе ў будаўнічым сэктары – 46%, у прамысловасьці – 16,5%,, у адукацыі, ахове здароўя і сацыяльных паслугах – 14%. Найбольш палякаў адпраўляюць на працу ў камандзіроўку ў Нямеччыну (56%), у Францыю (12%), таксама польскія фірмы адпраўляюць многа сваіх супрацоўнікаў у Нідэрлянды й Бэльгію.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт