Logo Polskiego Radia
Print

„Gaz-System” плянуе заваяваць Эўропу

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 18.05.2016 15:52
Першы этап – гэта пляны разбудовы тэрмінала звадкаванага газу ў Сьвінауйсьці.
Photo: M. Śmiarowski/KPRM/flickr.com/Commercial use allowed

Апэратар газавай сеткі ў Польшчы „Gaz-System” плянуе стаць плятформай гандлю прыродным газам ва Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропе. Учора кампанія прадставіла стратэгію свайго разьвіцьця на бліжэйшыя гады, паведамляе выданьне „Puls Biznesu”.

Пляны кампаніі бяруць пад увагу, між іншым, разбудову тэрмінала звадкаванага газу ў Сьвінауйсьці. Першы этап стратэгіі ўжо гатовы, то бок камэрцыйныя пастаўкі газу марскім шляхам павінны пачацца ў чэрвені. Цяперашнія здольнасьці захоўваньня сыравіны й рэгазыфікацыі тэрмінала складаюць 5 мільярдаў кубамэтраў, але пасьля разбудовы яны могуць дасягнуць 7,5-10 мільярдаў кубамэтраў.

Разбудова тэрмінала - гэта ня ўсё. „Gaz-System” плянуе таксама будаўніцтва „Baltic Pipe”, то бок газаправоду, які спалучыць Польшчу з Даніяй й Нарвэгіяй. Прапускная здольнасьць трубаправоду павінна скласьці 10 мільярдаў кубамэтраў газу й даць Польшчы ды іншым краінам рэгіёну доступ да нарвэскіх крыніцаў.

Вынікі аналізаў магчымай рэнтабельнасьці „Baltic Pipe” павінны быць вядомыя да канца году. Калі б яны аказаліся некарыснымі, то „Gaz-System” задумаецца над інвэстыцыяй у плаваючы газапорт, які будзе разьмешчаны ў рэгіёне Гданьскай затокі. Магутнасьць газапорту была б падобная да „Baltic Pipe”.

У „Gaz-System” амбітныя пляны: стаць лякальнай газавай плятформай, якая дасьць краінам рэгіёну доступ да многіх крыніцаў газу. Адсюль таксама прыярытэт разбудовы транспамежнага спалучэньня з Украінай, а таксама зь Летувой, паведамляе выданьне „Puls Biznesu”.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт