У Сэйме – ніжэйшай палаце польскага парлямэнту – сёньня прадстаўлены  дакумэнт кіруючай партыі «Права і справядлівасьць», у якім падсумаваны той пэрыяд, калі краінай кіравалі «Грамадзянская плятформа» і Польская  сялянская партыя (2007-2015гг).
На пачатку паседжаньня Сэйму выступіла старшыня Рады міністраў Бэата Шыдла. На думку прэм’ер-міністра,  палітыкі, якія раней знаходзіліся пры ўладзе, вельмі баяліся браць на  сябе адказнасьць за важныя дзяржаўныя справы. Аб гэтым сьведчаць хаця б  смаленская авіякатастрофа і скандал, зьвязаны з падслухоўваньнем  высокапастаўленых чыноўнікаў. Бэата Шыдла  адзначыла, што пэрыяд улады папярэдняга ўраду каштаваў грамадзянам  «вялізныя грошы». Кіраўнік ураду назвала суму: 340 мільярдаў злотых. Яе  меркаваньнем, якраз папярэдні ўрад павінен прадставіць справаздачу  свайго кіраваньня дзяржавай, але гэтага не зрабіў. Гэта безадказнасьць.
Б. Шыдла: «Грамадзянская плятформа» і Польская сялянская партыі не кіравалі  дзяржавай. Яны толькі знаходзіліся пры ўладзе, з якой атрымлівалі  фінансавыя карысьці. Час ад часу, каб прыкрыць тую яму, у якую вы  загналі Польшчу, вы прыдумвалі яркія кампаніі, як барацьба са спайсамі, дэвіз «зялёная выспа» або польскія інвэстыцыі на разьвіцьцё. Бліскучыя цацкі для СМІ, якія нічога не ўносілі.
Былая прэм’ер-міністар Эва Копач спакойна чакала паседжаньня. Копач разам зь міністрамі свайго ўраду, а цяпер дэпутатамі Грамадзянскай плятформы, сустрэлася з журналістамі яшчэ перад выступленьнем Бэаты Шыдла.
Э. Копач:  Ва ўсім багацьці абвінавачаньняў, якія прагучаць сёньня з трыбуны  Сэйму, «Права і справядлівасьць» напэўна не зьвінаваціць нас у тым, што  мы спансіруем айца Рыдзыка (кіраўніка каталіцкага радыё Марыя), выразаем дрэвы ў Белавескай пушчы або выводзім коней з конезаводу ў Янаве Падляскім.  Найлепшы аўдыт васьмі гадоў улады кааліцыі «Грамадзянскай плятформы» і  Польскай сялянскай партыі – гэта эканамічны рост, падзеньне беспрацоўя і  высокія адзнакі ў міжнародных рэйтынгах.
Папярэдні ўрад  дапусьціў халатнасьць у сыстэме падатковых збораў. Палітыкі толькі  павышалі падаткі. Так гучыць асноўны закід міністра фінансаў Польшчы  Паўла Шаламахі  адносна ранейшага ўраду. Міністар прадставіў у Сэйме падлікі, з якіх  вынікае, быццам бы дзяржаўны бюджэт страціў у выніку незаплачаных  падаткаў прыкладна 60 млрд. злотых. Перад тым, як «Грамадзянская» плятформа перамагла на выбарах, падаткі давалі 22% ВУП, а праз восем гадоў яе кіраваньня – толькі 19,8%.
П. Шаламаха:  Замест таго, каб падрыхтаваць і ажыцьцяўляць стратэгію гермэтызацыі  падатковай сыстэмы, дзейнасьць міністра фінансаў заключалася ў простым павышэньні  памеру падаткаў. Калі пачалі паніжацца даходы ад падатку на дададзеную  вартасьць, гэты падатак быў павышаны – з 22 да 23%. Хаця, трэба  прызнаць, што ў выпадку часткі харчовых тавараў стаўка была паніжана да  5%.
Свае заўвагі на тэму папярэдняга ўраду прадставіў таксама  міністар дзяржаўнай казны Давід Яцкевіч. Ён вінаваціў палітыкаў іншага  палітычнага лягеру ў тым, што яны будавалі самыя дарагія аўтастрады ў  Эўропе ды шматлікіх іншых парушэньнях.
Д. Яцкевіч: У Міністэрстве  дзяржаўнай казны ў часы, калі краінай кіравалі «Грамадзянская  плятформа» і Польская сялянская партыя, назіраліся розныя парушэньні,  халатнасьць і скандалы. Былі таксама выпадкі злачынстваў, якія неабходна  расьсьледаваць. Я невыпадкова згадваю пра сем галоўных грахоў, паколькі  паводзіны нашых папярэднікаў парушалі прафэсійную этыку, галоўныя  правілы і абавязкі ўладальніка і звычайную сумленнасьць. Вы грашылі  супраць Польшчы і яе галоўных эканамічных інтарэсаў.
Прадстаўнікі  Польскай сялянскай партыі крытыкуюць форму і вынікі аўдыту, які  прадставілі ў Сэйме міністры актуальнага ўраду. На думку прэс-сакратара  ПСП Якуба Стэфаняка, тэзісы дакумэнту разыходзяцца з сапраўдным станам рэчаў.
Я. Стэфаняк:  Пакуль што нічога з аўдыту не вынікае. Гэта азначае, што сёньняшнія  кіруючыя палітыкі праспалі гэтыя восем гадоў, яны не падрыхтаваліся за  гэты час да кіраваньня дзяржавай. Мы таксама маглі б зрабіць падобны  аўдыт і сказаць: на 100 дзён кіраваньня дзяржавай вы абяцалі панізіць  узрост выхаду на пэнсію, павысіць суму, свабодную ад падаткаабкладаньня, выраўняць датацыю з ЭЗ для фэрмэраў.
Нагадаю, палітыкі партыі «Права і справядлівасьць» прадставілі сёньня ў Сэйме аўдыт кіраваньня дзяржавай папярэднім урадам. Па словах прэм’ер-міністра Бэаты Шыдла,  немагчыма палічыць усе шанцы і магчымасьці, якія былі адабраныя ў  палякаў. У сваю чаргу апазыцыя мяркуе, што дакумэнт – гэта чыстая  дэмагогія, няма ў ім канкрэтных дадзеных, якія не былі вядомыя раней.
нг