Logo Polskiego Radia
Print

Штрафы за адрынутых бежанцаў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 05.05.2016 13:08
За кожнага чалавека, ад якога дзяржава адмовіцца, яна павінна заплаціць 250 тыс. эўра.
Bild: UNHCR/P. Moore/flickr.com/

Эўрапейская камісія зноў спрабуе прымусіць сябраў ЭЗ прымаць імігрантаў. На гэты раз яна знайшла новы спосаб: штрафаваць краіны, якія адмаўляюцца прыняць разьмеркаваных уцекачоў.

«Dziennik Gazeta Prawna» прыводзіць словы віцэ-старшыні камісіі Франса Цымэрманса, які заявіў, што няма іншага выйсьця – калі ў адной краіне імігрантаў надта многа, частку неабходна салідарна выслаць у іншую.

За кожнага чалавека, ад якога дзяржава адмовіцца, яна павінна заплаціць 250 тыс. эўра. Калі б гэта зрабіла Польшча, якая ўзяла на сябе абавязак прыняць 6,2 тыс. уцекачоў, то ёй прыйшлося б вылажыць 1,55 млрд. эўра. Прапанаваныя чвэрць мільёна эўра – гэта прыкладны кошт утрыманьня аднаго чалавека цягам пяці гадоў. Гэтыя падлікі надта высокія, асабліва ў параўнаньні з коштамі пражываньня ў Польшчы.

Гэта ідэя, узятая са столі. Ніхто ня згодзіцца на такое вырашэньне праблемы. Такім чынам Эўрапейская камісія яшчэ больш пашырае антыімігранцкія настроі ў Эўропе, – адзначае эўрадэпутат партыі «Права і справядлівасьць» Рышард Чарнэцкі.
Прапанову павінны адобрыць сяброўскія краіны ЭЗ ды Эўрапейскі парлямэнт. Вядома ўжо, што яна выклікае вялізныя рознагалосьсі. За ўвядзеньне штрафаў прагаласуюць напэўна Нямеччына, Італія ды Грэцыя, але супраць выступаюць дзяржавы Вышаградзкай групы і верагодней за ўсё большасьць астатніх чальцоў ЭЗ з Цэнтральнай ды Ўсходняй Эўропы. Да нэгатыўна настроеных краін магла б далучыцца Фінляндыя, якая даволі скептычна ставіцца да ідэі прымусовага разьмеркаваньня імігрантаў. Гэтыя краіны могуць заблякаваць працэдуру прыняцьця прапановы, хаця тады хутчэй за ўсё паявяцца галасы, каб нейкім чынам пакараць непакорлівых, напрыклад, адбіраючы ў іх фінансавую дапамогу.

Dziennik Gazeta Prawna/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт