У Сэйм запрашаюць Палату Лукашэнкі
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
20.04.2016 17:09
«Калі дэпутаты вырашылі супрацоўнічаць з парлямэнтам Лукашэнкі, то гэта не прынясе нічога добрага».
У цэнтры будынак польскага парлямэнту.Foto: sejm.gov.pl
Беларускія дэмакратычныя сілы моцна расчараваныя рашэньнем старшыні Сэйму наконт стварэньня Польска-беларускай парлямэнцкай групы.
Групу ўзначаліў дэпутат ад фракцыі «Кукіз’15» Адам Андрушкевіч, зьвязаны з нацыяналістычным рухам. Створаная ім група ў складзе 23-х чалавек паўстала тады, калі беларуская дэмакратычная апазыцыя будзе адзначаць 20-я ўгодкі ліквідацыі незалежнага парлямэнту.
Старшыня распушчанага ў 1996 годзе Вярхоўнага савета Станіслаў Шушкевіч у вострай форме ацаніў стварэньне польска-беларускай двухбаковай групы: «Калі гэтыя дэпутаты вырашылі супрацоўнічаць з парлямэнтам Лукашэнкі, то гэта не прынясе нічога добрага».
Падобным чынам мяркуе Робэрт Тышкевіч з Грамадзянскай плятформы, які ачольвае парлямэнцкую групу падтрымкі дэмакратычных ініцыятыў у Беларусі: «Мы працягваем руку парлямэнту, якога мы не прызнавалі больш за тры гады», – падкрэсьлівае Тышкевіч. І дадае: «Наладжваньне супрацоўніцтва зь беларускім парлямэнтам дэманструе паварот сьпінай польскага парлямэнту да дэмакратычных колаў і грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі».
- Сытуацыя зьмянілася, – кажа ў размове з «RZ» актывіст Саюзу палякаў Беларусі Андрэй Пісальнік. – Стварэньне групы ўпісваецца ў лёгіку дыялёгу, шлях да якога прабіваў падчас апошняга візыту ў Беларусь міністар Вашчыкоўскі (кіраўнік польскага МЗС- рэд.).
Магчыма, што ў рамках паляпшэньня адносінаў на ўрачыстасьці 1050-й гадавіны хрышчэньня Польшчы быў запрошаны віцэ-старшыня беларускай Палаты прадстаўнікоў Віктар Гумінскі. У Познані Гумінскі сустрэўся з віцэ-старшынём Сэйму Рышардам Тэрлецкім і віцэ-старшынём Сэнату Богданам Барусэвічам.
Rzeczpospolita/яс