Logo Polskiego Radia
Print

Польшча просіць Беларусь дапамагчы знайсьці магілы ахвяр Аўгустоўскай аблавы

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 18.04.2016 15:03
Беластоцкі пракурор ІНП просіць правесьці архэалягічныя раскопкі ва ўказаных месцах блізу вёскі Калеты й лесьнічоўкі Гедзь у памежнай зоне.
Bild: Instytut Pamięci Narodowej

Інстытут нацыянальнай памяці зьвярнуўся ў беларускую пракуратуру наконт дасьледаваньня месцаў, у якіх могуць знаходзіцца масавыя пахаваньні ахвяр Аўгустоўскай аблавы.

Беластоцкі пракурор ІНП просіць правесьці архэалягічныя раскопкі ва ўказаных месцах блізу вёскі Калеты й лесьнічоўкі Гедзь у памежнай зоне.

Спэцыялісты па аналізах спадарожнікавых і авіяздымкаў пазначылі 60 месцаў, дзе могуць знаходзіцца масавыя пахаваньні палякаў, забітых падчас Аўгустоўскай аблавы.

Інстытут нацыянальнай памяці просіць дазволіць палякам удзельнічаць у раскопках і ў выпадку выяўленьня людзкіх астанкаў – перадаць іх польскаму боку.

Дырэктар беластоцкага аддзяленьня ІНП Барбара Боярын-Казбэрук падкрэсьлівае, што без дазвола беларускага боку ніколі не ўдасца пацьвердзіць, ці ў ваколіцы Калет знаходзяцца масавыя пахаваньні палякаў.

Аўгустоўская аблава зьяўляецца буйнейшым нераскрытым забойствам палякаў пасьля Другой сусьветнай вайны. Гэтае злачынства ў ліпені 1945 зьдзейсьніла савецкая армія, ваенная контрразьведка СМЕРШ, міліцыя й жаўнеры Першай арміі Войска польскага. З мэтай зьнішчыць незалежніцкае падпольле, яны затрымалі 7 тысяч чалавек. Што здарылася з 600 зь із - да сёньня невядома. Гісторыкі называюць Аўгустоўскую аблаву «малым Катынем».

Нядаўна зьявіліся новыя доказы ўдзелу ў аблаве 50 арміі ІІІ Беларускага фронту.

На сайце Міністэрства абароны Расеі гісторыкі ІНП знайшлі некалькі тысяч сасканавых дакумэнтаў адносна правядзеньня салдатамі гэтай арміі апэрацыі супраць незалежніцкага падпольля на польска-летувіска-беларускім памежжы. Гэта адбылося ў ліпені 1945 году.

Rzeczpospolita/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт