Крамлёўскія прызначэнцы забаранілі дзейнасьць татарскага парлямэнту. Дадзенае рашэньне крытыкуюць у Кіеве ды Страсбурзе.
Крымская пракуратуры прыпыніла дзейнасьць Мэджлісу, то бок парлямэнту крымска-татарскага народу, нягледзячы на тое, што няма судовага рашэньня. Суд па Мэджлісу перанесены на 25 красавіка. Сваё рашэньне пракуратура патлумачыла тым, што нібыта дзейнасьць арганізацыі зьяўляецца экстрэмісцкай. Пракурор Палонская заявіла, што Мэджлісу забараняецца ладзіць сходу, масавыя грамадзкія мерапрыемствы, карыстацца банкаўскімі рахункамі ды весьці любую дзейнасьць, а ўся іх прапаганда забаронена. Канчатковае рашэньне прыме Вярхоўны суд Крыма.
Дадзенае рашэньне выклікала абурэньне ў Кіеве. Украінскі прэзыдэнт заявіў, што гэта вяртаньне ў часы сталінізму. Больш падрабязна з Кіева перадае карэспандэнт Польскага радыё Павал Бушка.
Павал Бушка: Украінскі прэзыдэнт заявіў, што рашэньне акупацыйнай расейскай пракуратуры – гэта спроба пазбавіць голасу ўвесь крымска-татарскі народ. Як пазначыў Пётр Парашэнка, забарона дзейнасьці Мэджлісу зьяўляецца чарговай праявай парушэньня расейскімі акупантамі базавых правоў чалавека. На акупацыйным Крыме расейцы актывуюць сталінскую палітыку рэпрэсій супраць татараў. Як дадаў украінскі прэзыдэнт, гэта страх аўтарытарнай улады свабодных людзей. Татары – гэта аўтахтонныя жыхары Крыму. У 1940-ыя гады савецкія ўлады прымусова выселілі з вострава амаль увесь народ. На канцы 1980-ых гадоў частка грамады вярнулася на сваю Радзіму. Тады была адноўлена татарскае самакіраваньне.
З крытыкай забароны дзейнасьці Мэджліса выступіў таксама генэральны сакратар Рады Эўропы Торнб’ёрн Яглянд. Ён заклікаў улады анэксаванага Крыма скасаваць прынятае рашэньне. Са Страсбурга перадае карэспандэнт Польскага Радыё Анджэй Гэбэр.
Анджэй Гэбэр: Торнб’ёрн Яглянд заклікаў адмяніць прынятае рашэньне ды спыніць варожыя дзеяньні ў дачыненьні да крымскіх-татараў. Палітык зазначыў, што місія Рады Эўропы, якая вывучала сытуацыю жыхароў Крыму ды шанаваньня правоў чалавека, зьвярнула ўвагу на перасьлед у дачыненьні ды татарскай грамады. Ён заявіў, што пра гэта паінфармаваны ўжо расейскі міністар замежных спраў. Паводле словаў Яглянда, сытуацыя патрабуе хуткай рэакцыі, каб гарантаваць правы ды спыніць перасьлед грамадзян. Рада Эўропы лічыць непрымальным той факт, што мільёны людзей пазбаўлены сваіх правоў.
У тым, што дадзенае рашэньне будзе адмененае, сумняваецца журналіст Аляксандар Янкоўскі з Чарноморка ТВ. Масква даўно да яго рыхтавалася. Гэта крок да выцісканьня з Крыму праўкраінскіх людзей, кажа журналіст.
Аляксандар Янкоўскі: Гэта робіцца ў рамках палітыкі выцясьненьня палітычна няўгодных людзей. Крымскія татары ў сваёй масе праўкраінскія. Апроч таго, гэта робіцца яшчэ й дзеля таго, каб стварыць альтэрнатыўныя Мэджлісу структуры.
Гэта будуць падкантрольныя Маскве структуры - зазначае журналіст.
Аляксандар Янкоўскі: Такія спробы стварыць падкантрольныя ўладам структуры крымскіх татар вядуцца ўжо даўно. Першыя спробы былі на пачатку 2010-11 гг. Праўда, гледзячы на сходы дадзеных арганізацый, ім удаецца сабраць па 100-150 чалавек з усяго Крыма, тады як толькі на паўвысьпе жыве больш за 300 тысяч крымскіх татар.
Цяпер, непакояцца праваабаронцы, Расеі можа пачаць праводзіць сапраўдную палітыку этнічных рэпрэсій. Справа ў тым, што дзейнасьць Мэджлісу закранала большасьць крымскіх татар. Пра тое, што азначае прынятае Масквой рашэньне, гаворыць старшыня праваабарончай арганізацыі КрымSOS Таміла Ташава.
Таміла Ташава: Гэта знак для ўсяго Крыму, што крымскія татары – экстрэмісты. Цяпер крымскія акупацыйныя ўлады могуць пачаць рэпрэсіі супраць усіх крымскіх татар. З Мэджлісам была зьвязана ўся грамада, бо яна выбірала дэпутатаў Мэджлісу. Канчатковага рашэньня няма, але дэ факта гэта спроба паралізаваць яго дзейнасьць ды абгрунтаваць рэпрэсіі супраць усяго народа.
Крымская пракуратура забараніла дзейнасьць парлямэнта крымскіх татар. На паўвысьпе можа пачацца новы віток рэпрэсій, непакояцца праваабаронцы.
Юры Ліхтаровіч