Аднавіўся канфлікт за Нагорны Карабах. Экспэрты бачаць у ім як унутраныя, так і вонкавыя прычыны, а менавіта касьпійскую нафту.
Нагорны Карабах даўно зьяўляецца тэрыторыяй канфлікту. Апошні адбываўся на пачатку 1990-х гадоў, разам з працэсамі распаду Савецкага Саюза. У 1994-м годзе бакі дамовілі пра спыненьне агню. На гэтым вырашэньне канфлікту спынілася. Армяне стварылі Нагорнакарабахскую рэспубліку, якую ніхто не прызнаў, а Азэрбайджан лічыць акупаванымі землямі. Апошнія гады ў СМІ ўсё часьцей пачалі зьяўляцца паведамленьні пра рост напружанасьці ў дадзеным рэгіёне. На пачатку красавіка бакі пачалі ваенныя дзеяньні. Праз пару дзён Масква прымусіла бакі спыніць агонь. Цяпер зь міратворчай місіяй на Паўднёвым Каўказе знаходзіцца Дзьмітры Мядзьведзеў, перадае карэспандэнт Польскага радыё Мацей Ястшэмбскі.
Мацей Ястшэмбскі: Дзьмітры Мядзьведзеў заявіў, што цяпер самае галоўнае – утрымаць мір ды не дапусьціць разрыву кантактаў. Кіраўнік расейскага ўраду назваў апошнія падзеі на Каўказе беспрэцэдэнтнай сытуацыяй з 1994-га году. Армянскія ўлады папрасіла Маскву прысьпешыць пастаўкі ўзбраеньня Армэніі ды вызначылі новыя цэны на расейскі газ для Ерэвана. Масква згадзілася зьнізіць цану на 15 даляраў да 150 даляраў за тысячу кубічных мэтраў.
Пакуль Маскве ўдалося прымусіць бакі да спыненьня ваенных дзеяньняў. Аднак канфлікт далёка не ўрэгуляваны. Вайна ў Нагорным Карабаху можа выбухнуць зноў у любы момант, кажа палітоляг Андрэй Ляховіч.
Андрэй Ляховіч: Там напружанасьць будзе заўсёды, а шляхоў вырашэньня пакуль ня бачна, бо ніводная з краін не гатовая ісьці на кампраміс, а ваеннымі мэтадамі яе ня вырашыць. Пакуль мы бачым, што сытуацыя супакоілася, але гэта ненадоўга, там заўсёды будзе напружанасьць.
Аднак гэта не здымае важнасьці пытаньня, чаму вайна выбухнула менавіта цяпер. У чым прычына ? Палітоляг Юры Шаўцоў бачыць тут зьнешнія фактары ўзьдзеяньня.
Юры Шаўцоў: Падставай для апошняга выбуху вайсковых дзеяньняў зьяўляюцца вонкавыя ўплывы. Гэта самая буйная эскаляцыя вайны за ўсе гады пасьля перамір’я ў Нагорным Карабаху. Я ня бачыў падрыхтоўкі да эскаляцыі з абодвух бакоў. Звычайна ў такія лякальныя войны бакі ўпаўзаюць доўгі час. На карабахскім фронце такога не было.
У сваю чаргу Андрэй Ляховіч зьвяртае ўвагу на ўнутраныя фактары, асабліва з боку Азэрбайджана.
Андрэй Ляховіч: Магчыма, што азэрбайджанскія генэралы спадзяваліся нечаканым ударам адваяваць некалькі вузлавых пунктаў на тэрыторыі побач з Нагорным Карабахам. Ёсьць яшчэ й чыста прапагандысцкая прычына. Апошнія гады Баку ўкладала вялікія грошы ў ваенную сфэру. Цяпер, калі кошты на нафту ўпалі, кіраўніцтву Азэрбайджана трэба паказваць рашучыя дзеяньні, каб падтрымліваць сваю папулярнасьць.
Польскі аналітычны партал defence24.pl высунуў тэзу, што эскаляцыя ваенных дзеяньняў у Нагорным Карабаху зьвязаная ў першую чаргу з нафтай. Маўляў, гэты канфлікт ставіць пад пагрозу транспарт касьпійскай нафты ў Эўропу ды дае Расеі магчымасьці дамагацца ад Баку допуску да касьпійскай нафты й газу. Беларускія экспэрты скептычна паставіліся да гэтага. Калі спыніцца вайна, пастаўкі хутка адновяцца, нягледзячы на магчымыя пашкоджаньні, кажа Юры Шаўцоў.
Юры Шаўцоў: Мала рэальна спыніць нафтараспрацоўкі ў гэтым раёне. Яны ў моры, раскіданыя на вялікім абшары. Больш рэальна нанесьці ўдар па асноўных нафтагазаправодах, якія месьцяцца ў 20-30 км ад лініі фронту. Аднак і гэтую справу я б не перабольшваў. Калі спыніцца вайна, такія пашкоджаньні хутка рамантуюцца.
Рэалізацыя падобнага пляну патрабавала б умяшальніцтва з боку Расеі, бо патэнцыял Армэніі замалы, кажа Андрэй Ляховіч.
Андрэй Ляховіч: Паставіць пад пагрозу маршруты транспарціроўкі касьпійскай нафты, ці выйсьці на гэтую нафту, Расея можа толькі праз ваенны ціск на Азэрбайджан. Сам Крэмль гэтага рабіць ня можа, а можа толькі рукамі свайго хаўрусьніка – Армэніі. Аднак, насамрэч, ваеннага патэнцыялу Армэніі хапае толькі на абарону, для наступальных дзеяньняў гэтага недастаткова. Дадзеныя краіны маюць непараўнальны вайсковы ды эканамічны патэнцыял.
Паўднёвы Каўказ можа стаць новай “гарачай кропкай” на плянэце. Нявырашаны канфлікт прывёў да новага вітка напружанасьці паміж Армэніяй і Азэрбайджанам. Пакуль Расея змагла супакоіць сытуацыю, але да міру там далёка.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч