Цёмныя хмары зьбіраюцца над вядомым у сьвеце польскім конезаводам у Янаве Падляскім. На аўкцыёны арабскіх коней чыстай крыві штогод прыяжджалі знакамітыя асобы з усяго сьвету й куплялі коней за мільёны эўра.
На жаль, слава конезавода ідзе на заняпад у выніку здарэньняў апошніх месяцаў. Нечакана, ад кастрычніка мінулага году, памерлі тры кабылы, у тым ліку дзьве жонкі бубнача гурта «The Rolling Stones» Шырлі Ўотс. Жанчына заявіла, што забірае свае астатнія дзьве кабылы адразу пасьля таго, як яны толькі ажарэбяцца.
Памерлі вельмі дарагія кабылы: у кастрычніку Pianissima, у палове сакавіка Preria i ў апошнюю суботу Amra.
Ва ўсіх выпадках прычынай сьмерці быў заварот кішак. Справай заняўся міністар сельскай гаспадаркі й пракуратура. Існуе падазрэньне, што нехта наўмысна прывёў да гэтых трагедый.
Хто й чаму адправіў жарэбную кабылу Амру з Янава Падляскага ў варшаўскую клініку? Гэта адно з пытаньняў, якія міністру сельскай гаспадаркі паставіла дэпутатка «Грамадзянскай плятформы» Яана Клюзік –Расткоўска.
Дэпутатка, знаўца коней, падкрэсьліла, што конезавод у Янаве падрыхтаваны для таго, каб прымаць роды кабыл і прымае іх некалькі дзясяткаў за год.
Я.Клюзік-Расткоўска:Ці гэта праўда, што вэтэрынарныя клінікі не хацелі прыняць кабылу, бо баяліся адказнасьці й толькі па асабістым умяшальніцтве міністра знайшлася клініка. І чарговае пытаньне, хто прыняў рашэньне наконт таго, каб кабыла разам з жэрабём хутка вярнулася ў Янаў, а калі праз суткі пачаліся праблемы, кабылу ізноў павезьлі ў Варшаву. Пасьля апэрацыі жывёлу прыйшлося ўсыпіць.
Клюзік-Расткоўска выступіла ў Сэйме на канфэрэнцыі разам з прадстаўнічкай уладальніцы Амры Ірэнай Цесьляк і заатэхнікам Маркам Шэўчыкам.
Шэўчык пракамэнтаваў падазрэньне міністра Юргеля, што сьмерць трэцяй кабылы - гэта «вынік мэтанакіраванага дзеяньня зламысьнікаў».
М.Шэўчык: Падазрэньні, што нехта гэта робіць наўмысна, кладуцца на супрацоўнікаў у Янаве Падляскім, бо толькі яны маюць доступ да гэтых коней. Для гэтых людзей гэта вельмі крыўдна. Яны не зарабляюць там вялкіх грошай, а працуюць там, бо кахаюць коней. Падазраваць іх у наўмысным дзеяньні гэта проста сьвінства.
На дасьледаваньне быў аддадзены корм, якімі кармілі коней. Аднак Дзяржаўны інстытут вэтэрынарыі ў Пулавах не публікуе вынікаў праверкі. Сёньняшняе выданьне «Rzeczpospolita» напісала, што ў корме ў Янаве Падляскім былі знойдзеныя антыбіётыкі, якія дадаюць у прамысловую гадоўлю курэй і якія для коней сьмяротныя.
Дырэктар Інстытута вэтэрынарыі ў Пулавах, прафэсар Кшыштаф Немчук сказаў СМІ, што яму нельга паведамляць аб выніках праверкі. І дадаў, што інфармацыя была перададзена конезаводу ў Янаве 23 сакавіка.
К.Немчук: Нас паклікалі ў ролі экспэртаў і нам нельга камэнтаваць ніякай інфармацыі, якая зьяўляецца ў СМІ. Я магу толькі сказаць, што мы атрымалі дозу корму пасьля сьмерці другой кабылы. Мы правялі фармакалягічна-таксікалягічныя аналізы і з таго часу справай занялася пракуратура.
У лютым гэтага году адбылася зьмена на пасадзе дырэктара конезавода ў Янаве Падляскім. На месца шматгадовага дырэктара Марэка Трэлі, які меў міжнародныя посьпехі ў коневодзтве, прыйшоў Марэк Скарамоўскі, які сам казаў, што ён не зьяўляецца экспэртам па коневодзтве й раней ня меў дачыненьна з коневодзтвам арабскіх коней. Сёньня Скамароўскі аддаў сябе ў распараджэньне начальнікаў.
Міністар сельскай гаспадаркі Кшыштаф Юргель паведаміў сёньня, што справа сьмерці коней дасьледуецца і запэўніў, што цяперашняе кіраўніцтва конезавода гэта спэцыялісты.
К.Юргель: Выконваючы абавязкі кіраўніка быў добра падрыхтаваны да кіраваньня. У яго ёсьць эканамічная адукацыя. А коневодзтвам займаюцца іншыя адмысловыя асобы. І іх мы не мянялі.
Міністар дадаў, што за апошнія гады ў Янаве Падляскім памерла каля 50 коней.
К. Юргель: Я нагадаю, што падобны выпадак здарыўся ў кастрычніку. Тагачасны дырэктар не паведаміў аб гэтым у пракуратуру й не распачаў дзеяньняў, якія былі неабходныя для вызначэньня фактычнай прычыны сьмерці кабылы.
Міністар абараняў сваё рашэньне аб пакліканьні новага дырэктара на месца Марэка Трэлі. Тлумачыў, што адкліканае кіраўніцтва наносіла страты дзяржбюджэту.
Нагадаем, што зьмены ў кіраўніцтве самага вядомага польскага конезавода коней арабскай крыві ў Янаве Падляскім выклікалі рэха сярод сусьветных коневодаў. Марыён Віхман з конезавода ў Абу Дабі прагназавала, што вынікі адстаўкі Трэлі могуць закрануць увесь бізнэс коневодзтва арабскіх коней у Польшчы. «Я ведаю, што некаторыя коневоды хочуць скарыстаць нагоду й выкупіць усе вашыя найлепшыя коні», – месяц таму каналу TVN24 казала Марыён Віхман.
яс