Logo Polskiego Radia
Print

Памёр ініцыятар сустрэчаў моладзі на Ледніцкіх палях

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 22.12.2015 13:14
  • Айцец Ян Гура.mp3
Ці традыцыя адной з самых масавых рэгулярных сустрэчаў каталіцкай моладзі будзе працягвацца?
Photo: PAP/Tytus Żmijewski

У касьцёле дамініканцаў у Познані адбылася Сьвятая імша за ўпакой душы айца Яна Гуры. Вядомы ў Польшчы дамініканец і ініцыятар моладзевых сустрэчаў на Ледніцкіх палях памёр учора ўвечары ў Познані. Яму было 67 гадоў.

Айцец Ян Гура нарадзіўся ў 1948 годзе ў Прудніку ля гораду Аполе. Ён быў доктарам тэалёгіі й душпастырам навуковых колаў.

Айцец Гура праславіўся арганізацыяй штогадовых сустрэчаў ля Рыбных варотаў на Ледніцкіх палях. Ён быў адным з самых вядомых дамініканцаў у Польшчы.

Учора, падчас вячэрняга набажэнства ў манастыры айцоў-дамініканцаў, айцу Яну стала дрэнна. Хоць у манастыр неадкладна была выкліканая хуткая дапамога, то рэанімацыя не ўдалася.

Як паведаміў на сваёй старонцы ордэн дамініканцаў, прычынай сьмерці айца Гуры было спыненьне працы сэрца й ацёк лёгкіх.

Пачуўшы інфармацыю пра сьмерць айца Гуры ў касьцёл дамініканцаў прыйшло шмат жыхароў Познані, каб маліцца за свайго душпастыра. Гэта была ня толькі моладзь, зь якой памерлы меў цесную сувязь, але таксама пажылыя людзі.

Людзі: Гэта быў вялікі чалавек, таму й жаль вялікі. Ён быў сябрам нашага клюбу пэнсіянэраў. Мы наведалі яго ў Ледніцы. Мы захапляліся ім, а паколькі памёр напярэдадні сьвятаў, гэта тым больш балюча.

Людзі: Гэта вялікая частка маёй маладосьці, частка гісторыі Познані. Ён быў адным з духоўных лідараў моладзі.

Субраты айца Гуры адслужылі адмысловую імшу, падчас якой разам зь вернікамі маліліся за памерлага.

Імша: Нам будзе вельмі Вас не хапаць, ойцец Ян! Нам вельмі шкада, што Цябе няма, што Ты ня змог закончыць служыць гэтую імшу.

„Мы чацьвёртае пакаленьне, якое выхаваў айцец Ян. Гэта паказвае, як шмат ён зрабіў”, - кажа галоўны рэдактар штомесячніка „У дарозе” („W drodze”) Раман Бялецкі.

Раман Бялецкі: Калі нехта ў Польшчы – веруючы ці няверуючы – пачуў прозьвішча Ян Гура, то ведаў, хто гэта такі. Гэта сьведчыла пра значэньне асобы айца Яна. Ён ўмеў прамаўляць да ста тысяч, але ўспрымаўся кожным з асобку й вельмі асабіста. Цяпер пасьля яго застаўся вялікі прабел.

„Мы страцілі аднаго з найвялікшых душпастыраў моладзі нашага часу”, - так сьмерць айца Яна Гуры пракамэнтаваў старшыня Эпіскапату Польшчы, познаньскі арцыбіскуп Станіслаў Гандэцкі.

Арцыбіскуп задумоўваецца, ці нехта зможа працягнуць працу памерлага дамініканца з моладзьдзю?

арцыбіскуп Станіслаў Гандэцкі: Ён ня меў свайго наступніка. Мы часта закраналі гэтую тэму: што будзе пасьля айца Гуры? Ці нехта здолее ўзяць на сябе цяжар арганізацыі сустрэчаў на Ледніцкіх палях? Цяпер, нясумненна, як ордэн дамініканцаў, так і іншыя моладзевыя душпастыры будуць прымушаны вырашыць сур’ёзную праблему – ці знойдзецца новы чалавек з падобнай харызмай і таксама вялікай сілай духу.

Падобныя сумневы выказвае таксама гнезьненьскі старэйшы арцыбіскуп Генрык Мушыньскі. Ён успамінае айца Гуру, як чалавека зь вялікай энэргіяй, зацікаўленасьцю і вялікім сэрцам.

арцыбіскуп Генрык Мушыньскі: Цяжка будзе працягваць гэтую працу, якая зьяўляецца выключнай у аспэкце ўсяе Польшчы. Тым больш, што яе плён настолькі багаты. Цяжка будзе знайсьці настолькі ўсебаковага чалавека, які карыстаецца таксама аўтарытэтам сярод маладых людзей. Тым ня менш, мы спадзяемся, што яго праца будзе працягвацца.

Нагадаем, Агульнапольская сустрэча маладых Ледніца 2000 – гэта штогадовая сустрэча каталіцкай моладзі з Польшчы, а цягам некалькіх апошніх гадоў таксама з-за мяжы.

Гэта найбуйнейшы ў сьвеце рэгулярны рэлігійны сход маладых людзей без асабістага ўдзелу Папы рымскага.

Месцам сустрэчы зьяўляюцца Ледніцкія палі. Гэта частка вёскі Імёлкі, якая распаложана на беразе возера Ледніца, блізу дарогі з Познані ў Гнезна.

Гэта месца было абрана таму, што, у адпаведнасьці з часткай гістарычных запісаў, на востраве на тамтэйшым возеры прайшоў хрост Польшчы.

Сустрэчы моладзі праводзяцца рэгулярна з 1997 году. Пачаткова яны праходзілі напярэдадні Пяцідзесятніцы, а з 2005 году ў першую суботу чэрвеня, што зьвязана, між іншым, з датай сьмерці Папы рымскага Яна Паўла ІІ.

На Ледніцкіх палях знаходзяцца, між іншым, Рыбныя вароты, якія называюць Брамай трэцяга тысячагодзьдзя, і дом Яна Паўла ІІ.

Пакуль не вядома ці сустрэчы на Ледніцкіх палях, ініцыятарам якіх быў айцец Гура, будуць працягвацца, і ў якой форме.

„Для гэтых рашэньняў прыйдзе час”, - кажа прэс-сакратар Супольнасьці „ЛЕДНІЦА 2000” Бартламей Дабжыньскі.

аз


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт