Узнагарода імя В. Гулевіча для Чэслава Сэнюха
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
26.11.2015 15:12
Дзякуючы яму палякі маглі пазнаёміцца з «Новай зямлёй» Я. Коласа, прачытаць творы Купалы, Быкава, Барадуліна, Законьнікава, Брыля.
pixabay.com
Былы супрацоўнік Беларускай службы польскага радыё атрымаў у Варшаве прэстыжную літаратурную ўзнагароду. Перакладчык Чэслаў Сэнюх, які шмат гадоў прадстаўляў нашым слухачам свае пераклады беларускай і польскай літаратуры, стаў учора ўладальнікам узнагароды імя Вітальда Гулевіча.
Чэслаў Сэнюх нарадзіўся ў 1930 на Наваградчыне ў мястэчку Любча, але ўжо звыш шасьці дзесяткаў гадоў жыве ў Варшаве. Дзякуючы ягонай творчасьці палякі маглі пазнаёміцца з паэмай «Новая зямля» Якуба Коласа, а таксама прачытаць трагікамэдыю «Тутэйшыя» Янкі Купалы, творы Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Сяргея Законьнікава, Янкі Брыля ды іншыя.
Вось як прадставіў ляўрэата старшыня журы ўзнагароды імя Гулевіча Рамуальд Карась.
Р. Карась: Незвычайны чалавек, які нашым суседзям, беларусам, прысьвяціў амаль усё сваё жыцьцё, перакладаючы шэдэўры старабеларускай і беларускай літаратуры. Пераклаў, напрыклад, адзін з найбольш пранікнёных вершаў сучасных паэтаў – «Чорны конь апакаліпсіса» Сяргея Законьнікава. Гаворка ідзе пра Чарнобыль, пра ратаваньне дзяцей зь дзетдамоў, якія былі непадалёк электрастанцыі. Калі адбыўся выбух, настаўніцы выводзілі дзяцей і казалі: глядзіце, якая прыгожая вясёлка. Законьнікаў у гэтым вершы перадаў увесь драматызм сытуацыі, дарэчы, сам ён атрымаў вялікую дозу радыяцыі і змагаецца зь цяжкай хваробай. Чэслаў Сэнюх перакладаў таксама кагосьці, каго звалі Канстанцін Міцкевіч, але ён напісаў паэму «Новая зямля» – па ўзору «Пана Тадэвуша», і назваў сябе Коласам. Наш ляўрэат пераклаў 11 тысяч радкоў гэтай паэмы. І за гэта менавіта мы яму ўручаем узнагароду.
Спадар Чэслаў шмат гадоў жыве ў Польшчы, але не забывае сваю родную Беларусь, цешыцца, што ёсьць людзі, якія вяртаюць яго мясьцінам гістарычны воблік, цешыцца, што жыве беларушчына.
Ч. Сэнюх: Я вельмі рады, што жыве Беларусь, што жыве мая Наваградчына, жыве мая Любча. Там менавіта пачыналася мая беларушчына. Я хадзіў у беларускую школу. Я чуў «Новую зямлю» зь дзяцінства, калі яе чыталі мая сястра, маці. Я ведаў гэтую паэму, ведаў, што яна пабудаваная зь цяжкага жыцьця беларускага селяніна пры савецкай уладзе. Яна пабудаваная не з радасьці, а з цяжкай працы. Адтуль яна пайшла ў маю душу і я вырашыў перакласьці паэму. Гэта самая галоўная мая праца, я працаваў 10 гадоў над перакладам.
Спадар Чэслаў з уласьцівай яму сьціпласьцю сказаў нам, што гэта ўжо яго апошняя ўзнагарода. Некалькі гадоў таму ён перажыў сур’ёзныя праблемы са здароўем, і таму слухачы ня могуць ужо пачуць яго па радыё. Тым ня менш, мы жадаем ляўрэату яшчэ шмат гадоў жыцьця, здароўя і чарговых узнагарод.
нг