Спартыўная  акрабатыка – гэта від спорту, які ўключае ў сябе некалькі  практыкаваньняў, зьвязаных з захаваньнем раўнавагі (балянсаваньнем).  Спартоўцы выступаюць у парах – мужчынскіх, жаночых або зьмешаных, ёсьць  таксама паказы жаночых троек і мужчынскіх чацьвёрак.
Старшыня Варшаўска-Мазавецкага Зьвязу спартыўнай акрабатыкі Ян Ветэска адзначае, што ў польскую сталіцу прыехалі найлепшыя акрабаты зь Нямеччыны, Беларусі ды Польшчы.
Я. Ветэска: Гэта шосты турнір за Кубак Варса  і Савы. Але па такой формуле матчу спаборніцтвы адбываюцца другі раз.  Гэта матч паміж камандамі Польшчы, Варшавы, Беларусі і Нямеччыны. Кожная  зборная можа выставіць пяць камандаў у розных катэгорыях, а  тры найлепшыя вынікі судзьдзі залічаць у агульны залік. Такім чынам  атрымаем вынік усёй зборнай. Да нас прыехалі найлепшыя акрабаты, якія  прадстаўляюць свае краіны. На дадзены момант гэта найлепшыя каманды,  хаця спартоўцы вельмі маладыя. Але агулам акрабатыка – гэта спорт  маладых.
Яшчэ падчас спаборніцтваў нам удалося паразмаўляць з трэнерам беларускай каманды. Тады не быў яшчэ вядомы вынік турніру, хто пераможа, але трэнер разьлічвала, што яе хлопцы і дзяўчаты заваююць добрае месца. Гаворыць Старэйшы трэнер нацыянальнай каманды Беларусі па акрабатыцы Жана Юшко.
Ж.Юшко:  Мы прыяжджаем рэгулярна, гэта ў нас ужо трэцяе спаборніцтва. Я лічу, у  нас нядрэннае выступленьне, у папярэднія гады наша краіна была першай.  Пакуль што барацьба не закончылася, але мы ідзем нядрэнна. Беларускіх  спартоўцаў прыехала 15 чалавек, гэта майстры спорту, кандыдаты ў майстры  спорту, ёсьць удзельнікі Чэмпіянату Эўропы, ёсьць бронзавыя мэдалісты.  Спартоўцы, якія прыехалі сюды, гэта юніёры, а ёсьць таксама і дарослыя спартоўцы ў Беларусі. Тут – гэта рэзэрвы.
Аляксандра Ложкіна  і Марыя Жураўлёва прадстаўляюць юніёрскую зборную Беларусі. Яны  ўпершыню прыехалі ў Польшчу, ім тут вельмі падабаецца, хаця пасьпелі  пабываць ужо ў іншых дзяржавах Эўрапейскага Зьвязу. Дзяўчыны зусім  маладзенькія, але кажуць, што спорт ім даў вельмі шмат, навучыў  перамагаць стрэс, змагацца за рэзультат, навучыў працаваць над сабою.
А. Ложкіна:  Акрабатыка дае самаразьвіцьцё, яна дазволіла мне сфармавацца як асобе.  Мы трэніруемся разам ужо пяць гадоў. Перад гэтым мы трэніраваліся ў  розных напрамках – я была ў цыркавой студыі да 12 гадоў, а пазьней пайшла на акрабатыку.
М. Жураўлёва: А я займалася мастацкай гімнастыкай. Тут мы адначасова танцуем і робім элемэнты, а ня толькі танцуем альбо асобна робім элемэнты.
А. Ложкіна: Гэта вельмі цікавы від спорту, мне ён здаўся цікавейшым, чым спартыўная  і мастацкая гімнастыка. Такое ўражаньне, што гэтыя віды спорту  зьмяшалі. Мы шмат трэніруемся, хочам трапіць на Чэмпіянат сьвету або  Эўропы. А ў Польшчу мы ўпершыню прыехалі, да гэтага былі ў Расеі,  Нямеччыне, Летуве. А тут нам вельмі падабаецца – атмасфэра, дыван, асьвятленьне.
Па словах трэнера  Жанны Юшко, прафэсійныя спартоўцы вельмі шмат увагі прысьвячаюць  трэніроўкам, нават два разы ў дзень, пачынаючы з 4-га, 5-га клясу  базавай школы. Спорт патрабуе шмат працы, але ў Беларусі нямала людзей  хоча займацца акрабатыкай.
Ж. Юшко: Акрабатыка вельмі папулярная ў  Беларусі, як і ва ўсім сьвеце. Нядаўна мы вярнуліся з Чэмпіянату  Эўропы, які прайшоў 1-5 кастрычніка ў Нямеччыне. Беларуская зборная  заваявала 19 мэдалёў, мы былі за Расейскай Фэдэрацыяй.
Беларуская каманда па спартыўнай акрабатыцы заваявала другое месца на Турніры за Кубак Варса і Савы. Найлепшымі аказаліся спартоўцы зь Нямеччыны, бронзу здабылі варшаўскія акрабаты, а чацьвёртае месца заняла зборная каманда Польшчы.
нг
