Сярод прадстаўнікоў краінаў, якія атрымалі ў мінулым годзе віды на жыхарства ў Эўразьвязе, першыя месцы займаюць зусім не сірыйцы, а ўкраінцы. У дзесятку народаў, якія актыўна перасяляюцца ў Эўразьвяз патрапілі й беларусы. Надзвычай цікавыя лічбы апублікавала нядаўна эўрапейская статыстычная служба. У якія краіны найбольш ахвотна едуць мігранты й па якіх прычынах? На гэтую тэму зь беларускімі экспэртамі размаўляў Аляксандар Папко.
За мінулы год свае першыя віды на жыхарства ў Эўразьвязе атрымалі 2 мільёны 300 тысячаў замежнікаў. Насуперак стэрэатыпам, першае месца сярод іх займаюць зусім не сірыйцы ці афганцы, а грамадзяне Ўкраіны. Іх за мінулы год у Эўразьвязе пасялілася 300 тысячаў. На другім месцы – амэрыканцы з 200 тысячамі відаў на жыхарства. На трэцім і чацьвёртым – грамадзяне Кітаю ды Індыі. Далей з вялікім адрывам ідуць мараканцы, сірыйцы, беларусы, расейцы, бразыльцы й грамадзяне Турцыі.
Дадзеныя Эўрастату не адлюстроўваюць дзьвюх соцень тысячаў уцекачоў, якія прыехалі ў Эўразьвяз у гэтым годзе – зазначае экспэрт Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Андрэй Елісееў.
А. Елісееў: Хваля відаў на жыхарства, выданых украінцам – гэта заслуга адкрытай палітыкі Польшчы, якая спрасьціла ўмовы працаўладкаваньня для ўкраінцаў і прадстаўнікоў іншых краінаў Усходняй Эўропы. А ўцекачы, якія прыбылі ў Эўропу, будуць чакаць рашэньня свайго лёсу больш за год. Таму статыстыка 2014 году не адлюстроўвае сапраўднай колькасьці мігрантаў з Сірыі, Эрытрэі ды Афганістану.
Падставы атрыманьня відаў на жыхарства вельмі адрозьніваюцца ў выпадку розных нацыянальнасьцяў – падкрэсьлівае Андрэй Елісееў. Асноўнай падставай выдачы дазволу на жыхарства грамадзянам Кітаю зьяўляецца вучоба. Мараканцы едуць да родных, якія ўжо маюць грамадзянства Эўразьвязу, а ўкраінцы едуць працаваць.
А. Елісееў: Каля 70% украінцаў атрымалі віды на жыхарства па прычыне працы. Большасьць зь іх заключыла працоўныя дамовы ў Польшчы. Калі ж казаць пра грамадзянаў Турцыі ці Марока, то большая частка зь іх атрымала дазвол на жыхарства ў Эўразьвязе па сямейных прычынах. Яны маюць родных у Нямеччыне, Францыі, іншых кранах ЭЗ і карыстаюцца дырэктывай Эўразьвязу аб узьяднаньні сямей.
Згодна з дадзенымі Эўрастату, за мінулы год у Эўразьвязе пасялілася 80 тысячаў беларусаў – гэта столькі ж, колькі сірыйцаў, і на 10 тысячаў больш, чым грамадзянаў Расеі. Такія вялікія лічбы – гэта вынік недасканалай мэтадалёгіі, тлумачыць Андрэй Елісееў. Насамрэч першыя ў сваім жыцьці віды на жыхарства ў Эўразьвязе атрымалі каля 13 тысячаў беларусаў. Астатнія 67 тысячаў – гэта тыя, хто атрымаў гадавыя нацыянальныя (не шэнгенскія) візы Польшчы, Летувы ці Латвіі, у тым ліку ўладальнікі «карты паляка».
А. Елісееў: Можа скласьціся ўражаньне, што за год у Эўразьвяз эмігравалі 80 тысячаў беларусаў. Насамрэч, большая частка з гэтых людзей – уладальнікі «карты паляка». Іх у краіне каля 60 тысячаў. І яны кожны год атрымліваюць гадавыя нацыянальныя візы Польшчы, якія Эўрастат залічвае да «упершыню атрыманых відаў на жыхарства».
Краіны Эўразьвязу можна таксама падзяліць паводле матывацыі замежнікаў, якія ў іх едуць. У большасьці дзяржаваў самую вялікую катэгорыю мігрантаў складаюць тыя, хто едзе жыць да сваіх блізкіх. Грэцыя, Гішпанія, Аўстрыя, Бэльгія, Харватыя, Люксэмбург і Славенія выдалі абсалютную большасьць відаў на жыхарства менавіта для ўзьяднаньня сем'яў. Большасьць відаў на жыхарства ў Ірляндыі была выдадзеная замежным студэнтам. І толькі ў тры краіны – Польшчу, Летуву й Кіпр – замежнікі едуць, каб перш за ўсё працаваць.
Тры вышэй пералічаныя дзяржавы вядуць актыўную палітыку па прыцягненьні рабочай сілы – тлумачыць гэты фэномен Андрэй Елісееў.
А. Елісееў: Польшча праводзіць вельмі адкрытую палітыку працаўладкаваньня, скіраваную на прыцягненьне працоўных з усходніх краінаў-суседзяў. Тысячы ўкраінцаў і беларусаў у апошнія гады падпісалі працоўныя дамовы паводле спрошчанай працэдуры. Таму гэтыя працоўныя па сваёй колькасьці пераўзыходзяць усе іншыя катэгорыі мігрантаў.
Іншай прычынай перавагі «працоўных» відаў на жыхарства над «сямейнымі» ў Польшчы, на Кіпры і ў Летуве можа быць тое, што ў гэтых краінах няма шчодрай сацыяльнай дапамогі.
З такім меркаваньнем, аднак, ня згодны мэдыяэкспэрт ААН Аляксей Лявончык.Асноўная прычына масавай міграцыі для ўзьяднаньня з сям’ёй у краіны Заходняй Эўропы ня крыецца ня столькі ў сацыяльнай дапамозе, колькі ў вялікіх дыяспарах, якія жывуць там.
А. Лявончык: Я б не пераацэньваў фактар сацыяльнай дапамогі. Нямеччына, напрыклад, нядаўна скасавала грашовую дапамогу ўцекачам і замяніла яе ваўчарамі на харчаваньне. Гэта абсалютна ня зьменшыла колькасьць людзей, якая едзе ў Нямеччыну. Стварэньне сям’і – гэта самы просты шлях атрыманьня візы й віду на жыхарства ў кантынэнтальнай Эўропе. Ёсьць сапраўдныя шлюбы, ёсьць фіктыўныя... Аднак калі ты ажаніўся, атрымаць шэнгенскую візу – не праблема.
Ці зьменіцца статыстыка перасяленцаў у Эўразьвяз у гэтым годзе? Па выніках 2015-га сярод тых, хто атрымаў від на жыхарства, напэўна павялічыцца колькасьць уцекачоў з Сірыі, Афганістану і Эрытрэі. Аднак праз два гады іх лічба пойдзе на спад. Уцекачы ня стануць непераадольнай праблемай – мяркуе Аляксей Лявончык.
«Нават два мільёны ўцекачоў – гэта ўсяго толькі паўпрацэнта насельніцтва Эўразьвязу. Эўропа пасьпяхова перажыла нашмат большыя хвалі міграцыі з Турцыі, Алжыру й Балканаў часоў нядаўняй вайны», – падкрэсьлівае экспэрт ААН.
У бліжэйшыя гады грамадзяне ЗША, Кітаю, Індыі ці Марока застануцца ў лідарах сярод прыежджых. Украінцы таксама будуць сярод «лідараў» да той пары, пакуль эканамічная сытуацыя ў іх дзяржаве не палепшыцца. У бліжэйшыя гады з-за эканамічнай стагнацыі на радзіме ўсё актыўней у Эўропу будуць прыяжджаць і беларусы – прагназуе экспэрт.
Аляксандар Папко