Logo Polskiego Radia
Print

Віхура над Польшчай

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 09.11.2015 17:27
  • Віхура над Польшчай.mp3
Наступствы: сарваныя дахі, паламаныя дрэвы, адна сьмяротная ахвяра й некалькі чалавек, якія атрымалі раненьні.
mrpbps/www.flickr.com

Восень, зьменлівае асеньняе надвор’е й кароткі дзень – гэта пэрыяд года, калі нам трэба быць асабліва пільнымі. Пагроза можа прыйсьці як з боку атмасфэрных чыньнікаў, так і зь віны чалавека. У апошнія выходныя ў Польшчы ад моцнага ветру пацярпела вялікая частка краіны, а ў выніку недастатковай пільнасьці кіроўцы й пешаходаў раненьні атрымалі некалькі чалавек.

Сарваныя дахі, паламаныя дрэвы, адна сьмяротная ахвяра й некалькі чалавек, якія атрымалі раненьні. Пажарныя службы падвялі страты пасьля нядзельных віхур. У паўночнай і цэнтральнай частках Польшчы павевы ветру дасягалі 100 кілямэтраў у гадзіну.

У Сопаце зваленае дрэва спрычыніла сьмерць аднаго чалавека. Дрэва звалілася на дзьве жанчыны. Канал TVN 24 паведаміў, што памерла 34-гадовая жанчына, а яе 57-гадовую маці перавезьлі ў цяжкім стане ў шпіталь. Гарадзкая ўправа Сопату заявіла, што абедзьве жанчыны займаліся добраўпарадкаваньнем горада. Паклікана адмысловая група, якая дасьледуе трагічную сытуацыю. Родным пацярпелых жанчын прадстаўлена псыхалягічная й фінансавая падтрымка, паведамілі гарадзкія ўлады Сопату.

У выніку віхуры, якая пракацілася над Польшчай, у апошнія выходныя яшчэ шэсьць чалавек, у тым ліку трое пажарнікаў, атрымалі раненьні. У асноўным ад паваленых дрэў.

Толькі ў шасьці ваяводзтвах ратаўнікі выязджалі на месца здарэньня 1565 разоў. Гэта, найперш, паўночныя рэгіёны. Моцны вецер пашкодзіў лініі электраперадач. Электрычнасьці ў пікавы момант не было ў 18 тыс. спажыўцоў. На Варміі й Мазурах без электрычнасьці было каля 9 тысяч дамоў. Прыблізна столькі ж дамоў засталіся без энэргіі на Падляшшы.

Прэс-сакратар Дзяржаўнай пажарнай службы Павал Фронтчак адзначыў, што ў пажарнікаў было мноства працы.

П. Фронтчак: Віхура пашкодзіла дахі на 96 будынках, у тым ліку 66 жылыя дамы. Найбольш у Паморскім і Куяўска-Паморскім ваяводзтвах. Дзеяньні пажарнікаў заключаліся найперш у ліквідацыі некалькіх тысяч паваленых ветрам дрэў і гальля.

Павал Фронтчак раіць, якім чынам паводзіць сябе падчас віхур.

П. Фронтчак: Пакідаючы дом, неабходна прыбраць розныя прадметы, якія знаходзяцца на падваконьніках, на тэрасах, каб іх не сарваў моцны вецер. Трэба пазачыняць вокны й дзьверы. Падчас віхуры нельга хавацца пад дрэвы, пад слупы, ці пад энэргетычныя лініі, а таксама пад навесы, таму што гэта надта лёгкія канструкцыі.

Удзельнікі дарожнага руху восеньню павінны быць асабліва пільнымі, – папярэджваюць экспэрты й нагадваюць, што самая дробная памылка можа прывесьці да вельмі сур’ёзных наступстваў. І менавіта ў такіх акалічнасьцях у мінулую суботу ў мясцовасьці Бэйды на Мазовіі, кіроўца «фольксвагена» уехаў у групу пешаходаў, якія ішлі ў працэсіі на могілкі. Пацярпелі больш за дзесяць чалавек, а адна асоба ў вельмі цяжкім стане.

Адам Прухніцкі, інструктар дасканаленьня тэхнікі язды раіць, што ў гэтай сытуацыі ўсе павінны паводзіць сябе больш адказна. Экспэрт адзначае, што калёна пешаходаў павінна быць адпаведна асьветлена.

А. Прухніцкі: Калі група людзей уваходзіць на праежджую частку вуліцы, то, паводле закону аб дарожным руху, гэта транспартны сродак. І гэтыя людзі павінны быць таксама асьветлены, як кожны іншы транспартны сродак. Наперадзе павінен быць вядучы са сьвятлом белага колеру, а ззаду, хоць па левым баку, павінна быць асоба з чырвоным сьвятлом.

Істотнае значэньне ў кантэксьце гэтага віду сытуацый мае хуткасьць, зь якой рухаецца аўтамабіль. Адам Прухніцкі падкрэсьлівае, што неабходна разьмежаваць дапушчальную максымальную хуткасьць і хуткасьць бясьпечную.

А. Прухніцкі: Бясьпечная хуткасьць гэта такая, якая дае магчымасьць бясьпечна адрэагаваць на кожную сытуацыю на дарозе. Неабходна ўлічыць некалькі фактараў: празрыстасьць паветра – гэта раз, два – магчымасьці машыны: ці яна старая, ці новая, у якім стане фары. Важна, каб фары былі правільна накіраваныя, каб не асьляплялі тых, хто насустрач. Але адначасова трэба ўлічыць, што кіроўца можа ня ўбачыць усяго.

Нагадаем, што ў Польшчы ў выніку навальніц і віхуры за апошнія выходныя жыцьцё страціла адна асоба. Пажарнікі выязджалі больш як на 1,5 тысячы выклікаў

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт