Logo Polskiego Radia
Print

Магіле невядомага жаўнера ў Варшаве ўжо 90 гадоў(ФОТА)

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 02.11.2015 15:08
  • Магіла невядомага.mp3
Да вайны Магіла невядомага жаўнера была таксама ў Баранавічах.
PAP/Paweł Supernak

Сёньня ў Варшаве адбыліся ўрачыстасьці з нагоды 90-годзьдзя ўзьнікненьня Магілы невядомага жаўнера.

З гэтай нагоды на плошчы Юзэфа Пілсудскага быў зачытаны акт аб распачацьці будаўніцтва могілы-помніка й прагрымеў 21 залп з гармат у гонар усіх загінуўшых польскіх жаўнераў. Цырымонія закончылася ваенным парадам.

/

Палкоўнік Марыюш Кубарэк нагадвае, што ідэя ўзьнікненьня Магілы невядомага жаўнера зьявілася ў Эўропе пасьля Першай сусьветнай вайны.

Марыюш Кубарэк: Першыя былі Францыя й Вялікабрытанія. У сваю чаргу ў Польшчы да Другой сусьветнай вайны магілы-помнікі невядомаму жаўнеру былі тры. Усё ж з пункту гледжаньня жаўнераў, самы важны быў помнік у Варшаве. Нагадваем, да вайны Магіла невядомага жаўнера была яшчэ ў Баранавічах, Лодзі і ў горадзе Глівіцэ. Ідэя была такая, каб ушанаваць памяць усіх невядомых жаўнераў, якія загінулі на франтах. Тых, якія змагаліся за Айчыну і былі пахаваны ў брацкіх магілах па ўсім сьвеце.

У варшаўскай Магіле невядомага жаўнера пад калянадай Саксонскага палаца, 2 лістапада 1925 году былі перапахаваныя астанкі невядомага жаўнера, прывезеныя з Могілак абаронцаў Львова.

/

Сакратар Рады аховы памяці барацьбы й пакутніцтва Анджэй Кунэрт падкрэсьлівае, што варшаўская магіла з самага пачатку з-за трагічнай гісторыі Польшчы стала для палякаў унікальным месцы.

Анджэй Кунэрт: Цяпер гісторыкі лічаць, што гэтыя афіцыйныя 50 тысяч прозьвішчаў польскіх жаўнераў, якія загінулі ў польска-бальшавіцкай вайне, гэта нават удвая менш, чым сапраўдная колькасьць загінуўшых. Тым часам падчас Другой сусьветнай вайны зьява невядомых жаўнераў яшчэ пашырылася й стала больш трагічнай.

/

У сваю чаргу палкоўнік Кубарэк падкрэсьлівае, што Магіла невядомага жаўнера ў Варшаве зьяўляецца адным з самых важных месцаў для вайскоўцаў.

Марыюш Кубарэк: Гэта, перш за ўсё, памяць пра мінулае; пра тое, як доўга Польшча змагалася за тое, каб быць незалежнай. Гэта таксама памяць пра тых, хто загінуў на франтах. Магіла нагадвае пра вялікую колькасьць месцаў у сьвеце, дзе знаходзяцца магілы польскіх жаўнераў. Магіла невядомага жаўнера – гэта сымбаль, які ўшаноўваць польскія жаўнеры. У 2010 годзе мы апыталі вайскоўцаў, якія нясуць варту ля магілы-помніка на плошчы Пілсудскага й яны самі назвалі сябе „ахоўнікамі ваеннага Грааля”.

Паводле меркаваньня сакратара Рады аховы памяці барацьбы й пакутніцтва, Магіла невядомага жаўнера – гэта таксама сымбалічнае падзякаваньне.

Анджэй Кунэрт: Магіла невядомага жаўнера зьяўляецца найбольш годным і магчымым у рэалізацыі для РП доказам пашаны й гонару ў дачыненьні да сотняў тысяч, а цяпер мы можам нават сказаць, што мільёнаў людзей – ня толькі жаўнераў – якія ахвяравалі жыцьцём за свабодную й незалежную краіну.

/

Напрыканцы Другой сусьветнай вайны помнік у Варшаве быў узарваны гітлераўцамі, але ўжо ў 1946 годзе яго аднавілі й нанава адкрылі.

На Магіле невядомага жаўнера на плошчы Пілсудскага гарыць Вечны агонь, а жаўнеры Войска Польскага нясуць каля яе ганаровую варту.

ФОТА: PAP/Paweł Supernak

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт