Logo Polskiego Radia
Print

У Варшаве завяршаецца конкурс імя Шапэна(ФОТА)

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 22.10.2015 14:17
  • конкурс.mp3
У чацьвер і пятніцу ў Нацыянальнай філярмоніі пройдуць апошнія канцэрты ляўрэатаў.
PAP/Radek Pietruszka

У Варшаве заканчваецца сёлетні XVІІ Міжнародны конкурс піяністаў імя Фрыдэрыка Шапэна. У чацьвер і пятніцу ў Нацыянальнай філярмоніі можна будзе паслухаць апошніх канцэртаў ляўрэатаў прэстыжнага спаборніцтва музыкантаў з усяго сьвету.

У сераду ўвечары ў Нацыянальнай філярмоніі ў Варшаве прайшла цырымонія ўзнагароджаньня пераможцаў XVІІ Міжнароднага конкурсу піяністаў імя Фрыдэрыка Шапэна.

Залаты мэдаль і галоўную прэмію конкурсу атрымаў Сэнг Чжын Чо з Паўднёвай Карэі. Узнагароду ўручыў прэзыдэнт Польшчы.

Падчас цырымоніі ў Нацыянальнай філярмоніі Анджэй Дуда падзякаваў усім выканаўцам за эмоцыі, якія яны далі публіцы на працягу ўсяго мерапрыемства.

/

Кіраўнік польскай дзяржавы падкрэсьліў, што апрача прэзэнтацыі сваіх здольнасьцяў, праз музыку Шапэна піяністы прасоўваць таксама польскую дзяржаву.

Анджэй Дуда: У кожнай ноце, якую яны так прыгожа выконваюць, можна ўбачыць адлюстраваньне Польшчы, яе традыцыі й культуры. Такім чынам, кожны музыкант, які іграе Шапэна, прасоўвае Польшчу. І менавіта за гэта я хачу ім шчыра падзякаваць. Іх працай і майстэрствам Польшча вельмі ганарыцца. І за гэта мы ім вельмі ўдзячныя.

Пераможца конкурсу карэйскі піяніст Сэнг Чжын Чо не скрываў, што падчас выступаў у Варшаве ён быў ахоплены вялікімі эмоцыямі.

/

Сэнг Чжын Чо: Вядома, што я гэта ўспрымаю вельмі эмацыйна. Я вельмі хваляваўся падчас слуханьняў. Адначасова я быў таксама вельмі шчасьлівым, што мог іграць Шапэна ў Варшаве перад польскай публікай. Гэта быў для мяне цудоўны момант. Вялікі дзякуй!

Другое месца атрымаў Шарль Рышар-Амлэн з Канады, ляўрэаткай трэцяй узнагароды стала Кэйт Лю са Злучаных Штатаў Амэрыкі. Чацьвёртую ўзнагароду атрымаў Эрык Лю з ЗША, пятую Тоні Янг з Канады, а шостую Дзьмітрый Шышкін з Расеі. Дыплёмы атрымалі Алёша Юніч з Харватыі, Аімі Кабаяшы зь Японіі, Георгійс Асокінс з Латвіі й паляк Шыман Нэрынг.

/

Усе слуханьні ў рамках конкурсу Шапэна трансьляваліся ў прамым эфіры Другой праграмы грамадзкага Польскага радыё. Акрамя таго, адмыслова з нагоды конкурсу піяністаў Польскае радыё запусьціла новы лічбавы канал „Радыё Шапэн”.

Радыё ўручыла таксама сваю ўзнагароды - за найлепш выкананую мазурку. Прэмію атрымала амэрыканка Кейт Лю.

/

Падчас урачыстага гала-канцэрту прыз уручыў старшыня грамадзкага Польскага радыё Анджэй Сезянеўскі.

Анджэй Сезянеўскі: Выкананьне мазуркаў патрабуе найбольшага майстэрства, паколькі гэта адны з найбольш складаных формаў у творчасьці Шапэна. Цяпер да групы іхных выдатных выканаўцаў далучыла Кейт Лю, якой я ўручаю гэтую ўзнагароду зь вялікай радасьцю.

Канцэрты ляўрэатаў, якія адбудуцца ў чацьвер і пятніцу, завершаць прэстыжнае спаборніцтва піяністаў, якое працягвалася тры тыдні. Старшыня журы конкурсу, прафэсар Катажына Папова-Зыдрань падкрэсьліла, што гэта быў выключны час.

Катажына Папова-Зыдрань: Музыка аб’ядноўвае людзей, нягледзячы на геаграфічныя межы, мову й нацыянальнасьць. Мільёны людзей сачылі за гэтым конкурсам, уключаліся ў яго, размаўлялі пра яго. За ўсё гэта мы павінны быць удзячныя Шапэну.

Адным з апошніх пункткаў конкурсу былo ўручэньне яго ўдзельнікам спэцыяльных прызоў, у тым ліку ўзнагароду публікі, якую атрымаў паляк - Шыман Нэрынг.

/

XVІІ Міжнародны конкурс піяністаў імя Фрыдэрыка Шапэна пачаўся 1 кастрычніка 2015 у Варшаве. Яго арганізатарам зьяўляецца Інстытут Фрэдэрыка Шапэна.

Да ўдзелу ў конкурсе, між іншым, шляхам адбору былі вылучаныя 84 піяністы, але канчаткова ў мерапрыемстве прынялт ўдзел 78 музыкантаў. Сярод іх была таксама беларуская піяністка Юлія Ермалаева, якая аднак ня выйшла ў другі этап конкурсу.

Слуханьні, якія праходзілі ў рамках конкурсу, былі падзеленыя на тры этапы. У фінал, які працягваўся з 18 па 20 кастрычніка, выйшлі 10 піяністаў, у тым ліку адзіны паляк - Шыман Нэрынг.

фота: PAP/Radek Pietruszka, PAP/Paweł Supernak

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт