Logo Polskiego Radia
Print

Адважныя героі “Выбараў-2015”

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 16.10.2015 15:21
  • (siuzhet_hieroji).mp3
Хто з маладых людзей і апазыцыйных палітыкаў не пабаяўся помсты ад дзейнай беларускай улады.

/

Палітычная акцыя “Выбары-2015”, у чарговы раз азмрочаная абуральнымі й непрыкрытымі фальсыфікацыямі, ад самага пачатку выглядала вырашаным пытаньнем. Нават многія апазыцыйна настроеныя беларусы заселі ў акопах, бо лічаць, што ў момант вострага геапалітычнага перадзелу менавіта Лукашэнка зьяўляецца гарантам незалежнасьці.

Дзейнаму кіраўніку дзяржавы, падобна на тое, многія даравалі русыфікацыю, зьнікненьне палітыкаў у канцы 90-х і сотні пасаджаных у вязьніцу землякоў, якія пацярпелі за альтэрнатыўныя погляды.

Тым ня менш, адразу ж пасьля сканчэньня галасаваньня некалькі соцень чалавек адважыліся выйсьці ў цэнтар Менска, каб засьведчыць сваю нязгоду.

Складалася ўражаньне, што мітынгоўшчыкаў было ня больш, чым журналістаў, спэцслужбоўцаў і правакатараў. Аднак на акцыі пратэсту зьявіліся бясстрашныя маладыя людзі, якія адважна, перад аб’ектывамі журналісцкіх і міліцэйскіх відэакамэраў адкрыта выказвалі пазыцыю, за якую ў нашай краіне могуць пасадзіць.

Відаць, самай калярытнай асобай стаў 17-гадовы менскі школьнік Ягор Скрабнеўскі. Менавіта ён да апошняга ня згортваў вялікі бел-чырвона-белы сьцяг. І менавіта яго міліцыя абвінаваціла ў… арганізацыі пасьлявыбарчай акцыі. Вось які абсурдны дыялёг у выніку здарыўся паміж Скрабнеўскім і чалавекам у форме, які складаў на юнака адміністрацыйны пратакол. Міліцыянт спытаўся, ці згодны Ягор з арганізацыяй мітынгу.

Ягор Скрабнеўскі: Я ня ўпэўнены, што ўсё зроблена па законе. Калі б вы мне патлумачылі, я б даў адказ на вашае пытаньне. Я ня ўпэўнены ў сытуацыі.

Міліцыянт: У правядзеньні несанкцыянаванага мітынгу вы ня згодны?

Ягор Скрабнеўскі: Згодны…

Відаць, размарозка санкцыяў у дачыненьні да бізнэсу беларускіх уладаў паўплывала на тое, што жорстка Скрабнеўскага не пакаралі. Дагэтуль невядома, ці адбудзецца ў дачыненьні да яго суд. У сярэдняй школе, дзе навучаецца юнак, зь ім і яго аднаклясьнікамі пагутарыў дырэктар. Хоць мала верыцца, што Скрабнеўскага на гэтым пакінуць у спакоі.

Калі на пасьлявыбарчай акцыі Плошча Незалежнасьці была амаль пустой і на ёй засталіся практычна толькі міліцыянты ў цывільным ды журналісты, перад такой публікай адкрыта выступіў яшчэ адзін бясстрашны малады чалавек — Артур Жук, супрацоўнік Менскага завода колавых цягачоў.

Артур Жук: У мяне адзін матыў: я ня згодны. Я ня веру, што 80 зь лішкам адсоткаў маглі прагаласаваць за аднаго кандыдата. 30% — так, я паверу. Я не баюся. Калі кожны ня будзе баяцца й будзе гэтак жа выступаць, тады будзе воля. А пакуль мы будзем баяцца, мы будзем згодныя з усім. Трэба ўсё ж змагацца за свае правы, змагацца за справядлівасьць, за свабоду. І пакуль мы ня будзем за гэта змагацца, нас будуць тут вось рэпрэсаваць, як пры Сталіне.

Жука таксама не затрымалі, адміністрацыйны пратакол у дачыненьні да яго не складаўся. На наступны дзень пасьля гэтага ўчынку калег Артура па працы ды яго самога дапытвала кіраўніцтва. Маладога чалавека папярэдзілі, што кантракт яму не працягнуць. А ў сераду 16 кастрычніка ў дачыненьні да Жука распачаўся першы адміністрацыйны працэс. І слаба верыцца, што на гэтым спэцслужбы спыняцца.

Перадвыбарчыя акцыі апазыцыі не былі шматлюднымі. Максымум на іх зьбіралася да 1000 чалавек. Нягледзячы на гэта, экс-палітвязень і адзін з апазыцыйных лідараў Беларусі Ўладзімер Някляеў лічыць, што ўсё было зроблена правільна, і менавіта пасьля “Галасаваньня-2015” распачнецца самы галоўны этап змаганьня.

Уладзімір Някляеў: Наперадзе нас чакаюць вялікія выпрабаваньні. Беларусь ніколі не пакіне ў спакоі тая сіла, якая хоча яе падначаліць, падмяць пад сябе. Мы павінны разумець, што гады, якія ў нас наперадзе, гады пасьля выбараў 2015-га года будуць вызначальнымі для лёсу нашай дзяржавы. Менавіта за гэтыя пяць гадоў мы ці здолеем дабіцца сапраўднай незалежнасьці й дзяржаўнасьці, ці Беларусь зьнікне з мапаў.

Не спыніў палітычную дзейнасьць і ў нядаўнім мінулым галоўны беларускі палітвязень ды палітычны лідар Мікола Статкевіч. Ужо на наступны дзень пасьля вызваленьня зь няволі, дзе ён правёў амаль пяць гадоў, апазыцыйны лідар працягнуў тую самую дзейнасьць, за якую яго неаднаразова прыцягвалі да крымінальнай адказнасьці.

Мікола Статкевіч: Беларусь убачыла зноў нашы сімвалы, нашы сьвятыя сьцягі, палітыя крывёю патрыётаў. Мы пачынаем кампанію па вяртаньні ўлады народу. У Лукашэнкі ёсьць два шляхі: альбо ў найбліжэйшыя месяцы ён зьменіць свае законы й верне тое, што ўкраў, албо народ забярэ ў яго ўладу сілком. Я хачу падзякаваць усім, хто мае гонар, хто мае сэрца, хто сапраўдны беларус.

Яшчэ адзін апазыцыйны лідар Павал Севярынец на пытаньне, ці былі перадвыбарчыя акцыі нязгодных апагеем палітычнай барацьбы, адказвае, што самае цікавае будзе чакаць краіну наперадзе.

Павел Севярынец: Напэўна, гэта не апагей, таму што змаганьне за Беларусь ішло стагодзьдзі. Беларусы — партызаны. Яны сядзяць на подступах і ў патрэбны момант зьяўляюцца там, дзе трэба.

Беларускія палітычныя арэлі ў кожны момант могуць зьмяніць накірунак. Невядома, які лёс будзе чакаць бясстрашных людзей, якія не пабаяліся рэпрэсіяў і выказвалі сваю пазыцыю. Аднак відавочна, што ў Беларусі ёсьць адважныя людзі, што не пабаяцца ў цяжкі момант узяць адказнасьць на сябе.

Сяргей Чыж

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт