Першы Нобэль для рэпарцёра
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
15.10.2015 15:40
Кнігі Сьвятланы Алексіевіч з самага пачатку выклікалі крайнія эмоцыі ў чытачоў.
„Ад пачатку было бачна, што яна (рэд. Сьвятлана Алексіевіч) перавышае нас узроўнем сваіх ведаў. У яе былі грунтоўныя веды па літаратуры. Яна таксама ўмела слухаць чалавека”, - так пра сёлетняю ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры Сьвятлану Алексіевіч кажа ў размове з выданьнем „Gazeta Wyborcza” ейны былы рэдакцыйны калега, а цяпер расейскі выдавец Барыс Пастэрнак.
Ён нагадвае, што пасьля заканчэньня працы над сваёй першай кнігай пад загалоўкам „У вайны не жаночае аблічча” беларуская пісьменьніца пакінула рэдакцыйны калектыў. Тым часам аказалася, што кнігі ніхто ня хоча выдаць. Рукапіс ляжаў два гады. Канчаткова гэта ўдалося толькі ў 1985 годзе ў Маскве.
„Гэта быў пералом. Нарэшце нехта дапусьціў да голасу ахвяраў вайны; сказаў, што вайна – гэта нешта жахлівае. Я памятаю, як рашуча адрэагавала грамадзтва. Сустрэчы й дыскусіі не заканчваліся. Вэтэраны бунтаваліся, што яна ганіць гераізм. Казалі, што яна здрадзіла народу й ідэалам. Ейную кнігу абмяркоўвалі, як раней творы Барыса Пастэрнака ці Ёсіфа Бродзкага,” – кажа выдавец.
У 1993 годзе эмоцыі, выкліканыя кнігай „Цынкавыя хлопчыкі”, давялі да судовага працэсу.
„Жанчыны абвінавачвалі яе (рэд. Алексіевіч) у тым, што яна выкарыстала толькі частку іх аповедаў і паказала найгоршыя рэчы; што яна ганіць іхныя дзецяй і ўсю айчыну. Сьвятлана абаранялася: „Гэта ж праўда, Вы мне гэта казалі, у мяне ёсьць запісы на дыктафоне”. Тады адна з жанчынаў крыкнула: „Навошта мне вашая праўда. Мне патрэбны сын – герой”, - успамінае Барыс Пастэрнак у размове з выданьнем „Gazeta Wyborcza”.
Паводле яго, у гэтым моманце будучая ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры вырашыла зьехаць за мяжу, дзе яна правяла 13 гадоў.
аз