Logo Polskiego Radia
Print

Расейскі дыплямат тлумачыць у МЗС свае словы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 28.09.2015 13:38
Кіраўнік расейскай дыпмісіі выкліканы ў польскае МЗС, калі заявіў, што палітыка Польшчы «давяла да катастрофы» ў верасьні 1939 году.
www.msz.gov.pl

Польскае Міністэрства замежных спраў выклікала на размову пасла Расеі ў Польшчы Сяргея Андрэева – паведамляе на першай старонцы Polska The Times. Кіраўнік дыпмісіі павінен патлумачыць свае словы, што быццам бы палітыка Польшчы «давяла да катастрофы» ў верасьні 1939 году. Расейскі дыплямат выказаў такое меркаваньне падчас інтэрвію ў адным з камэрцыйных каналаў польскага тэлебачаньня. На ягоную думку, таксама польска-расейскія адносіны цяпер самыя дрэнныя за пасьляваенны пэрыяд. І што гэта віна не Расеі, а польскага боку, які быццам бы «замарозіў палітычныя кантакты».

Словы Андрэева ўжо востра пракамэнтаваў міністар замежных спраў Гжэгаж Схэтына. «Нельга казаць такія рэчы, якія вяртаюць нас у тыя часы, калі расейскай дыпляматыяй кіраваў Вячаслаў Молатаў», – заявіў Схэтына. Словы расейскага пасла ён назваў крыўднымі, несправядлівымі, якія вынікаюць з неразуменьня гісторыі.
Выказваньне Андрэева – гэта элемэнт даволі празрыстай прапагандысцкай кампаніі, якая павінна правакаваць польскі бок, калі з вуснаў высокапастаўленых расейскіх дыпляматаў гучаць яўна хлусьлівыя гістарычныя тэзісы. Андрэеў заявіў таксама, што Савецкі Саюз быў прымушаны падпісаць дамову Молатава-Рыбэнтропа, паколькі Польшча «шмат разоў блякавала» спробы шматбаковага пагадненьня з удзелам СССР, што быццам бы магло б паўстрымаць пачатак вайны. Андрэеў аспрэчваў нават савецкае нападзеньне на Польшчу 17 верасьня 1939 году.

Андрэева выклікалі ў польскае МЗС, а раней таксама Крэмль выклікаў польскага пасла. Катажына Пэлчыньска-Налэнч пабывала ў расейскім МЗС двойчы – у сувязі з вандалізмам на намагільных плітах магіл савецкіх жаўнераў у Мілейчыцах ды пераносам помніка савецкаму генэралу ў Пененжне.

Выказваньне расейскага пасла камэнтуе таксама Rzeczpospolita. Калісьці польскія СМІ называлі авантурніцтвам цьвёрдую пазыцыю прэзыдэнта Леха Качыньскага ў адносінах да Расеі. Такі мяккі падыход да расейскай палітыкі, які дэманструюць палітыкі Грамадзянскай плятформы, нават прадыктаваны міжнароднай кан'юнктурай, не дапаможа Польшчы палепшыць адносіны. Сёньня гэты ўрок павінен засвоіць увесь палітычны кляс.

Polska The Times/Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт