Logo Polskiego Radia
Print

У Варшаве працуе выстава дарэвалюцыйных здымкаў Палесься (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 11.09.2015 20:14
  • Палесьсе.mp3
Здымкі з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музэя Беларусі можна ўбачыць у Дзяржаўным этнаграфічным музэі.
pinsk.pl

У варшаўскім Дзяржаўным этнаграфічным музэі прайшло ўрачыстае адкрыцьцё выставы «Чароўнасьць Палесься». Унікальныя фотаздымкі зробленыя ў дарэвалюцыйны час, цяпер яны знаходзяцца ў фондах Нацыянальнага гістарычнага музэя Рэспублікі Беларусь.

/


На выставе прадстаўленыя фотаздымкі аўтарства Ісаака Сербава – беларускага этнографа, фальклярыста й археоляга. У 1910-1913 гадах ён як сябра Расейскага геаграфічнага таварыства арганізаваў этнаграфічныя экспэдыцыі на Палесьсе. Іх вынікам стала некалькі соцень фотаздымкаў, частку зь якіх можна ўбачыць у Варшаве. На фота прадстаўленыя тыпы паляшукоў, іх штодзённае жыцьцё, побыт, праца, вопратка й традыцыі.

/


Намесьнік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музэя Рэспублікі Беларусь Аляксандар Храмы сказаў нам, што паміж беларускай установай і польскім этнаграфічным музэям існуюць даўнія сувязі й супрацоўніцтва.

/


Выстава арганізаваная пры ўдзеле Культурнага цэнтра Беларусі пры амбасадзе РБ у Польшчы. Дырэктар цэнтра, дарадчык пасольства Эдуард Швайко сказаў, што зь ініцыятывай правядзеньня выставы «Чароўнасьць Палесься» выступіў польскі бок.
Сярод публікі, якая прыбыла на адкрыцьцё выставы, былі ня толькі палякі, але й беларусы. На ёй мы сустрэлі Алену Сіўцову – этноляга, журналіста й дыктара. Паводле яе, выстава дае непаўторную магчымасьць усталяваць сувязь паміж сёньняшнімі беларусамі й іх продкамі.

/


Падчас сваіх экспэдыцый Ісаак Сербаў зрабіў некалькі соцень фотаздымкаў, каля 600 ягоных працаў захаваліся да сёньняшніх дзён. 154 фотаздымкі знаходзяцца ў музэйных фондах, астатнія – у бібліятэцы Віленскага ўнівэрсытэту. На многіх фатаграфіях увекавечаныя традыцыйныя заняткі паляшукоў, а таксама традыцыйная архітэктура Палесься.

Ісаак Сербаў зьдзейсьніў на Палесьсе тры экспэдыцыі.

Валеры Саўко

фота аўтара (акрамя першага зьверху здымка)

рэпартаж у далучаным гукавым файле

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт