Абавязковыя ліміты бежанцаў для паасобных краінаў ЭЗ падзяляюць ня толькі польскую палітычную сцэну, але таксама грамадзтва.
Палітычныя сілы абвінавачваюць адна адну ў выкарыстоўваньні тэмы дзеля перадвыбарчай кампаніі. У сваю чаргу польскія грамадзяне хвалю бежанцаў атаясамліваюць, перш за ўсё, з пагрозай тэрарызму.
Польскі ўрад бярэ пад увагу магчымасьць большага заангажаваньня па пытаньні бежанцаў у Эўропе. Падчас учарашняй палітычнай нарады, якая адбылася ў Канцылярыі прэм’ер-міністра, Эва Копач пераконвала, што маем справу з гуманітарнай катастрофай.
Эва Копач: Заклік Польшчы да салідарнасьці – гэта не шантаж. Гэта цьвярозая ацэнка сытуацыі. Супольныя й пасьпяховыя дзеяньні Эўразьвязу знаходзяцца ў інтарэсе ўсіх бакоў. Апрача таго, трэба выявіць хоць мінімальную прыстойнасьць. Старшыня Эўракамісіі Жан-Клёд Юнкер у сваім выступленьні нагадаў нам усім, палякам, што мы таксама калісьці былі бежанцамі.
Эўракамісія хоча, каб Польшча прыняла дадатковыя больш за 9 тысяч бежанцаў. Учора ў Эўрапейскім парлямэнце ў Страсбургу старшыня камісіі Жан-Клёд Юнкер прадставіў плян барацьбы зь міграцыйным крызысам у Эўропе. Ён прапанаваў, каб Эўразьвяз на пачатак прыняў больш за 160 тысяч бежанцаў, зь якіх Польшча – больш за 11 тысяч.
Дарэчы, пасьля Нямеччыны, Францыі й Гішпаніі, Польшча зьяўляецца чацьвёртай краінай па колькасьці ўцекачоў, якіх трэба разьмеркаваць у Эўропе.
У дэбатах, якія прэм’ер Эва Копач склікала пасьля прэзэнтацыі плянаў Эўракамісіі, удзельнічалі, між іншым, старшыня Сэйму Малгажата Кідава-Блоньска, старшыня сэнату Богдан Барусэвіч, віцэ-прэм’ер Томаш Сямоняк ды кіраўнікі МЗС і МУС – Гжэгаж Схэтына й Тэрэса Пятроўска.
У сваю чаргу на кансультацыі ў Канцылярыю прэм'ера не прыбылі лідары апазыцыі - Яраслаў Качыньскі ад правай партыі „Права й справядлівасьць” й Лешэк Мілер ад Саюзу левых дэмакратычных сілаў. Сярод запрошаных лідараў палітычных партый прыбыў толькі старшыня кааліцыйнай „Польскай сялянскай партыі”, намесьнік прэм'ер-міністра Януш Пехаціньскі.
Найбуйнейшая апазыцыйная партыя „Права й справядлівасьць” лічыць, што па справе лімітаў бежанцаў, якіх павінны прыняць сяброўскія краіны, польскі ўрад падвяргаецца шантажу з боку Эўразьвязу. Віцэ-старшыня партыі Эва Шыдла запатрабавала, каб урад пазнаёміў польскі парлямэнт і грамадзянаў са сваімі сапраўднымі плянамі адносна палітыкі ў дачыненьні да бежанцаў.
Бэата Шыдла: Неабходна, каб сёньня кіраўнік польскага ўраду паўстаў перад палякамі й не ў эмацыйным выступленьні, а рацыянальна паведаміла ім пра прапановы польскага ўраду – пра тое, на што ён згадзіўся й якую пазыцыю й аргумэнты прадставіць у Брусэлі.
Гэта ня тэма перадвыбарнай кампаніі, але рэальная праблема, перасьцерагае палітоляг з Вышэйшай школы сацыяльнай псыхалёгіі ў Варшаве.
Радаслаў Маркоўскі лічыць, што па гэтай справе неабходная нацыянальная й палітычная згода.
Радаслаў Маркоўскі: Добра было б, калі б усё палітычная сілы ў Польшчы пачалі ставіцца да праблемы разумна, а не эмацыйна. Рашэньні трэба прымаць супольна з Эўропай – мы самі па гэтай справе не дамо рады. Таксама адсутнасьць зразуменьня для пазыцыі заходніх эўрапейцаў, асабліва немцаў, не вядзе да нічога добрага. Неўзабаве Польшча таксама можа мець праблему на ўсходніх межах і тады дапамога немцаў будзе нам неабходная.
У сваю чаргу спэцыяліст па міграцыі доктар Конрад Пэндзівятр нагадвае, што з пачатку вайны ў Сырыі, то бок цягам чатырох гадоў, у краінах, якія мяжуюць з гэтай дзяржавай, у надзвычай складаных умовах, пражываюць мільёны сырыйскіх бежанцаў.
Конрад Пэндзівятр: Хваля імігрантаў, якая цяпер назіраецца ў Эўропе, гэта зьява, зь якой Турцыя, Лібія, Ярданія змагаюцца ўжо многія гады. Да гэтай пары мы проста не ўсьведамлялі сабе існаваньня гэтага канфлікту, асабліва тыя, якія не цікавяцца Блізкім Усходам. Тым часам канфлікт працягваўся, прычыняючыся да штодзённых праблемаў туркаў, лібанцаў і ярданцаў.
Тым часам прапанова абавязковых лімітаў бежанцаў для паасобных краінаў ЭЗ падзяляе ня толькі польскую палітычную сцэну, але таксама грамадзтва. Гарачыя дыскусіі праціўнікаў і прыхільнікаў імігрантаў праходзяць у сацыяльных сятках. Палякі баяцца, што разам зь бежанцамі ў Польшчы могуць паявіцца тэрарысты. Яны таксама асьцерагаюцца, ці дзяржава можа сабе дазволіць прыняць такую колькасьць іншаземцаў ды й наогул баяцца адсутнасьці досьведу па эфэктыўнай інтэграцыі прадстаўнікоў настолькі розных ад польскай культураў і мэнталітэтаў.
У суботу ў цэнтры Варшавы плянавалася зладзіць дзьве маніфэстацыі: адну ў падтрымку бежанцаў, другую супраць іх. Аднак асяродзьдзе крайніх правых сілаў, якое хацела арганізаваць антыімігранцкае шэсьце, канчаткова не атрымала на дэманстрацыю згоды гарадзкіх уладаў. Дэманстрацыя ў падтрымку бежанцаў адбудзецца. Пакуль удзел у ёй дэкляравалі больш за 10 тысяч чалавек.
Плян Эўракамісіі ў панядзелак абмяркуюць міністры ўнутраных спраў краінаў ЭЗ. Эўракамісія спадзяецца, што, нягледзячы на рознагалосьсі, плян будзе прыняты.
Дзеля гэтага дастатковыя галасы большасьці краін. Нягледзячы на заклікі шэрагу краін, старшыня Эўрапейскай рады Дональд Туск пакуль ня вырашыў аб скліканьні пазачарговага саміту лідараў ЭЗ.
аз