Logo Polskiego Radia
Print

Лукашэнка выйграе ў вайне нэрваў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 05.08.2015 21:15
  • usau.mp3
П. Усаў: Ён у вачах Захаду перастае быць апошнім дыктатарам Эўропы. Але заходнія палітыкі памыляюцца.
Фота: nn.byФота: nn.by

На мінулым тыдні А. Лукашэнка даў інтэрвію прадстаўнікам незалежных мас-мэдыяў, што яшчэ больш зьмякчыць падыход заходніх палітыкаў да Беларусі. Рада ЭЗ зьняла санкцыі зь беларускіх чыноўнікаў і кампаній, а ў самой Беларусі даражэе даляр, міліцыя разганяе рок-канцэрт, растуць пастаўкі нафты з Расеі. Падзеі камэнтуе палітоляг Павал Усаў.

Інтэрвію беларускага кіраўніка незалежным СМІ: 1-0 у карысьць Лукашэнкі

Кіраўнік беларускай дзяржавы даў інтэрвію прадстаўнікам незалежнай прэсы – журналістам Эўрарадыё, радыё Свабоды і tut.by. Журналісты пыталі пра незалежнасьць Беларусі, падрыхтоўку да выбараў, сытуацыю ва Ўкраіне. Але Лукашэнка – майстар гаварыць у абыход канкрэтнай праблемы, нічога новага ён не сказаў. Навошта гэта было патрэбнае прадстаўнікам незалежнай прэсы, ці ёсьць сэнс браць інтэрвію ў Аляксандра Лукашэнкі? Некаторыя журналісты, як, напрыклад, Сьвятлана Калінкіна, выступілі з крытыкай гэтага рашэньня, маўляў, інтэрвію з Лукашэнкам – нецікава, можна прадбачыць усё, што ён скажа.

П. Усаў: Лукашэнка нічога новага сказаць ня можа. Ягоныя адказы на праблемы, якія падымаюцца падчас інтэрвію, традыцыйныя, гэта штампы, але з пункту гледжаньня палітычнага іміджу, гульні з Захадам – гэта даволі добры крок яго дарадцаў – даць інтэрвію незалежным СМІ, каб паказаць, што пачаўся працэс палітычнай адлігі, лібэралізацыі. Незалежныя СМІ, асабліва Свабода, яшчэ да нядаўняга часу знаходзіліся ў чорным сьпісе. Для заходніх палітыкаў – гэта доказ таго, што з Лукашэнкам варта размаўляць, хаця такі падыход зьяўляецца вялікай памылкай.

Ужо відаць адлігу ў адносінах Беларусі з Захадам. Рада Эўразьвязу зьняла санкцыі зь беларускіх чыноўнікаў – з 26 чалавек, а таксама 4 кампаній. Толькі зусім незразумелы прынцып, паводле якога адбываўся гэты працэс.

П. Усаў: Няма ніякага прынцыпу. Ёсьць агульны падыход Эўропы да Лукашэнкі, які перастаў быць апошнім дыктатарaм пасьля падзеяў ва Ўкраіне. Эўропа дзякуючы гэтаму геапалітычнаму фону гатовая размаўляць з Лукашэнкам і заплюшчыць вочы на кепскую палітычную сытуацыю ў Беларусі, няма ніякіх прыкметаў таго, што будуць адбывацца нейкія сур’ёзныя палітычныя зьмены. Лукашэнка выйграў у вайне нэрваў, ён нічога не страціў, а ўзамен яго палітычныя паплечнікі зноў пачнуць гандляваць з Захадам.

Рок-музыка заўсёды была веяньнем свабоды, чаго вельмі ня любяць аўтарытарныя ўлады.

У адносінах паміж Захадам і Беларусяй відаць адлігу, а ў самой Беларусі ніякай адлігі не бачна. Міліцыя разагнала канцэрт рок-гуртоў пад Менскам, у Бярозе не дазволілі пікет у абарону палітвязьняў. Кажуць, што міліцыя больш жорсткая перад выбарамі, але ж нічога не зьмянілася ў гэтым пляне.

П. Усаў: Ня трэба гэта зьвязваць з перадвыбарчай кампаніяй. Трэба разумець, як функцыянуе сыстэма. Кожная аўтарытарная ўлада абмяжоўвае дзеяньні, якія супярэчаць ідэалёгіі. Разгон рок-канцэрту сьведчыць аб тым, што сыстэма нішчыць тое, што супярэчыць ідэалягічнаму погляду кіроўных элітаў. Рок заўсёды антыдзяржаўны, завалюавана можа казаць пра свабоду, падштурхоўвае моладзь да пратэсту. А які-колечы пратэст у Беларусі забаронены. Таму нічога дзіўнага ў дзеяньнях улады няма. Для нас яны абсурдныя, але насамрэч заканамерныя.

Расея Беларусь не выратуе

І апошняе пытаньне – эканоміка. Высокі рост курсу даляра ў Беларусі (на 28% з пачатку года), чарговы крэдыт і павялічэньне паставак нафты з Расеі ў Беларусь.

П. Усаў: Даўно гавораць пра магчымую дэвальвацыю беларускага рубля. Складаная эканамічная сытуацыя зьвязаная перш за ўсё з санкцыямі, якія былі ўведзеныя супраць Расеі, заняпадам расейскай эканомікі, якая зьяўлялася асноўным спажыўцом беларускай прадукцыі. Фактычна паўтараецца сцэнар 2011 году, калі адбыўся абвал беларускага рубля, што прывяло да сацыяльных бунтаў. Цяжка прадказаць, як будзе весьці сябе грамадзтва, калі ўмовы жыцьця пагоршацца ў некалькі разоў. Расея ня можа ўжо датаваць беларускай эканомікі, хаця б дзякуючы пастаўкам нафты яна крыху стараецца мінімалізаваць пагрозы. Але ўлічваючы падзеньне коштаў на нафту гэта не выратуе Беларусь.

Размаўляла Натальля Грышкевіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт