Logo Polskiego Radia
Print

Сэнатары прагаласавалі за закон аб лячэньні бясплодзьдзя

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 13.07.2015 14:24
Перад галасаваньнем у Сэнаце прайшла гарачая дыскусія прыхільнікаў і супраціўнікаў закону.
PAP

Сэнатары – дэпутаты вышэйшай палаты польскага парлямэнту – адобрылі законапраект аб лячэньні бясплодзьдзя. Перад галасаваньнем у Сэнаце прайшла гарачая дыскусія прыхільнікаў і супраціўнікаў закону. Гаворка ішла перш за ўсё пра пытаньне экстракарпаральнага апладненьня, супраць якога выступае каталіцкі касьцёл.

Закон аб лячэньні бясплодзьдзя замацоўвае права скарыстацца экстракарпаральным апладненьнем парамі, якія знаходзяцца ў афіцыйным саюзе, а таксама парамі бяз шлюбу, у якіх абедзьве асобы згаджаюцца выкарыстаць мэтад. Лячэньне пры дапамозе штучнага апладненьня магчыма выкарыстаць толькі праз год пасьля іншых мэтадаў тэрапіі. Закон прадбачвае донарства зародкаў, але забараняе апладняць яйцаклетку ў іншых мэтах, чым цяжарнасьць. Забараняе таксама зьнішчаць зародкі, якія здольныя жыць і разьвівацца ў арганізьме жанчыны – за гэта прадбачваецца пакараньне пазбаўленьнем волі тэрмінам ад 6 месяцаў да 5 гадоў.

Вынік галасаваньня над законам да канца цяжка было прадбачыць. Сэнатары былі падзеленыя ў сваіх меркаваньнях. За дакумэнт галасвала 46 сэнатараў, супраць было 43, а 4 стрымаліся ад галасаваньня. Вынік галасаваньня ўсьцешыў віцэ-міністра здароўя Ігара Радзевіча-Віньніцкага.

І. Радзевіч-Віньніцкі: Мы – апошняя краіна ў Эўропе, дзе не было прававых нормаў у дадзенай сфэры. Праціўнікі in vitro высоўвалі прапановы, якія практычна перакрывалі магчымасьць доступу да гэтага сучаснага мэтаду лячэньня. Усе яны абмяжоўвалі маштаб выкарыстаньня мэтаду толькі для сужонкаў, або зусім практычна адбіралі магчымасьць яго выкарыстоўваньня, паколькі забаранялі крыякансэрвацыю (замарозку) зародкаў або абмяжоўвалі колькасьць зародкаў. Гэта значыць, што калі б былі ўнесеныя папраўкі, то палякам прыйшлося б шукаць дапамогі і лячыцца за мяжою.

Сэнатар Польскай сялянскай партыі Анджаліка Мажджаноўска патрабавала, каб мэтад апладненьня in vitro быў даступны толькі парам, якія знаходзяцца ў шлюбным саюзе.

А. Мажджаноўска: Гэта была б гарантыя замацаваньня каштоўнасьці сям’і, дабра для дзіцяці і дасягненьняў мэдыцыны. Гэты закон павінен прымацца ў іншай атмасфэры. Я не згаджаюся з такімі эмоцыямі, палітычнымі спрэчкамі.

Сакратар Эпіскапату Польшчы біскуп Артур Мізіньскі мяркуе, што in vitro – недапушчальнае ў маральным пляне. На думку прадстаўніка каталіцкага касьцёла, законапраект парушае таксама канстытуцыю дзяржавы. Асноўны закон патрабуе, каб кіруючыя сілы ахоўвалі жыцьцё людзей. Гаворка ідзе аб тым, што ў выніку замарозкі частка зародкаў гіне.

А. Мізіньскі: Пастары каталіцкага касьцёла ня раз казалі пра маральную недапушчальнасьць гэтага закону. Вялікі дзякуй усім сэнатарам, якія стараліся бараніць жыцьцё самых слабых людзкіх істотаў. Згодна 30-му артыкулу асноўнага закону краіны, грамадзкія ўлады павінны ахоўваць жыцьцё і годнасьць чалавека. Гэта іх абавязак.

За прыняцьце закону галасавалі ў большасьці сэнатары кіруючай кааліцыі Грамадзянская плятформа – Польская сялянская партыя. Супраць былі многія дэпутаты ад партыі Права і справядлівасьць. Ян Марыя Яцкоўскі з гэтай групоўкі кажа, што закон не павінен прайсьці праз галасаваньне без унясеньня паправак.

Я.М.Яцкоўскі: Я, канешне, расчараваны. На маю думку, вельмі дрэнна, што законапраект быў прыняты без унясеньня паправак. Я перакананы, што гэта вельмі дрэнны закон, які выклікае вельмі сурёзныя сумненьні, ці не парушаецца тут канстытуцыя. Не патрэбная была таксама сьпешка, мы маглі спакойна разгледзець папраўкі, іх было каля 70. І спакойна прыняць закон, каб ён быў цывілізаваным юрыдычным актам.

Паводле прыхільнікаў штучнага апладненьня, дзякуючы закону каля 1,5 мільёна бясплодных параў можа старацца зьдзейсьніць свае мары пра патомства. Па словах сэнатара ГП Богдана Кліха, закон дае надзею людзям, якія без гэтага мэтаду ня могуць нарадзіць дзіця. Таму вельмі добра, што закон прайшоў праз Сэнат.

Б. Кліх: Абавязак сэнатараў, а таксама дэпутатаў Сэйму – гэта даць магчымасьць людзям, мужчынам і жанчынам, зьдзейсьніць свае мары аб тым, каб стаць бацькамі. І таму я галасаваў за закон. І я, і многія мае калегі вырашылі, што да гэтага часу ў Польшчы назіраецца поўны хаос у гэтай сфэры. Дагэтуль права ніякім чынам не рэгулявала экстракарпаральнага апладненьня, а гэта зьяўляецца небясьпечнай сытуацыяй.

Цяпер законапраект чакае толькі подпісу прэзыдэнта Браніслава Камароўскага. Ён заявіў, што падпіша дакумэнт, калі экспэрты ня знойдуць у ім палажэньняў, якія пярэчаць асноўнаму закону краіны.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт