Азіяцкія фірмы пад прыцэлам падатковай інспэкцыі
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
08.07.2015 13:35
Праверка ў гандлёвым цэнтры пад Варшавай засьведчыла шмат правапарушэньняў.
Агромную колькасьць правапарушэньняў адкрылі кантралёры ў Вульцы Касоўскай – гандлёвым цэнтры пад Варшавай, дзе працуюць галоўным чынам выхадцы з Віетнаму і Кітая. Справу апісвае выданьне Rzeczpospolita.
Гандляры з Вулькі стварылі гермэтычнае асяродзьдзе, якога дзяржава
дагэтуль ня здолела эфэктыўна кантраляваць, хаця існавала перакананьне, што многія не плацяць падаткаў, таму могуць прадаваць тавар таньней, чым іншыя прадаўцы. Такія месцы шкодзяць канкурэнцыі, таму неабходна з імі змагацца – мяркуюць экспэрты. Аналіз падатковай інспэкцыі выявіў, што азіяцкія фірмы маюць агромнае абарачэньне, але плацяць толькі сымбалічныя падаткі. У сваю чаргу даход вывозяць за мяжу ў наяўных.
Падатковая вядзе праверку 205 фірмаў, а ў 16 кантроль ужо закончыўся. У выніку выяўлена незаплачаных падаткаў на суму 37 мільёнаў злотых, масу фікцыйных зьдзелак, пустых накладных. Амаль кожная другая накладная зьяўляецца фікцыйнай.
Маштаб парушэньняў у Вульцы Касоўскай выклікае занепакаеньне фінансавых органаў Польшчы. Віцэ-міністар фінансаў Агнешка Крулікоўска адзначае, што мэтай праверкі зьяўляюцца толькі падатковыя махляры, незалежна ад нацыянальнасьці. Тым ня менш, кантраляваньне фірмаў з Азіі выклікае шмат праблем. Іх сядзібы часта знаходзяцца ў віртуальных офісах, кіраўніцтва цяжка знайсьці, а старшыні кажуць, што яны не разумеюць польскай мовы.
На колькі ацэньваецца зона ценявой эканомікі фірмаў з Азіі? Цяжка сказаць, хаця падатковая падлічыла, што пры абарачэньні каля 2 млрд. злотых фірмы з Вулькі заплацілі падаткі ў колькасьці 0,3 праміле. Апазыцыйныя партыі вінавацяць польскія кіруючыя эліты, што яны слаба кантралююць ценявую зону. Паводле падлікаў партыі Права і справядлівасьць, эфэктыўнае змаганьне зь ценявой эканомікай прынесла б бюджэту 52 млрд злотых.
Rzeczpospolita/нг