З аўторка, 23 чэрвеня, краіны-ўдзельніцы Шэнгенскай зоны ўвялі Візавую інфармацыйную сыстэму. Гэта азначае, што кожны грамадзянін Беларусі, які стараецца атрымаць эўрапейскую візу, будзе прымушаны здаць адбіткі пальцаў (сканаваньне адбіткаў).
Сама па сабе біямэтрыя займае ад некалькіх сэкунд да некалькіх хвілін, але ў некаторых выпадках гэта адбілася на кашальку турыстаў. Напрыклад, у сувязі з новаўвядзеньнем у візавым цэнтры Летувы павялічылі плату за паслугі.
Цяпер кожны грамадзянін Беларусі, які падае дакумэнты на візу, павінен асабіста прыбыць у консульства, паведамляе зь Менска карэспандэнт Польскага радыё ў Менску Ўладзімір Пац:
У.Пац: Амбасада Польшчы ў Беларусі паведаміла, што пасьля ўвядзеньне сыстэмы кожны грамадзянін, які падае дакумэнты на візу, павінен асабіста прыбыць у консульскую ўстанову з мэтай здаць адбіткі ўсіх пальцаў ды зрабіць здымак. Адбіткі пальцаў будуць захоўвацца ў сыстэме на працягу бліжэйшых 59 месяцаў і іх можна будзе выкарыстаць пры чарговай падачы дакумэнтаў на візу. Абавязак здачы адбіткаў не датычыць дзяцей да 12 гадоў, грамадзянаў, у якіх з-за фізычных абмежаваньняў нельга гэтага зрабіць, а таксама чальцоў афіцыйных урадавых дэлегацый. Галоўная мэта інфармацыйнай сыстэмы – гэта спрашчэньне працэсу выдачы віз, пахутчэньне памежнага кантролю, а таксама ўзмацненьне бясьпекі чальцоўскіх краін зоны Шэнген.
Збор біямэтрычных дадзеных пачалі ня толькі ў консульствах, але і ў візавых цэнтрах Латвіі й Летувы.
Візавыя цэнтры не зьяўляюцца дыпляматычнымі прадстаўніцтвамі, але аказваюць усе паслугі па атрыманьні візы й лічацца афіцыйнымі пасярэднікамі пры пасольстве. За свае паслугі яны бяруць сэрвісны збор, які не павінен перавышаць 30 эўра. У цэнтрах можна адсканаваць, раздрукаваць дакумэнты, пры гэтым папярэдні запіс на падачу заяў не патрэбны.
Дарэчы, Візавая інфармацыйная сыстэма мае агульнаэўрапейскі абсяг. Гэта азначае, што калі нехта здаваў адбіткі пальцаў у консульстве Польшчы, то калі празь нейкі час будзе падаваць дакумэнты, напрыклад, на візу ў нямецкае консульства, другі раз паўтараць працэдуру ня прыйдзецца, паколькі консульствы карыстаюцца адной і той жа базай дадзеных.
Як паведамляе партал tut.by, візавыя цэнтры Гішпаніі, Даніі й Грэцыі біямэтрычныя дадзеныя пакуль не зьбіраюць. Прадстаўнікі кампаніі VFS Global, якая аказвае паслугі ў візавых цэнтрах, ад камэнтароў адмовіліся. Аднак у далейшым там таксама пачнуць працаваць зь біямэтрыяй.
Збор біямэтрычных дадзеных абазначае асабістую падачу дакумэнтаў заяўнікам. У тым ліку й тады, калі беларус едзе ў краіну ў складзе турыстычнай групы.
У працы туркампаній з-за запуску сыстэмы практычна нічога не зьмянілася: нягледзячы на біямэтрыю, набор дакумэнтаў на візу застаўся такім жа.
вс