Logo Polskiego Radia
Print

Санкцыі супраць Расеі засталіся ў сіле

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 19.06.2015 16:38
Фармальная прычына падаўжэньня санкцый – сытуацыя на ўсходзе Ўкраіны.
Foto: ЕРА

У бліжэйшы панядзелак кіраўнікі дыпляматыі краін ЭЗ павінны былі агучыць рашэньне пра падаўжэньні санкцый супраць Расеі. Але гэта было настолькі элемэнтарным, што дзяржавы Эўразьвязу згадзіліся пры дапамозе сваіх амбасадараў, каб міністры ўжо не сустракаліся ў Люксэмбургу. Такім чынам ужо ў сераду на сустрэчы паслоў стала вядома, што санкцыі супраць Расеі ніхто не зьбіраецца адмяняць.

Фармальная прычына падаўжэньня санкцый – сытуацыя на ўсходзе Ўкраіны. Прадстаўнікі ЭЗ прызналі, што няма пра што дыспутаваць, няма сэнсу казаць пра зьмякчэньне санкцый, да чаго імкнуліся некаторыя краіны, напрыклад, Грэцыя, а таксама не было ўпэўненасьці, як паступяць Фінляндыя ды Італія.

Санкцыі ахопліваюць значнае абмежаваньне ў доступе пяці расейскіх банкаў да заходніх фінансавых рынкаў, і падобныя ж абмежаваньні для Роснефці, Газпром-Нефці, Транснефці і некалькіх фірмаў са сфэры ваеннай прамысловасьці. У лік санкцый уваходзіць забарона заключаць новыя кантракты на продаж зброі, забарона экспарту ў Расею многіх сучасных тэхналёгій, у тым ліку па пошуку і распрацоўцы сланцавых і падводных радовішчаў нафты ў Арктыцы. Гэтыя меры былі прынятыя амаль год таму, пазьней былі абвостраны. У адказ Масква заблякавала ў прыватнасьці вялікую частку імпарту сельскагаспадарчых прадуктаў з Эўрапейскага Зьвязу.

На думку Томаша Страханоўскага з Таварыства супрацоўніцтва «Польшча – Усход», санкцыі поўнасьцю абгрунтаваныя.

Т. Страханоўскі: Гэта, бадай, адзіны інструмэнт, які можа паказаць Расеі, расейскім уладам, што Эўрапейскі Зьвяз не мяняе свайго стаўленьня. Такім чынам ЭЗ пацьвярджае, што ён ніколі ня згодзіцца, не заплюшчыць вочы на дзеяньні Расеі, агрэсію ва Ўкраіне.

Рэакцыі расейскіх уладаў пасьля ўвядзеньня санкцый паказваюць, што яны балюча закранаюць інтарэсы Расеі. Але зразумела, што такія меры маюць таксама свае адмоўныя наступствы і для краін ЭЗ, – адзначае Томаш Страханоўскі.

Т. Страханоўскі: Пакутуюць ад гэтага абодва бакі: і Расея, якая змагаецца з паўзучым крызысам, і адчуе вынікі санкцый напэўна ў далейшай пэрспэктыве, і краіны Эўрапейскага Зьвязу. Скарачаецца супрацоўніцтва ў кожнай галіне – ня толькі эканамічнай, але таксама культурніцкай, грамадзкай, паміж звычайнымі людзьмі.

Яшчэ нядаўна не было вядома, ці краінам ЭЗ удасца захаваць салідарную пазыцыю. Але падчас саміту Вялікай сямёркі ў Баварыі на мінулым тыдні стала ясна, што прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд выказваецца за падаўжэньне санкцыі насуперак прэсінгу некаторых прадстаўнікоў уласнай дыпляматыі, якія прапанавалі яму паступова зьмякчаць санкцыі цягам бліжэйшых месяцаў. Прэм’ер Італіі як звычайна паўтараў, што ён сумняецца ў эфэктыўнасьці такіх мераў, але яго краіна паступіць як бальшыня. У сваю чаргу канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель выступае галоўным абаронцам сумеснай палітыкі ЭЗ.

Санкцыі працягнутыя на паўгоду. За гэты час адзіная пазыцыя Зьвязу можа аслабець. Невядома, як паступяць сябры ЭЗ, калі менскія пагадненьні надалей ня будуць ажыцьцяўляцца, а цяпер, здаецца, мала хто верыць, што ўдасца іх поўнасьцю ўвесьці ў дзеяньне. Уладзімір Пуцін таксама не бязьдзейнічае. На пецярбурскі эканамічны форум, які праходзіць 18-20 чэрвеня, запрошаныя многія эўрапейскія палітыкі, у прыватнасьці, прэм’ер-міністар Грэцыі Алексіс Цыпрас, былыя прэм’еры Францыі ды Італіі з магутнай дэлегацыяй бізнэсмэнаў і парлямэнтароў.

Калі гаворка ідзе пра сытуацыю ў Расеі, то цікавы прагноз зрабіла амэрыканская прыватная фірма выведкі Stratfor. Яна прадбачвае, што цягам бліжэйшых дзесяці гадоў Расею чакае каляпс. Нават калі дзяржава не распадзецца на кавалкі, то Масква страціць кантроль над сваімі рэгіёнамі, у тым ліку са сфэры яе ўплываў выйдзе Беларусь, як цяпер выйшла Ўкраіна. Расея перастане лічыцца ў сьпісе буйных эканомік сьвету ў выніку санкцый, падзеньня цэнаў на нафту, зьніжэньня курсу рубля, росту ваенных выдаткаў і ўзмацненьня ўнутраных канфліктаў. У сваю чаргу Польшча трапіць у цэнтар эканамічнага разьвіцьця і павялічыць свае палітычныя ўплывы.


нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт