Logo Polskiego Radia
Print

У Беластоку шукаюць астанкаў ахвяр таталітарызму

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 11.06.2015 15:17
Археалягічныя раскопкі будуць праводзіцца на тэрыторыі мясцовага сьледчага ізалятара.

15 чэрвеня на тэрыторыі сьледчага ізалятара ў Беластоку пачнецца самы буйны ў гэтым годзе праект па пошуку астанкаў ахвяр таталітарызму.

У папярэднія гады, у садзе ля турмы і ў турэмным склепе навукоўцы знайшлі астанкі каля 300 чалавек, піша выданьне „Rzeczpospolita”.

„Працу будуць праводзіць спэцыялісты ў галіне судовай мэдыцыны, антрапалёгіі, генэтыкі й археалёгіі”, - паведаміў кіраўнік сьледчага аддзела Інстытуту нацыянальнай памяці (IPN) у Беластоку, пракурор Януш Раманьчук.

Пошук астанкаў праходзіць пад наглядам пракурора Зьбігнева Кулікоўскага зь IPN, які вядзе расьсьледаваньне злачынстваў, учыненых у гэтым месцы ў гады 1939-1956.

Сярод ахвяр могуць быць асобы, забітыя саветамі й гітлераўцамі падчас Другой сусьветнай вайны, а таксама пасьля вайны афіцэрамі службы бясьпекі. Праўдападобна на тэрыторыі сьледчага арышту былі пахаваныя таксама вязьні, якія памерлі падчас утрыманьня. Сярод іх былі дзеці й жанчыны.

Работы па пошуку ахвяраў таталітарызму на тэрыторыі сьледчага ізалятара ў Беластоку працягваюцца з 2013 году. Навукоўцы з Польскай генэтычнай базы ахвяр таталітарызму, якая дзейнічае пры Паморскім мэдыцынскім унівэрсытэце ў Шчэціне зьбіраюць генэтычны матэрыял для параўнальных дасьледаваньняў. У будучыні гэта дапаможа ў ідэнтыфікацыі ахвяр.

Паралельна вядзецца таксама праца па пошуку месца пахаваньня ахвяр гэтак званай Аўгустоўскай аблавы. Сьледчыя шукаюць месца масавых расстрэлаў на ўсход ад гарадка Гібы, недалёка ад польска-беларускай мяжы.

Нагадаем, у ліпені 1945 году ў рамках акцыі супраць незалежніцкага падпольля жаўнеры савецкай контрвыведчай службы (СМЕРШ) Беларускага фронту Чырвонай арміі, функцыянэры польскай службы бясьпекі й жаўнеры польскай арміі затрымалі каля 1 700 жыхароў ваколіцаў гарадоў Аўгустаў і Сувалкі. Каля 600 зь іх былі расстраляныя саветамі. Да гэтай пары месца іх пахаваньня застаецца невядомым, паведамляе „Rzeczpospolita”.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт