Хоць беларусы ўжо й адчуваюць эканамічны крызыс, то паводле апытаньня Інстытуту Гэлапа, яны больш задаволены жыцьцём, чым, напрыклад, палякі.
Паводле дадзеных Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў зь Вільні, 80% беларусаў заяўляе, што не прыме ўдзелу ў акцыях пратэсту, нават калі б вынікі лістападаўскіх прэзыдэнцкіх выбараў былі фальсыфікаваныя. 51% выказваецца за палітычныя зьмены, але больш чым 46% хоча павелічэньня ролі дзяржавы. Падтрымку апазыцыі выказвае 20%, але ейным лідарам давярае ўсяго 3,5%, чытаем тыднёвіку „Polityka”.
У той жа час камэнтатары заўважаюць, што ў краіне фарміруецца новая апазыцыя ў дачыненьні да Аляксандра Лукашэнкі. Аднак яна не лібэральная й празаходняя, а прапуцінаўская. Паводле некаторых камэнтатараў, неўзабаве гэтая сіла можа стаць мацнейшай за „старую” апазыцыю.
„Нягледзячы на тое, што большасьць беларусаў выступае супраць аб'яднаньня з Расеяй, 20% грамадзтва лічыць, што Пуцін павінен быць прэзыдэнтам Беларусі. Што мы павінны быць разам з Расеяй. Так думаюць, у прыватнасьці, жыхары вёскі”, - тлумачыць Андрэй Дзьмітрыеў, старшыня грамадзянскай кампаніі „Гавары праўду”.
Паводле камэнтатараў, гэтую групу аб’ядноўвае расейская прапаганда. Паўсюдныя ў Беларусі расейскія СМІ палохаць беларусаў украінскім фашызмам.
Адначасова частка старых лідараў лічыць, што стаўку трэба рабіць на гэтую групу грамадзтва, якая ўзяла справы ў свае рукі, і не чакаючы дазволу Люкашэнкі, занялася бізнэсам. Гэта яна цяпер прадукуе амаль палову беларускага ВУП і выказвае незадаволенасьць дзяржавай, якая празьмерна ўмешваецца ў эканоміку.
„Зразумела, гэтыя людзі хочуць зьменаў, але іншых, чым ва Ўкраіне. Не шляхам „Майдана” й барацьбы”, - канстатуе Андрэй Дзьмітрыеў, у размове з тыднёвікам „Polityka”.
аз