Начныя ваўкі праехалі празь Беларусь
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
27.04.2015 13:37
У панядзелак яны павінны ўехаць на тэрыторыю Польшчы, але польскія ўлады забаранілі ім уезд у краіну.
wikimedia.com
Матацыклісты з клюбу “Начныя ваўкі” ў суботу выехалі з Масквы, у нядзелю яны былі ў Беларусі, а ў панядзелак павінны даехаць да польскай мяжы – чытаем у выданьні Gazeta Wyborcza. Байкеры без праблем уехалі на тэрыторыю Беларусі. У нас няма падставаў, каб іх не ўпускаць, але калі Польшча забароніць уезд, нам прыйдзецца іх вярнуць зь мяжы – паведаміў прэс-сакратар Дзяржаўнага памежнага камітэта Аляксандар Цішчанка.
Рэйд Масква – Бэрлін, прысьвечаны 70-ай гадавіне перамогі над Гітлерам выклікае ў Польшчы вялікія эмоцыі па прычыне заангажаваньня сябраў клюбу ў падзеі ва Ўкраіне. Яго лідар Залдастанаў знаходзіцца ў сьпісе асобаў, ахопленых санкцыямі. Траса рэйду вядзе празь Беларусь, Польшчу, Славаччыну, Чэхію, Аўстрыю. Мэта - нямецкі Бэрлін. Улады Нямеччыны анулявалі дзесяці байкерам візы, паколькі ў візавых анкетах былі парушэньні.
Беларускія клюбы матацыклістаў, якія пераважна ахвотна ўдзельнічаюць у мерапрыемствах расейцаў, на гэты раз паставіліся да рэйду даволі холадна. Як заявіў кіраўнік беларускага клюбу Дзьмітры Сьцепаненка, яны не ўдзельнічаюць у палітычных мерапрыемствах. Начныя ваўкі наведалі Хатынь і Курган Славы пад Менскам. Ноччу на Кургане паявіліся беларускія і ўкраінскія сьцягі і транспаранты “Акупанты – вон з Беларусі!”.
Паводле неафіцыйнай інфармацыі Gazety Wyborczej, на ўзроўні польскага ўраду было прынятае рашэньне, што ўсе асобы са сьпісу, які прадставіў расейскі бок Польшчы, будуць затрыманыя на беларуска-польскай мяжы.
Камэнтар на тэму праезду начных ваўкоў зьмяшчае ў выданьні Яцэк Жакоўскі. “Я ня думаю, каб звычайныя людзі ў Польшчы і Расеі маглі атрымаць карысьць ад таго, што польскія ўлады разьдзьмулі канфлікт – піша ён. Таму лепш было б, калі б нашыя палітыкі рэагавалі спакайней. Група байкераў не пагражае Польшчы. Яны праехалі б пад эскортам, і ўсё”.
Gazeta Wyborcza/нг