15-га красавіка ня стала айца Аляксандра Надсана. Беларускі грэка-каталіцкі сьвятар, апостальскі візытатар для беларусаў-каталікоў замежжа памёр у Лёндане. Айцец Аляскандар быў першым сьвятаром, які пачаў рэгулярна выкарыстоўваць беларускую мову ў багаслужэньнях. Дзякуючы айцу паўстаў найбуйнейшы фонд беларусазнаўчай літаратуры за мяжой — лёнданская Скарынаўская бібліятэка. Айцец Аляксандар быў рухавіком беларускіх колаў у Вялікабрытаніі: гэта менавіта ён стварыў Згуртаваньне беларусаў Вялікабытаніі. Родную Беларусь айцец Аляксандар змог наведаць толькі праз 50 гадоў жыцьця ў эміграцыі. Раней ён часта наведваў беларусаў у Польшчы. У Варшаве айцец заўсёды затрымліваўся ў навуковых супрацоўнікаў Варшаўскага ўнівэрсытэту, прафэсараў Ніны й Аляксандра Баршчэўскіх.
Ніна Баршчэўская, дасьледчыца беларускай эміграцыйнай літаратуры: Мы сапраўды, добра ведалі айца Алеся, бо так мы яго называлі заўсёды. І гэта трагічная вестка, якая прыйшла, што яго няма сярод нас і больш не пачуем яго спэцыфічнай мовы.
Айцец Алесь, магчыма, таму спачатку прыяжджаў у Польшчу, што ня мог паехаць у Беларусь. Відаць, Падляшша зьяўляецца такім месцам, якое нагадвае Беларусь. А потым, даволі часта наведваў Беларусь. Я ведаю, што ён вельмі актыўна ўключыўся ў дапамогу чарнобыльскім дзецям. Ён празь мяжу вёз на мікрааўтобусе лекі неабходныя для Беларусі. Ён таксама запрашаў у Англію дзетак, якія пацярпелі ў выніку чарнобыльскай аварыі. Айцец Алесь хацеў і любіў дзяліцца з іншымі.
Айцец быў надзвычай працавіты і яму ўдалося столькі шмат зрабіць у жыцьці. Гэта і бібліятэка, і грэка-каталіцкая царква, і беларускі музэй. Усё было на ягонай галаве. Бібліятэка імя Францішка Скарыны агромністая. Там знаходзяцца і кнігі, і пэрыёдыка беларускай эміграцыі. Я была пад вялікім уражаньнем, што ён дасканала арыентаваўся ў гэтых агромністых зборах, не заўсёды добра апісаных.
Многія з гэтых кніг айцец Алесь прывёз сам з розных краін ад Амэрыкі па Аўстралію. Ён езьдзіў на розныя аўкцыёны, калі ведаў, што там ёсьць каштоўныя кнігі для Беларусі, і плаціў за гэтыя кнігі вялікія грошы, але ён ведаў, што гэта будзе служыць многім пакаленьням беларусаў.
Айцец Алесь быў вельмі працавіты. Ён працаваў дзень і ноч. Я ня ведаю, як можна так працаваць. Ён аўтар ня толькі багаслоўных перакладаў, аўтар кніг як, напрыклад, „Біскуп Чэслаў Сіповіч- сьвятар і беларус”. Таксама кнігі пра Марыю Магдаліну Радзівіл і яе дачыненьне да ўзнаўленьня ўніяцтва ў Беларусі. Айцец Алесь стараўся таксама зацікавіць Беларусьсю карэнных англічан. Ён жа прыцягнуў такіх вядомых сёньня ў Белярусі асоб як Джэймс Дынглі, які быў шматгадовым рэдактарам агнла-беларускагачасопіса.
Мне запамятаўся мой першы досьвед з „тарашкевіцай”. Як я першы раз прыехала ў Лёндан, (гэта былі васьмідзедзесятыя гады) айцец Алесь даў мне да праверкі свой тэкст. І я яму ўсе мягкія знакі выкрэсьліла і падумала „Айцец Алесь зрабіў столькі памылак!” Потым мы да гэтага вельмі часта вярталіся і сьмяяліся, калі я ўжо сама пачала пісаць і выкарыстоўваць „тарашкевіцу”.
Айца Алеся я ўспамінаю як знакамітага кухара. Ён вельмі смачна рыхтаваў ежу. Ён ня еў мяса, быў вегетарыянцам, але ўся гэтая ежа была вельмі смачная. І несумненна гэта ўплывала, бо калі айцец Алесь прыязджаў, мы заўсёды стараліся прымаць яго так, каб не абражаць ягонага падыходу да ягонага здаровага харчаваньня і да іншых жывых істот.
Адзначым, што Айцец Аляксандар некалькі гадоў, пакуль быў у сілах, на хвалях Польскага радыё на Каляды і на Вялікдзень зьвяртаўся да нашых слухачоў са сьвяточнымі віншаваньнямі.
яс