Скандынавія разварочваецца ў бок NATO
PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz
11.04.2015 14:23
Агрэсіўная палітыка Расеі ўсё мацней штурхае краіны Паўночнай Эўропы да ўмацаваньня абаронных сувязяў.
Тэму асьвятляе штодзёнка “Gazeta Wyborcza”.
На мінулым тыдні міністры абароны Швэцыі, Фінляндыі, Нарвэгіі ды Даніі, а таксама міністар замежных спраў Ісьляндыі заявілі пра паглыбленьне супрацоўніцтва ў абшары бясьпекі. Краіны будуць цяпер ладзіць сумесныя вайсковыя вучэньні, дзяліцца досьведам у барацьбе з кібэратакамі, разьвіваць прамысловыя сувязі, а таксама абменьвацца выведкавай інфармацыяй. Гэтыя краіны зьбіраюцца перадаваць адзін аднаму інфармацыю пра кожны рух у паветранай прасторы, каб зьменшыць рызыку нечаканай атакі ды непаразуменьняў. Газэта зазначае, што ўрады скандынаўскіх краін не ўтойваюць таго, што іх штурхае да паглыбленай супрацы. Гэта расейская агрэсія супраць Украіны, нелегальная анэксія Крыма з парушэньнем міжнароднага права. Скандынавы лічаць, што паводзіны Крамля ўяўляюць сёньня найбольшую пагрозу бясьпецы Эўропы.
У адказ на гэта ўрады паўночных краін заклікаюць ЭЗ ды NATO да большай салідарнасьці ды паглыбленага супрацоўніцтва, піша польскае выданьне.
юл