Logo Polskiego Radia
Print

Грэх сужыцельства

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 04.04.2015 10:00
Польскія законы даюць парам альтэрнатыву без выбару: або шлюб, або нічога.

Цягам апошняга дзесяцігодзьдзя колькасьць людзей, якія жывуць у грамадзянскім шлюбе, вырасла ў два разы. Ужо больш за 20% дзяцей нараджаецца па-за афіцыйнымі сужонствамі. Пераломным аказаўся 2013 год, калі колькасьць афіцыйна заключаных шлюбаў была самая нізкая ад канца Другой сусьветнай вайны, паведамляе тыднёвік „Polityka”.

Ёсьць некалькі прычын гэткай сытуацыі: дэмаграфічны спад, эміграцыя, але й сацыяльныя пераўтварэньні. Сацыяльнае табу было парушанае ўжо даўно: развод – гэта паўсядзённая рэчаіснасьць, пазашлюбнае дзіця - больш не байструк, а жыцьцё бяз шлюбу больш не выклікае жаху.

Зь іншага боку, інстытут сужонства ўсё больш не супадае з актуальнай сацыяльнай рэчаіснасьцю. Сучасныя муж і жонка сталі больш незалежнымі й патрабавальнымі, а мужчыны менш упэўненыя. Цяпер ключавыя словы - гэта індывідуалізм, самарэалізацыя й свабода. Маналіт традыцыйнай сям'і быў разрушаны, а людзі шукаюць у жыцьці свой уласны шлях.

62% сужыцеляў ніколі раней не жылі ў фармальным шлюбе. Спэцыялісты тлумачаць, што цяпер дарослае жыцьцё пачынае пакаленьне, для якога развод бацькoў - гэта жахлівы, але таксама паўсюдны досьвед. Маладым людзям не хапае пачуцьця бясьпекі й стабільнасьці. Яны ня ведаюць, дзе будуць працаваць ці пражываць празь некалькі гадоў.

Тым часам традыцыйнае сужонства ўсё часьцей не супадае з сучаснай мадэльлю жыцьця. Яно нават выклікае боязі перад гэткім відам стабільнасьці, якая перакрывае іншыя жыцьцёвыя шляхі, забірае свабоду. Усё часьцей маладыя людзі лічаць сужонства пасткай. Таму яны выбіраюць свабодныя сувязі, якія не зьвязаныя з пачуцьцём, што гэта назаўсёды.

У сваю чаргу другая па колькасьці група асобаў, якія выбіраюць жыцьцё бяз шлюбу, гэта разводнікі. Яны складаюць 28% асобаў, якія пражываюць ў сужыцельстве.

У большасьці эўрапейскіх краінаў заканадаўства падрабязна вырашае пытаньні, зьвязаныя з грамадзянскім шлюбам. Тым часам у польскім заканадаўстве не існуе нават тэрміну сужыцельства. Пара жыве сумесна, завяла дзяцей, інвэстуе у нерухомасьць, аплочвае рахункі, але польскае падаткавае заканадаўства ўспрымае яе як дваіх чужых адзін аднаму людзей.

З аднаго боку адсутнасьць супольнай маёмасьці прычыняецца да таго, што сужыцелям лягчэй разыйсьціся – яны могуць пазьбегнуць працэсу й судовых коштаў. Але калі яны разыходзяцца ў канфлікце, то адзін з бакоў можа застацца пазбаўленым сваёй маёмасьці ды з пачуцьцём страчаных гадоў.

Таму сужыцелі часта рашаюцца ўсяць фармальны шлюб, калі яны завядуць дзяцей і хочуць стабілізаваць сваю сытуацыю.

Дзяржава прывыкла да сужонстваў. Гэта ў іх аспэкце ўзьнікала падаткавае, крымінальнае й цывільнае заканадаўства. Але ў міжчасе людзi пачалі жыць па-другому. Грамадзянскія шлюбы сталі распаўсюджанай зьявай і нельга больш робіць выгляд, што ў грамадзтве нічога не памянялася, канстатуе тыднёвік „Polityka”.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт