Польскія дарогі не спалучаюць краіны з суседзямі
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
19.03.2015 15:04
Пакуль невялікія шанцы на рэалізацыю праекту будаўніцтва аўтамагістралі A2 у напрамку Беларусі.
У наступным годзе Генэральная дырэкцыя нацыянальных дарог і аўтамагістраляў плянуе завяршыць будаўніцтва апошняга ўчастка аўтастрады А4 на поўдні краіны. Гэтай дарогай можна будзе праехаць Польшчу ад мяжы зь Нямеччынай да мяжы з Украінай. На польскім баку ўжо пабудавалі новы памежны пераход, але ён яшчэ доўга ня будзе выкарыстоўвацца, паколькі па ўкраінскім баку будаўніцтва аўтастрады М10, то бок прадаўжэньня польскай хуткаснай дарогі A4, яшчэ не пачалося, паведамляе выданьне „Dziennik Gazeta Prawna”.
Пляны па будаўніцтве 85 кілямэтраў аўтамагістралі ад мяжы з Польшчай да Львова, былі амбітныя. У 2010 годзе ў Львове па гэтай справе прайшла нават сустрэча віцэ-прэм’ераў Польшчы й Ўкраіны. Быў закладзены краевугольны камень. Аднак праз год будаўніцтва было прыпыненае з-за адсутнасьці грошай.
Паводле дзяржаўнай праграмы дарожнага будаўніцтва ў гады 2014-2020, невялікія шанцы мае таксама праект будаўніцтва аўтамагістралі A2 у бок мяжы зь Беларусьсю. Да 2020 году ўрад плянуе рэалізаваць толькі 15-кілямэтровы ўчастак ад Варшавы да Мінска Мазавецкага. У сваю чаргу ўчастак да гораду Седльцэ й Тарэспаль апынуліся ў рэзэрвным сьпісе.
Паводле Адрыяна Фургальскага з Групы эканамічных дарадцаў „TOR”, гэта правільнае рашэньне, паколькі транзыт па аўтастрадзе A2 на Ўсход Эўропы - гэта міт. Як тлумачыць экспэрт, у большасьці рух грузавікоў спыняецца на лініі Віслы й далей ідзе праз тэрыторыю Летувы.
„Таму трэба будаваць дарогі менавіта ў гэтым напрамку”, - кажа Адрыян Фургальскі. Дарэчы, усе недабудаваныя ўчасткі хуткасных дарогаў, якія ўвойдуць у састаў аўтамагістрамі „Via Baltica” ў напрамку Летувы, знаходзяцца ў асноўным сьпісе праектаў да рэалізацыі.
У сваю чаргу з расейскай Калінінградзкай вобласьцю Польшча наладзіла выгаднае дарожнае спалучэньне яшчэ ў 2008 годзе, калі былі здадзеныя ў эксплюатацыю 50 кілямэтраў хуткаснай трасы S22 з Эльблёнга да Гжэхоткі.
Нявырашаным застаецца пытаньне дарожнага спалучэньня з Чэхіяй. Хоць польскі ўрад абвясьціў тэндэр на будаўніцтва трасы з Легніцы ў напрамку чэскай мяжы, то дарога пакуль да самой мяжы даходзіць ня будзе, паколькі чэскія суседзі не выяўляюць намеру прадаўжаць гэты маршрут. Пакуль найлепш выглядаюць дарожныя спалучэньні Польшчы зь Нямеччынай, канстатуе выданьне „Dziennik Gazeta Prawna”.
аз