Logo Polskiego Radia
Print

Спыніць сэксуальнае дамагальніцтва

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 17.03.2015 15:44
  • Адно зь пяці.mp3
Адно зь пяці дзяцей у Эўропе падвяргаецца сэксуальнаму гвалту. Пра гэта сьведчаць дадзеныя Фундацыі „Нічые дзеці”.

Ахвярамі сэксуальнага дамагальніцтва зьяўляюцца таксама малыя дзеці. Злачынцы выкарыстоўваюць іх бездапаможнасьць, паслухмянасьць і пакорнасьць.

Паводле супрацоўнікаў фонду, гэтую зьяву можна прадухіліць. Як гэта зрабіць? Адказам на гэтае пытаньне зьяўляецца найноўшая кампанія фундацыі, арганізаваная ў рамках агульнаэўрапейскай акцыі Рады Эўропы.

Прычыненьне шкоды дзецям – гэта вельмі сур'ёзная й распаўсюджаная праблема. Паводле Фонду „Нічые дзеці”, кожны дзень тысячы наймалодшых становяцца ахвярамі жорсткага абыходжаньня ў фізычным, псыхічным, а таксама сэксуальным аспэкце.

Дарослыя выкарыстоўваюць малодшых таксама ў камэрцыйных мэтах, як жабрацтва, прымусовая праца ці прастытуцыя.

Маштаб дзіцячай крыўды ў Польшчы выклікае непакой. Кожны год расьце колькасць непаўналетніх ахвяр зьдзеку над сям'ёй, парушэньня фізычнай недатыкальнасьці ці сэксуальнага дамагальніцтва.

У гады 2003-2010 у Польшчы больш чым у 4 разы вырасла колькасьць дзяцей, якія пацярпелі ад гэткіх злачынстваў.

Але рост злачынстваў у дачыненьні да дзяцей назіраецца ня толькі ў Польшчы. Паводле Фонду „Нічые дзеці”, сэксуальнаму дамагальніцтву падвяргаецца адно зь пяці дзяцей у Эўропе.

Менавіта таму барацьба з насільлем і гвалтам у дачыненьні да дзяцей – гэта задача ўсяго грамадзтва. Па гэтай справе важнае ня толькі ўсьведамленьне бацькоў, апекуноў й спэцыялістаў, але таксама ўражлівасьць і рэакцыя сьведкаў.

Марта Скяркоўска з фонду „Нічые дзеці” пераконвае, што ў прадухіленьні злачынстваў у дачыненьні да дзяцей вельмі важную ролю выконваюць бацькі.

Марта Скяркоўска: Калі гаворка ідзе пра прадухіленьне выпадкаў сэксуальнага дамагальніцтва, то ў штодзённых адносінах гаворка не ідзе пра тое, каб непасрэдна „палохаць” дзяцей словамі „сэксуальнае дамагальніцтва” ці „сэкс”. Тут гаворка ідзе пра штодзённыя, простыя размовы пра бясьпеку. Такім чынам можна замацаваць самаацэнку дзяцей і перадаць ім шмат інфармацыяў, неабходных дзеля вызначэньня небясьпечных сытуацый і адпаведнай рэакцыі на іх.

Трэба цікавіцца тым, што робяць нашыя дзеці й шмат зь імі размаўляць, паколькі, як кажа Марта Скяркоўска, сэксуальнае дамагальніцтва выклікае вельмі сур'ёзныя наступствы.

Марта Скяркоўска: Гэта наступствы, зьвязаныя з дэпрэсіяй ці іншымі псыхічнымі расстройствамі. Аднак самае сур’ёзнае, да чаго прычыняецца гэткага віду насільле, гэта фундамэнтальнае парушэньне даверу ў дачыненьні да сьвету. Гэта адлюстыроўваецца ў дарослым жыцьці ў цяжкасьці будаваньня міжчалавечых адносінаў. Ахвярам цяжка пазьней ствараць адносіны зь другім чалавекам і праводзіць задавальняючае жыцьцё.

У Варшаве ўжо некалькі дзён вісяць рэкламныя шчыты, якія паказваюць маштаб зьявы сэксуальнага дамагальніцтва ў дачыненьні да дзяцей.

Марта Скяркоўска: Спачатку мы хочам зацікавіць бацькоў, а пазьней мы будзем падказваць ім, што трэба зрабіць, дамо ім адпаведныя адукацыйныя прылады. Кожны бацька малога дзіцяці зможа шмат чаго на гэтую тэму даведацца.

Разам з грамадзкай кампаніяй, якая праходзіць пад лёзунгам „1 з 5” стартаваў таксама адпаведны сайт. Акцыя адрасаваная ў першую чаргу да бацькоў і спэцыялістаў (настаўнікаў, выхавальнікаў, псыхолягаў). Ейная мэта – адукацыя па пытаньнях аховы дзяцей і дапамогі дзецям, якія зьяўляюцца ахвярамі сэксуальнага дамагальніцтва.

У рамках інаўгурацыі кампаніі ў аўторак ў Варшаве прайшоў адмысловы сэмінар для спэцыялістаў, якія знаёміліся з мэтадамі прадухіленьня сэксуальнага дамагальніцтва ў дачыненьні да дзяцей, маштабам праблемы й адукацыйнымі прыладамі.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт